Перайсці да зместу

Мугат

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Мугат
Жанчына-мугат у Казані
Агульная колькасць каля 8000 (2015 г.)
Рэгіёны пражывання  Узбекістан (2000 г.) — 5000 [1]

 Таджыкістан (2010 г.) — 2334 [2]
 Кыргызстан (2009 г.) — 600[3]

Мова мугат
Рэлігія іслам
Блізкія этнічныя групы дом

Муга́т (ад перс.: مغان "магі"), таксама вядомыя як люлі і джугі (ад араб. غربات‎‎ "самотны") — індаеўрапейскі народ паўднёваазіяцкага паходжання ў Сярэдняй Азіі. Атаесамляюцца з сярэднеазіяцкімі цыганамі. Кампактна жывуць на поўдні Узбекістана, Таджыкістана і Кыргызстана. У выніку міграцый канца XX ст. - пачатку XXI ст. некаторыя групы мугат пасяліліся ў Расіі і іншых краінах СНД.

Большасць мугат лічаць сябе тубыльцамі Сярэдняй Азіі. Распаўсюджаны версіі пра тое, што яны з'яўляюцца нашчадкамі палонных або служак з Індыі, захопленых у сярэднявеччы цюркскімі заваёўнікамі[4]. Блізкасць іх роднай мовы да дамары можа сведчыць аб адзіным паходжанні мугат і дом.

Да сярэдзіны XX ст. мугат вялі качавы або паўкачавы лад жыцця. Займаліся дробным рамяством, жабрацтвам, гаданнем, арганізоўвалі забавы. Так, у канцы XIX ст. у раёне Самарканда жыло каля 500 мугат. Вялікую частку года яны вандравалі асобнымі табарамі, ад 10 да 20 шатроў у кожным. Узімку арандавалі хаты ці гаспадарчыя пабудовы ў мясцовых жыхароў. Галоўнымі заняткамі былі конегадоўля, апрацоўка драўніны, жабрацтва, магія[5]. У Ташкенце да нашых дзён існуе асобны квартал Люлі-махаля[6], дзе сяліліся мугат. Звычай ранніх эндагамных шлюбаў на прадстаўніцах свайго народа садзейнічаў адасабленню мугат ад суседніх народаў. Абмежаваны арэал качэўяў прывёў да ўзнікнення тэрытарыяльных груп накшталт куканіхо, самаркандыхо, бухарагі. Акрамя таго, захоўваліся сямейныя і патранімічныя абшчыны тупар[7].

З другой паловы XX ст. сяліліся на сталае месца жыхарства каля буйных гарадоў, аднак захоўвалі многія старыя звычаі. Улетку на дварах выстаўлялі намёты, практыкавалі раннія шлюбы, займаліся жывёлагадоўляй. У нашы дні мугат звычайна трымаюць дробную гаспадарку, займаюцца зборам сыравіны для ўтылізацыі, жабрацтвам, рамонтам старых рэчаў і г. д.

Большасць вернікаў спавядае іслам.

Мова мугат належыць да арыйскай моўнай групы, утрымоўвае вялікую колькасць слоў цюркскага, іранскага, арабскага паходжання. Шырока распаўсюджана выкарыстанне таджыкскай мовы.

Зноскі

  1. Народы Узбекистана: Цыгане среднеазиатские(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 7 лістапада 2017. Праверана 21 верасня 2016.
  2. stat.tj(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 14 кастрычніка 2013. Праверана 21 верасня 2016.
  3. П.И.Дятленко, РУССКИЙ ЯЗЫК В КИРГИЗСТАНЕ: СОВРЕМЕННОЕ ПОЛОЖЕНИЕ, ТРЕНДЫ И ПЕРСПЕКТИВЫ
  4. Цыгане-люли: Музыкальный талант, секретный язык и перспективы на будущее
  5. Узбекистан: Нищих нет, все счастливы и иногда сыты (видео)
  6. Мой Узбекистан - Люли
  7. Николай Бессонов, Среднеазиатские цыгане и их кочевье по России(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 1 лютага 2017. Праверана 23 верасня 2016.
  • Elena Marushiakova, Vesselin Popov. Gypsies of Central Asia and Caucasus. — London: Palgrave Macmillan, 2016.