Магілёўская мужчынская гімназія
Магілёўская мужчынская гімназія | |
---|---|
Заснавана | 15 верасня 1809 |
Тып | гімназія |
Адрас | Магілёў, вул. Ветраная (сучасная вул. Ленінская, 41) |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Магілёўская мужчынская гімназія (Магілёўская мужчынская гімназія імя імператара Аляксандра I Віленскай навучальнай акругі[1]) — сярэдняя навучальная ўстанова ў Магілёве ў часы Расійскай імперыі. Пасля рэвалюцыі 1917 года гімназія была ператворана ў школу 2-й ступені. У 1920-х гадах яна была беларускай, з 1928 года — яўрэйскай, з 1938 гадоў — ізноў беларускай, але з рускай мовай навучання.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Да ўваходжання магілёўскіх зямель у склад Расійскай імперыі (1772) тут не было дзяржаўных школ; яны належалі або праваслаўнай, або каталіцкай царкве. Першай казённай навучальнай установай стала, адкрытае ў 1789 годзе, Галоўнае народнае вучылішча. 15 верасня 1809 года Магілёўскае Галоўнае народнае вучылішча было ўрачыста ператворана ў мужчынскую гімназію з 3-х класаў. Амаль усе настаўнікі і вучні вучылішча ўвайшлі ў склад гімназіі: памяшканне засталося ранейшае — тры старыя будынкі, якія належалі гораду.
Першы выпуск гімназіі адбыўся ў 1814 годзе: ён складаўся з аднаго вучня — Якава Бышэўскага; на наступны год выпускнікоў было двое: Кандрат Грум (Кандрат Іванавіч Грум-Гржымайла) — будучы ўрач, выдавец медыцынскай газеты «Друг здоровья», аўтар шэрагу кніг па доглядзе здароўя дзіцяці, і Аляксандр Рагунскі. У 1819 годзе гімназію скончыў Міхаіл Врончанка.
У 1825 годзе ў гімназіі дзевяць настаўнікаў навучалі ўсяго 34 чалавекі. З пераўтварэннем гімназіі па Статуце 1828 года апекуном новай навучальнай акругі былі ўзбуджаны ўзмоцненыя хадайніцтвы перад ваенным міністрам аб перадачы гімназіі будынка Галоўнай кватэры 1-й Арміі, пераведзенай у пачатку 1830 года ў Кіеў. У выніку, у канцы лета 1830 года гімназія перасялілася ў саступленыя ёй будынкі — двухпавярховы мураваны дом і дзевяць драўляных флігеляў, на лепшай гарадской вуліцы, у цэнтры горада[2]. Разам з ёю ў гэтых жа будынках размясціліся павятовае вучылішча і ланкастэрская школа. Гімназія стала сямікласнай і колькасць навучэнцаў пачала рэзка расці: у 1836 годзе ў ёй навучалася ўжо 292 чалавекі, а ў 1846 годзе — 462; галоўным чынам гэта былі дзеці дваран. Акрамя таго, у 1838 годзе пры гімназіі быў адкрыты пансіён для навучэнцаў-дваран. Аднак у 1844 годзе ў выпуску быў ізноў адзін навучэнец — Адам Віскоўскі. З выпускнікоў гэтага перыяду вядомасць атрымалі Васіль Бардоўскі (вып. 1826), Іван Лазарэвіч (вып. 1846) і Канстанцін Гартынскі (вып. 1847), а таксама тайныя саветнікі — Мікалай Маскальскі (вып. 1850) і Станіслаў Мілер (вып. 1855).
