Опаўскае княства
феод Багеміі | |||
Опаўскае княства | |||
---|---|---|---|
лац.: Ducatus Oppaviensis чэшск.: Opavské vévodství ням.: Herzogtum Troppau польск.: Księstwo Opawskie | |||
|
|||
|
|||
1269 — 1918
|
|||
Сталіца | Опава | ||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
О́паўскае княства (лац.: Ducatus Oppaviensis, чэшск.: Opavské vévodství), або Апа́ўскае княства (польск.: Księstwo Opawskie), або герцагства Тро́пау (ням.: Herzogtum Troppau) — княства, якое існавала ў Верхняй Сілезіі са сталіцай у горадзе Опава.
У 1269 годзе кароль Чэхіі Пржэмысл Отакар II узаконіў Мікулаша — свайго пазашлюбнага сына ад прыдворнай дамы Маргарэты фон Шуенрынг, і вылучыў для яго частку Маравіі са сталіцай у Опаве. Так утварылася Опаўскае княства, у якім кіравала галіна Пржэмыславічаў.
Пасля згасання роду Пржэмыславічаў багемскі сталец у 1310 годзе перайшоў да Люксембургскай дынастыі. У 1318 годзе кароль Іаан Люксембургскі пацвердзіў для Мікулаша II Пржэмыславіча правы на леннае валоданне Опаўскім княствам. Мікулаш II ажаніўся з Ганнай Раціборжскай, сястрой князя Лешака Раціборжскага (багемскага васала з 1327 года). Калі Лешак памёр бяздзетным у 1336 годзе, кароль Іаан перадаў Раціборжскае княства ў кіраванне Мікулашу II, і два княствы кіраваліся ў рамках асабістай уніі да смерці Мікулаша II у 1365 годзе, калі яго спадчыннікам стаў яго старэйшы сын Ян I.
У 1377 годзе Ян I ізноў падзяліў княствы Опаўскае, Раціборжскае і Крноўскае, і дараваў іх сваім зводным братам Мікулашу III, Вацлаву I і Пржэмыслу I. Нашчадкі Пржэмысла ў выніку прадалі свае часткі ў 1456 годзе каралю Іржы з Подзебрадаў. У 1462 годзе Іржы перадаў Опаўскае княства свайму сыну Віктарыну. Віктарыну прыйшлося ў 1485 годзе аддаць княства Мацьяшу Корвіну, які зрабіў князем свайго пазашлюбнага сына Янаша.
У 1506 годзе кароль Уласла II дараваў Опаву князю Казіміру II Цешынскаму, які ажаніўся з дачкой Віктарына з Подзебрадаў і кіраваў княствам да сваёй смерці ў 1528 годзе, пасля чаго яно зноў адышло да Багеміі. Тым часам, у 1521 годзе, у сувязі са смерцю Валянціна Раціборжскага ўся опаўская лінія Пржэмыславічаў цалкам згасла, і ўсе іх уладанні адышлі да Багемскай кароны, якая ў 1526 годзе перайшла да Габсбургскай манархіі. У 1614 годзе імператар Мацвей Габсбург дараваў тытул «герцага Тропау» князю Карлу Ліхтэнштэйну. Пасля бітвы на Белай Гары 1620 года князь Карл Ліхтэнштэйн атрымаў і Крноўскае княства, і з таго часу глава Ліхтэнштэйнскага дому носіць тытул «герцаг Тропау і Егердорфа».
У 1742 годзе, пасля Першай Сілезскай вайны княства апынулася падзеленым ізноў: частка, размешчаная на поўнач ад ракі Опава (з гарадамі Леабшуц і Нойштат-ін-Обершлезіен) адышла да каралеўства Прусія; частка ж, размешчаная на поўдзень ад ракі (з гарадамі Крноў, Фройдэнталь, Фульнек і ўласна Тропау) увайшла ў склад правінцыі Аўстрыйская Сілезія (з 1804 года — каронная зямля).
Опаўскія князі
[правіць | правіць зыходнік]- 1269—1308 — Мікулаш I Пржэмыславіч
- 1308—1311 — Баляслаў III Марнатравец
у 1311—1318 — у дамене Люксембургаў
- 1318—1365 — Мікулаш II
- 1365—1371 — Ян I Раціборжскі
- 1371—1381 — Вацлаў I Опаўскі (сумесна з братам Пржэмыслам)
- 1371—1433 — Пржэмысл I Опаўскі (да 1381 — сумесна з братам Вацлавам)
- 1433—1445 — Вацлаў II
- 1433—1437 — Мікулаш IV (сумесна з Вацлавам II)
- 1433—1452 — Вільгельм (сумесна з Вацлавам II)
- 1433—1456 — Эрнэст (да 1452 — разам з братамі, у 1456 прадаў княства чэшскаму каралю Іржы з Подзебрадаў)
- 1433—1456 — Пржэмысл II (сумесна з братам Эрнэстам, у 1456 прадаў княства чэшскаму каралю Іржы з Подзебрадаў);
- 1452—1456 — Фрыдрых, Вацлаў III і Пржэмысл III Малодшы (сыны Вільгельма, фармальныя саўладальнікі княства з Эрнэстам і Пржэмыслам II);
- 1462—1485 — Віктарын з Подзебрадаў, сын караля Іржы з Подзебрадаў, у 1465—1472 кіраваў сумесна з братамі Індржыхам I і Гінекам;
- 1485—1501 — Янаш Корвін, сын караля Мацьяша Корвіна