Леанард Рачыцкі
Леанард Рачыцкі | |
---|---|
польск.: Leonard Rzeczycki | |
| |
Дата нараджэння | 1 сакавіка 1901 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 22 студзеня 1978 (76 гадоў) |
Месца смерці |
Леанард Рачыцкі (польск.: Leonard Rzeczycki; 1 сакавіка 1901, фальварак Белае, Дзісенскі павет, Віленская губерня, Расійская імперыя — 22 студзеня 1978, Свябодзін, Польская Народная Рэспубліка) — глыбоцкі краязнаўца, фатограф, чыноўнік Дзісненскай павятовай адміністрацыі ў Глыбокім.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Жыццё ў Глыбокім
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся 1 сакавіка 1901 года[1]. Паходзіў з фальварка Белае ля Падсвілля, з сям’і засцянковай шляхты. Жыў з сям’ёй у Глыбокім па вуліцы Габрыэля Нарутовіча ў «калоніі ўраднікаў». Працаваў адміністрацыйным сакратаром у павятовай адміністрацыі.
Аўтар шматлікіх краязнаўчых фатаграфій з жыцця Глыбокага 1920-1930-х гадоў. Яго здымкі сталіся відарысамі для вялікай колькасці глыбоцкіх паштовак выданняў 1920-1930-х гг. Здымкі Леанарда Рачыцкага з калекцыі Глыбоцкага гісторыка-краязнаўчага музея і прыватных збораў выкарыстоўваюцца ў кніжнай і сувенірнай прадукцыі ў якасці ілюстрацый.
Пасля уз’яднання Заходняй Беларусі з БССР, 3 красавіка 1940 года Леанард Рачыцкі, як колішні супрацоўнік польскай павятовай адміністрацыі, быў арыштаваны органамі НКУС БССР і змешчаны ў турму ў Беразвеччы, пасля пераведзены ў Вілейку. Рашэннем «тройкі» асуджаны да 8 гадоў лагераў. Быў высланы на поўнач СССР у раён Архангельска. Змяшчаўся ў Ануфрыеўцы і 105-м Лагпункту. Сям’я Леанарда Рачыцкага, як сям’я «ворага народу»: жонка Вера (у дзявоцтве Дрозд), дочкі — дзесяцігадовая Соф’я і трохгадовая Ірына былі высланыя ў Казахстан.
Вайсковы шлях
[правіць | правіць зыходнік]Пасля германскага ўварвання ў СССР — 30 ліпеня 1941 года генерал Уладзіслаў Сікорскі падпісаў з І. М. Майскім, савецкім амбасадарам у Англіі, умову з СССР пра аднаўленне дыпламатычных адносінаў і пакт аб стварэнні Войска Польскага на Усходзе. У 1941—1942 гадах Сікорскі ўдзельнічаў у стварэнні польскіх вайсковых фармацый генерала Уладзіслава Андэрса, якія фармаваліся ў раёне Бузулука і пасля перакінутыя на Блізкі Усход. Гэтая вестка дайшла і да рэпрэсаванага Леанарда Рачыцкага, які меў пэўныя праблемы са здароўем (хворыя ныркі). Каб не памерці ад хвароб і знясілення ў ГУЛАГу, Рачыцкі ўступіў ў польскі корпус генерала Андэрса. Па дарозе ў Бузулук, дзе фармавалася Войска Польскае, наведаў сяло Ермак Паўладарскай вобласці Казахстана, дзе ў высылцы знаходзілася жонка і дзве дачкі. Сям’я жыла ў поўнай галечы, галадала.
Праз Іран, Палестыну, Егіпет, Паўднёвую Афрыку, Шатландыю Леанард Рачыцкі трапіў у 1-ю бронетанкавую дывізію брыгаднага генерала Станіслава Мачка. Служыў камандзірам узвода. Вайсковы шлях праходзіў па тэрыторыі Францыі, Бельгіі, Галандыі і Нямеччыны. Удзельнічаў у шматлікіх баях. Зрабіў некалькі сотняў фотаздымкаў польскіх жаўнераў. Са жніўня 1944 года ваяваў у Нармандыі. Браў удзел у бітве пад Каннамі. У красавіку 1945 года цяжка паранены, пасля шпіталя праходзіў рэабілітацыю ў Англіі.
Пасляваеннае жыццё
[правіць | правіць зыходнік]У канцы 1947 года Леанард Рачыцкі прыехаў на сталае жыхарства ў Польшчу да сваёй сям’і, якая ў 1946 годзе, пасля высылкі ў Казахстан, атрымала дазвол на пераезд у Польшчу. У 1948 годзе сям’я Рачыцкіх пасялілася ў Свябодзіне, дзе Леанард Рачыцкі працаваў у старостве.
Памёр 22 студзеня 1978 года[1] ў Свябодзіне.
Леанард Рачыцкі напісаў рукапіс успамінаў, які ў 2008 годзе яго дочкі Соф’я Пякарская і Ірына Рачыцкая, са здымкамі бацькі, выдалі кнігай «Татуся, стукаюць…», Свябодзін, 2008 («Tatusiu, pukają…»). Назва кнігі — гэта вобраз, які адбівае лад жыцця ў Глыбокім у першыя месяцы савецкай улады, чаканне арышту і грукання ў дзверы НКУСаўцаў.
Узнагароды
[правіць | правіць зыходнік]Да Дня незалежнасці Польшчы ў 1937 годзе быў уганараваны срэбным Крыжам заслугі.
Вайсковыя ўзнагароды: польскія — Бронзавы Крыж Заслугі з Мячамі, брытанскія — Вайсковы Медаль 1939/45; Медаль за Абарону Францыі і Нямеччыны — Зорка 1939/45 Зорка. Па вяртанні ў Польшчу атрымаў: Медаль Перамогі і Свабоды 1945, нагрудны Знак Грунвальда.