Нахічэвань-на-Доне
Населены пункт
| ||||||||||||||
Нахічэва́нь-на-Доне (Нахічэван, арм.: Նոր Նախիջևան, [noɾ nɑχitʃʰɛˈvɑn]) — у мінулым горад на правым беразе ракі Дон, цяпер — частка Пралетарскага раёна горада Растова-на-Доне. Быў заснаваны армянамі, пераселенымі з Крыма па ўказе Кацярыны II ад 14 лістапада 1779 года. Адным з заснавальнікаў горада лічыцца князь Іосіф Аргуцінскі, у гонар якога ў 1999 годзе быў усталяваны помнік на плошчы Свабоды.
З 1928 года горад Нахічэвань-на-Доне стаў Пралетарскім раёнам горада Растова-на-Доне[1].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У 1779 годзе на ўсход ад крэпасці армяне (выхадцы з Крымскага паўвострава) заснавалі горад Нор-Нахічэван (прыстаўка нор- азначае новы). У распрацоўцы плана новага горада браў удзел вядомы рускі архітэктар І. Я. Староў[2]. 9 жніўня 1797 года крэпасць і Нахічэван увайшлі ў склад Растоўскага павета Новарасійскай губерні.
У 1838 годзе горад быў пераназваны ў Нахічэвань-на-Доне. Растова-Нахічэванская мяжа пралягала па сучасным Тэатральным праспекце.
Нахічэвань-на-Доне таксама ўлучала Каменку, частку цяперашняга Першамайскага раёна і Сурб Хач у Варашылаўскім. У наш час усе гэтыя тэрыторыі ў складзе горада Растова-на-Доне.
На гербе намаляваны шэсць залатых пчол і залаты вулей. Пчолы паказваюць на працавітасць, а вулей — на здабыццё новай радзімы. Па адной з версій колькасць пчол азначае лік армянскіх селішчаў вакол горада, а вулей азначае саму Нахічэвань.
Да пачатку XIX стагоддзя Нахічэвань-на-Доне стаў рамесна-прамысловым і гандлёвым цэнтрам. У армянскіх паселішчах блізу горада развіваліся хлебаробства і гавядніцтва. Горад хутка пачаў забудоўвацца дамамі, майстэрнямі, грамадскімі будынкамі, размешчанымі на простых і шырокіх вуліцах. Першы храм — Сурб Аствацацын (найсвяцейшай Багародзіцы)— пабудавалі ў 1780 годзе. Усяго ў горадзе былі пабудаваны 6 армянскіх цэркваў, а ў прыгарадзе збудаваны манастыр Сурб Хач (Святога Крыжа). Перасяленцам была пададзена адносная аўтаномія. Апроч уласна горада Нор-Нахічэван, Васпані-імператрыцай Кацярынай Вялікай былі дараваны армянам прылеглыя да яго сёлы: Чалтыр, Крым, Султан-Салы, Вялікія Салы, Несвятай, Кацярынавар (цяпер Самбек). Гэтыя селішчы былі адміністрацыйна падначалены Нахічэвану. Цяпер гэта тэрыторыя Мяснікаўскага раёна (у гонар Мяснікяна) Растоўскай вобласці, дзе кампактна жывуць нахічэванскія ці, як іх яшчэ завуць, данскія армяне.
Дзейнічалі духоўная семінарыя, жаночыя і мужчынскія гімназіі, рамеснае і камерцыйнае вучылішчы. У 1900 годзе быў пабудаваны новы будынак гарадскога тэатра. Увогуле, у 1819 годзе ў горадзе дзейнічалі 9 дабрачынных і асветніцкіх устаноў.
26 лістапада (9 снежня) 1917 года[3] пад Нахічэванню адбыўся адзін з першых баёў Грамадзянскай вайны ў Расіі — казачыя часткі, юнкеры-данцы і юнкеры-добраахвотнікі спрабавалі выбіць з Растова-на-Доне прыхільнікаў бальшавікоў, якія паднялі ў Растове паўстанне і захапілі ў горадзе ўладу.
У 1928 годзе Нахічэвань-на-Доне быў скасаваны ў сувязі з уключэннем у склад Растова-на-Доне. Тым не менш, тапонім «Нахічэвань» працягвае неафіцыйна выкарыстоўвацца жыхарамі Растова ў дачыненні да адпаведнай часткі горада.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- ↑ Официальный портал городской Думы и Администрации Ростова-на-Дону(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 19 снежня 2013. Праверана 28 лютага 2017.
- ↑ Нор-Нахичеван (Новый Нахичевань)
- ↑ «Алексеевская организация» // Гражданская война и военная интервенция в СССР. Энциклопедия. М.: Советская энциклопедия, 1987, С. 31.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Нахичевань-на-Дону // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
- Краткая история донских армян. История Нахичевана Архівавана 8 мая 2013.
- Армяне на Дону
- Нахичевань-на-Дону 100 лет назад: статистические сведения о городе на 1904 год // Донской временник / Донская государственная публичная библиотека. Ростов-на-Дону, 1993—2014