Паўстанне 1863 года захапіла і Магілёўскую гімназію. Рапарты дырэктара таго перыяду, якія захаваліся ў архіве, поўныя роспачы, бяссілля навесці хоць які-небудзь парадак. Гімназія была часова закрыта, частка настаўнікаў звольнена, частка арыштавана. Новы дырэктар гімназіі ўзмацніў нагляд за вучнямі. У той час тут вучыліся: рэвалюцыянер-народнік Сяргей Кавалік (вып. 1865) і сенатар Іван Файніцкі (вып. 1864, з залатым медалём), будучы першы прэзідэнт сената Тэрыторыя Гаваі Мікалай Судзілоўскі і астраном Дзмітрый Дубяга (абодва скончылі гімназію з залатымі медалямі ў 1868 годзе).
Навучэнцы гімназіі
[правіць | правіць зыходнік]У Магілёўскай гімназіі вучыліся таксама будучыя выдаўцы шматтомнага энцыклапедычнага слоўніка браты Аляксандр і Ігнацій Гранат, медыкі Ерафей Касценіч і Мікалай Стальмаховіч (абодва — вып. 1876), генералы Міхаіл Чарняеў і Іван Дружына-Арцёмавіч (вып. 1874), рознабаковы навуковец і даследчык Поўначы Ота Шміт, геолагі Аляксандр Карнажыцкі (вып. 1885, з залатым медалём) і Міхаіл Грамыка (вып. 1885), матэматык Айзік Лур’е (вып. 1886, з сярэбраным медалём), юрыст Мікалай Краўчанка[3] (вып. 1899), рэвалюцыянеры Рыгор Ісаеў (вып. 1876) і Панцеляймон Лепяшынскі (вып. 1886), а таксама бацька Л. Д. Ландау — Давыд Львовіч Ландау (вып. 1884, з залатым медалём) і бацька М. М. Красцінскага — заслуж. выкладчык 2-й Віленскай гімназіі М. Красцінскі, С. Л. Вайцяхоўскі (1912—1915).
Дырэктары
[правіць | правіць зыходнік]- 1808—1815 Сампсон Васілевіч Цвяткоўскі
- 1815—1819 Ермалай Васілевіч Грыневіч (да 1816 года выкладаў у гімназіі ўсеагульную гісторыю, а таксама геаграфію і статыстыку)
- 1819—1825 Герасім Марцінавіч Кутневіч (адначасова выкладаў польскую літаратуру)
- 1825—1833 Пётр Мікалаевіч Кашко
- 1833—1844 Васіль Васілевіч Кіслоў
- 1834—1837 Ірадзіён Якаўлевіч Вятрынскі
- 1837—1839 Павел Восіпавіч Скарабелі[4]
- 1839—1850 Веніямін Сцяпанавіч Пакроўскі
- 1850—1851 Міхаіл Кірылавіч Івашчанка
- 1851—1853 Васіль Аляксеевіч Мадэстаў
- 1853—1857 Акім Герасімавіч Андрыеўскі
- 1857—1861 Міхаіл Максімавіч Богаяўленскі
- 1861—1862 Пётр Мікалаевіч Яніш
- 1862—1867 Андрэй Іванавіч Глушыцкі
- 1867—1872 Мікалай Міхайлавіч Арнольд
- 1872—1876 Іван Васілевіч Каленка
- 1876—1886 Мацвей Васілевіч Фурсаў
- 1886—1891 Мікалай Андрэевіч Ада
- 1891—1896 Аляксандр Фаўставіч Пігулеўскі
- 1896 — жнівень 1918 Іван Уладзіміравіч Свірэлін
Зноскі
- ↑ Могилевская мужская гимназия им. императора Александра I Виленского учебного округа . Информация о фонде. НИАБ. Архівавана з першакрыніцы 25 студзеня 2013. Праверана 27 снежня 2012.
- ↑ Будынак па вул. Ленінскай (былая вул. Ветраная), займала школа № 3.
- ↑ Гл. «Материалы к истории литературы международного права в России (1647—1917) Архівавана 4 сакавіка 2016.»
- ↑ Павел Іосіфавіч Скарабелі (Скарабелі) Архівавана 27 лістапада 2016.