Комплекс віленскіх замкаў
Комплекс віленскіх замкаў | |
---|---|
Вільня, Літва | |
Каардынаты | 54°41′12″ пн. ш. 25°17′27″ у. д.HGЯO |
Гады будаўніцтва | Часткі замка — у 10 стагоддзі |
Матэрыялы | Камень, цэгла, дрэва |
Перыяд эксплуатацыі | Для абароны — з 10 да 17 стагоддзяў |
У кіраванні | Вялікае Княства Літоўскае, Расійская імперыя |
Комплекс віленскіх замкаў (літ.: Vilniaus pilių kompleksas або па-літоўску: Vilniaus pilys) — група культурных і гістарычных пабудоў, размешчаных на левым беразе Віліі, каля яе злучэння з ракой Вільняй, у Вільні. Збудаванні, якія ўзводзіліся цягам 10—18 стагоддзяў, з'яўляліся аднымі з асноўных абарончых збудаванняў Вялікага Княства Літоўскага[1].
Комплекс складаўся з трох замкаў: Верхняга, Ніжняга і Крывога (літ.: Kreivoji pilis). Крывы замак быў спалены дашчэнту Тэўтонскім ордэнам у 1390 годзе і больш ніколі не аднаўляўся[2]. Пасля 1390 года на віленскія замкі некалькі разоў ажыццяўляў напады Тэўтонскі ордэн, але ніводны з іх не скончыўся ўзяццем усяго комплексу. Упершыню замкі былі заваяваны цалкам у 1655 годзе ў выніку бітвы пад Вільняй.[3] У хуткім часе пасля гэтага замкі, якія былі істотна разбураныя, страцілі сваю значнасць, а шмат будынкаў сталі закінутымі. Падчас трох падзелаў Рэчы Паспалітай[4][5] некалькі гістарычных будынкаў комплексу былі знішчаны; шмат іншых былі пашкошжаны падчас будаўніцтва крэпасці ў 19 стагоддзі.
Сёння ўцалелая вежа Гедзіміна з'яўляецца сімвалам Вільні.[6][7] Штогод 1 студзеня сцяг Літвы ўздымаюць над вежай у гонар Дня сцяга Літвы. Комплекс замкаў з'яўляецца часткай Нацыянальнага музею Літвы, аднаго з найбуйнейшых музеяў краіны.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]- ХІ ст. заснаванне паселішча і драўлянага замка крывічамі.
- 1323 — першае ўзгадванне мураванага замка Гедзіміна. Пач. XIV ст. — Дольны замак абнесены мураванымі сценамі і вежамі. 1419 — моцны пажар, пасля якога Горні замак быў капітальна перабудаваны Вітаўтам. XVI ст. — у Дольным замку на месцы гатычнага велікакняжацкага палаца збудаваны шыкоўны гмах у стылі рэнесанс.
- 1655 — замкі занчна пашкоджаны маскоўскім войскам. 1800—1801 — велікакняжацкі палац знесены расійскімі ўладамі. 1831 — муры і шмат пабудоў Дольняга замка разбурана ў выніку будаўніцтва расійскімі ўладамі фартыфікацыі.
- 1864 — на тэрыторыі Горняга замка, дзе размяшчаўся расійскі гарнізон пасля павешання быў таемна пахаваны Кастусь Каліноўскі, кіраўнік нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863—1864 гг. на Літве (Беларусі).
- пач. XX ст. — кансервацыя руін Горняга замка, вежы Гедзіміна. 1948—1950 — рэстаўрацыя вежы Гедзіміна, адкрыццё музея
Горні замак
[правіць | правіць зыходнік]Узвядзенне мураванага замка ў Вільні распачаў Гедзімін, адначасова з пераносам сюды сталіцы ВКЛ. Першай была збудавана магутная вежа на ўсходнім баку замкавай гары, якая пазней атрымала назву вежа Гедзіміна.
У часы Вітаўта быў збудаваны шыкоўны гатычны палац і скончана будаўніцтва мураваных абарончых муроў і вежаў, з якіх толькі вежа Гедзіміна захавалася да сёння, ад усіх астатніх збудаванняў засталіся толькі рэшткі.
Дольны замак
[правіць | правіць зыходнік]Віленскі Дольны, або Ніжні замак — самы развіты абарончы і прэзентабельны комплекс ВКЛ. Велікакняжацкі палац, Трыбунал ВКЛ, палац Віленска архібіскупа, кафедральны касцёл, якія размяшчаліся на яго тэрыторыі, падкрэслівалі яго цэнтральнае значэнне ў палітычным жыцці ВКЛ.
Дольны замак уяўляў сабой складаны комплекс абарончых, сакральных і грамадскіх пабудоў, абнесены амаль кіламетровай сцяной з магутнымі вежамі. Да нашага часу ад яго захаваліся будынкі старога і новага арсеналаў а таксама адна з абарончых вежаў прыстасаваная пазней пад званіцу кафедральнага касцёла.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- ↑ XIV-XVII a. Vilniaus pilių istorija (літ.)
- ↑ Lietuvos pilys ir jų panaudojimo kultūriniam turizmui galimybės // Lietuvos muziejų asocijacija (літ.)
- ↑ Adolfas Šapoka. Lietuvos istorija. Vilnius, 1989, ISBN 5420006316. p. 326 (літ.)
- ↑ Vilniaus Žemutinės pilies Valdovų rūmai // Voruta, 2003 (літ.)
- ↑ Lenore Grenoble. Language Policy in the Soviet Union. Kluwer Academic Publishers, 2003, ISBN 1402012985, p. 104 (англ.)
- ↑ Daniel J. Walkowitz, Lisa Maya Knauer. Memory and the impact of political transformation in public space, Duke University Press, 2004, pp. 174–175. ISBN 9780822333647 (англ.)
- ↑ Visiting Vlinius Архівавана 27 лютага 2009. // Lithuanian Department of Statistics (англ.)
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Комплекс віленскіх замкаў на Вікісховішчы |