Мы выйдзем шчыльнымі радамі
Мы выйдзем шчыльнымі радамі | |
---|---|
Мы выйдзем шчыльнымі радамі | |
My vyjdziem ščylnymi radami | |
Аўтар слоў | Краўцоў Макар, 30 кастрычніка 1919 |
Кампазітар | Уладзімір Тэраўскі, 1919 |
Краіна | Беларуская Народная Рэспубліка |
Мы выйдзем шчыльнымі радамі — гімн Беларускай Народнай Рэспублікі, словы Краўцова Макара, музыка Уладзіміра Тэраўскага.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Верш Макара Краўцова «Ваяцкі марш» апублікаваны 30 кастрычніка 1919 года ў газеце «Беларусь», музыку гімна напісаў Уладзімір Тэраўскі. Як гімн Беларускай Народнай Рэспублікі прыняты ў 1920 годзе, калі дзяржава дэ-факта ўжо не існавала, а яе кіраўніцтва знаходзілася ў выгнанні.
У «Беларускім спеўніку» (1921)[1] Уладзіміра Тэраўскага радок «Штандарт наш бел-чырвона-белы» заменены на «Свабодны сцяг, штандарт чырвоны». Ноты выдання набіраліся раней, яно рыхтавалася ў 1920 годзе секцыяй Беларускай вайсковай камісіі, таму на загад цэнзараў згадку бел-чырвона-белы сцяга друкарня зафарбавала чорным.
Гімнам актыўна карысталіся арганізацыі беларускай дыяспары, якія стаялі на незалежніцкіх пазіцыях.
У 1991 годзе, пасля аднаўлення незалежнасці Беларусі, было прапанавана зрабіць «Ваяцкі марш» дзяржаўным гімнам, разам з аднаўленнем герба «Пагоня» і бел-чырвона-белага сцяга як дзяржаўных сімвалаў. З публічным зваротам наконт гэтага выступілі вядомыя літаратары Васіль Быкаў, Алесь Адамовіч і Рыгор Барадулін[2].
Сёння марш мае пэўную папулярнасць у асяродку беларускай дэмакратычнай апазіцыі і рэгулярна называецца сярод альтэрнатыў афіцыйнаму гімну Беларусі[3][4].
У 2020 годзе гімн увайшоў у патрыятычны музычны альбом «Годныя песні» Вольнага хору[5]. Актыўна выкарыстоўваецца ў час пратэстаў 2020—2021 гадоў у Беларусі.
-
Макар Краўцоў, словы
-
Уладзімір Васілевіч Тэраўскі, музыка
Тэкст
[правіць | правіць зыходнік]Першапачатковы
[правіць | правіць зыходнік]
(запіс кірыліцай) Мы выйдзем шчыльнымі радамі |
(запіс лацінкай) My vyjdziem ščylnymi radami |
Варыяцыі
[правіць | правіць зыходнік]Мы выйдзем шчыльнымі радамі
На вольны родны наш прастор.
Хай воля вечна будзе з намі,
А гвалту мы дамо адпор!
Хай аджыве закамянелы
Наш беларускі вольны дух;
Штандар наш бел-чырвона-белы,
Пакрыў сабой народны рух!
На бой! За шчасце і за волю
Народу слаўнага свайго!
Браты, цярпелі мы даволі.
На Волю! — усе да аднаго!
Імя і сілу беларуса
Няхай пачуе й бачыць той,
Хто смее нам нясці прымусы
І першы выкліча на бой.
Браты, да шчасця мы падходзім:
Хай гром грыміць яшчэ мацней!
У крывавых муках мы адродзім
Жыццё Рэспублікі сваей!
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Ўл. Тэрраўскі Беларускі сьпеўнік з нотамі на 3 галаса паводле народных мэлёдый. — Менск, 1921. — С. 58.
- ↑ Сяргей Навумчык. Дзевяноста першы. — Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2013 — с. 414
- ↑ http://nashaniva.by/?c=ar&i=60220 Архівавана 5 лістапада 2013.
- ↑ http://nashaniva.by/?c=ar&i=107965 Архівавана 5 лістапада 2013.
- ↑ «Вольны хор» прэзентаваў унікальны альбом «Годныя песні». 16-11-2020