Ліля Карастаянава
Ліля Карастаянава | |
---|---|
Дата нараджэння | 30 мая 1917 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 6 лютага 1943 (25 гадоў) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Месца працы | |
Грамадзянства | |
Прыналежнасць | СССР |
Узнагароды і званні |
Ліля Карастаянава (30 мая 1917, горад Лом, Балгарыя — 6 лютага 1943, вёска Будзішча, Чачэрскі раён, Гомельская вобласць, БССР) — савецкая журналістка балгарскага паходжання. Атрымала вядомасць як удзельнік партызанскага руху на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзілася ў 1917 годзе ў Балгарыі ў сям'і прыхільнікаў камуністычнай ідэалогіі. У 1923 годзе бацькі Лілі прымаюць актыўны ўдзел у Вераснёўскім паўстанні, пасля якога сям'я апынулася ў зняволенні. У канцы 1923 года бацька Лілі быў прыгавораны да пакарання смерцю і растраляны ў Ломе[1].
У 1927 годзе савецкія дыпламаты вывезлі Лілю разам з маці і сястрой Аленай у СССР па праграме спасення дзяцей камуністаў краін Захаду, якія загінулі. Пазней маці зноў накіравалася ў Еўропу, а Ліля з сястрой засталіся ў СССР[1]. Ліля жыла ў Маскве, у сям'і вядомага грамадскага дзеяча Е. М. Яраслаўскага. У 1938 годзе яна пачала працаваць журналістам у газеце Камсамольская праўда. Пазней пабралася шлюбам і нарадзіла сына.
Пасля пачатку вайны у 1941 годзе муж Лілі быў мабілізаваны, а сына разам з дзіцячым садком накіравалі ў эвакуацыю ў Сібір. Сама Ліля працавала ў Волагдзе ў рэдакцыі газеты «Усё для горада Леніна!» (Волагда з'яўлялася асноўным транзітна-размеркавальным пунктам эвакуацыі людзей з блакаднага Ленінграда.
Летам 1942 года Карастаянава вяртаецца ў Маскву на ранейшае месца працы ў «Камсамольскай праўдзе». Неўзабаве яна атрымлівае вестку аб гібелі мужа на фронце, і пасля адпаведнай падрыхтоўкі ў складзе арганізатарскай групы НКУС накіроўваецца за лінію фронту ў партызанскі атрад (пазней злучэнне) А. Ф. Фёдарава. У складзе атрада удзельнічала ў мностве дыверсій на тэрыторыі Бранскай і Гомельскай абласцей, працавала ў рэдакцыі падпольнай газеты «Балшавік».
Забіта 6 студзеня 1943 года падчас бою з нямецкімі войскамі каля вёскі Будзішча. Была пахаваная ў брацкай магіле ў Чачэрску. Была пасмяротна ўзнагароджана ордэнам Айчыннай вайны II ступені[2], медалём «Партызану Айчыннай вайны» I ступені і балгарскім ордэнам «Народна свабода» I ступені[1].
Памяць
[правіць | правіць зыходнік]- Імем Л. Карастаянавай названыя вуліцы ў Мінске, Гомеле, Чачэрску (завулак), Бярдзічаве.
- На радзіме Лілі Карастаянавай у балгарскім горадзе Лом у яе гонар усталяваны абеліск.
- Сярэдняя школа №1 горада Чачэрска носіць імя Л. Карастаянавай.
- Лёсу сям’і Карастаянавых быў прысвечаны савецка-балгарскі 4-серыйны мастацкі фільм рэжысёра Н. Машчанка «Карастаянавы» (1983). Эпізод яе ўдзелу ў партызанскім атрадзе А. Фёдарава адлюстраваны таксама ў мастацкім фільме «Падпольны абкам дзейнічае» (1978).
Зноскі
- ↑ а б в "Военный корреспондент Лилия Карастоянова"(руск.). Праверана 2017-09-17.
- ↑ КАРАСТОЯНОВА Лилия Александровна | Will-remember.ru(недаступная спасылка). will-remember.ru. Архівавана з першакрыніцы 28 жніўня 2017. Праверана 8 ліпеня 2017.