Майшагала
Мястэчка
| ||||||||||||||||||||||
Майшагала (літ.: Maišiagala), традыцыйная беларуская назва Майшагола, або Мейшагола[1] — колішні горад, цяпер мястэчка ў Вільнюскім раёне Вільнюскага павета Літвы, на рацэ Муса. Адміністрацыйны цэнтр Майшагальскай сянюніі. Насельніцтва 1634 чал. (2001).
Знаходзіцца за 25 км на поўнач ад Вільнюса, каля аўтамабільнай дарогі Вільнюс — Панявежыс.
Назва
[правіць | правіць зыходнік]Назва Майшагала — складанаўтвораная, другі складнік ад літоўскага galas "канец, край". Такога ж утварэння гістарычныя назвы Латгалія ("край латаў"), Зямгалія ("паўночны край").
З так жа сама ўтвораных літоўскіх тапонімаў Майшагала найбольш вынесеная на ўсход. Усе іншыя (Арогала і іншыя тыпу Betygala, Vandžiogala) утвораныя ад аднаасноўных імёнаў, тыпу Arys, Betys, Vandys.
У назве Майшагала першы складнік таксама ад імені, тыпу Maišys. У гэтым імені аснова Mai-, вядомая і з двухасноўных балцка-літоўскіх імёнаў (як Mai-dar'as, Mai-taut'as), і антрапанімічны суфікс -š- (як у адыменных назвах Рукшы, Вейшычы, ад Rukšis, Vaišis).
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Першы меркаваны пісьмовы ўспамін пра Майшаголу, яшчэ ў часы да хросту Літвы, датуецца 1254 годам, тут быў драўляны княжацкі замак і «вясковы двор» (паводле падання).
Да 1365 года адносіцца першы дакладны ўспамін пра Майшаголу[1], калі крыжакі спалілі аднайменныя двор і замак. У 1377 годзе пасля адмовы ад стальцу на карысць свайго сына Ягайлы ў Майшаголе жыў і памёр у глыбокай старасці вялікі князь Альгерд; як сведчаць летапісныя крыніцы, тут ён быў пахаваны паводле паганскіх звычаяў.
У канцы XV стагоддзя вялікі князь Аляксандр фундаваў будаўніцтва касцёла Найсв. Тройцы, а Станіслаў і Шымон Багдановічы ў 1495 ахвяравалі сродкі на стварэнне ў ім алтара; алтар рабіў майстар «Пётр Алтарыста». У 1503 годзе вялікі князь Аляксандр надаў гораду прывілей на пэўныя вольнасці, пацверджаны 27 снежня 1571 года Жыгімонтам Аўгустам. У XVI стагоддзі дзяржаўцам майшагольскім быў староста гарадзенскі Юрай Мікалаевіч, князь Радзівіл; ён лічыўся таксама і «гараднічым майшагольскага двара яго каралеўскай міласці».[2]
У 1773—1775 гадах вальны сойм прыняў рашэнне пра перадачу Майшаголы і шэрагу іншых старостваў віленскаму біскупу Масальскаму ў абмен на Ляхавіцкае староства, якое мела на той час добра ўмацаваны замак. У 1789 годзе ў Майшаголе было 35 дымоў (каля 245 жыхароў[1]).
23 лютага 1792 года кароль Станіслаў Аўгуст надаў гораду прывілей на Магдэбургскае права і герб «у чорным полі выява святога Антонія»; гэтым прывілеем усе юрыдыкі ў Майшаголе скасоўваліся і падпарадкоўваліся магістрату, мяшчанам прадпісвалася збудаваць у месце ратуш, цагельню для паспалітых патрэбаў і гасціны двор для заезных купцоў[2]. У 1795 годзе ў выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай была далучаная да складу Расійскай імперыі.
У канцы ХІХ стагоддзя ў мястэчку было 59 дамоў і 715 жыхароў.
Ужо ў пачатку XX стагоддзя, калі меркаваць паводле этнаграфічнай карты Яўхіма Карскага, на захадзе ад Майшаголы магла фіксавацца астраўная прысутнасць беларускай мовы, што сведчыла пра павольнае пасоўванне моўнай славянізацыі літоўскамоўнага насельніцтва і далей за Вільню.
У лістападзе-снежні 1905 года мясцовыя жыхары на час адсунулі ад кіравання прызначаную рускімі адміністрацыю "Мейшагольская Рэспубліка", у гэтых падзеях удзельнічаў 20-гадовы Алесь Бурбіс.
У 1919-1920 гадах каля Майшагалы адбыліся баі паміж войскамі Літвы і Польшчы. У 1920 годзе Майшагала была далучаная да "Сярэдняй Літвы" Л. Жалігоўскага, у 1922—1939 гадах у складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, сядзіба аднайменнай гміны.
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]- Гарадзішча.
- Касцёл Унебаўзяцця Найсв. Дзевы Марыі (1865).
- Могілкі: ваенныя германскія часоў Першай сусветнай вайны, яўрэйскія, каталіцкія, старыя каталіцкія.
- Сядзіба Гоўвальтаў.
Зноскі
- ↑ а б в ЭнцВКЛ 2010.
- ↑ а б Мейшагола // Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — 287 с. — ISBN 985-07-0131-5.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Мейшагола // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2010. — Т. 3: Дадатак. А — Я. — С. 347. — 696 с. — ISBN 978-985-11-0487-7 (т. 3), ISBN 985-11-0315-2.
- Мейшагола // Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — 287 с. — ISBN 985-07-0131-5.
- Mejszagoła // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VI: Malczyce — Netreba (польск.). — Warszawa, 1885. S. 243—244
- Мейшагола // Майшагала // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Майшагала
- м. Майшагала на Radzima.org
- Майшагала на сайце Электронная энцыклапедыя «Вялікае Княства Літоўскае»