Перайсці да зместу

Павел Аляксандравіч Пернікаў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Павел Аляксандравіч Пернікаў
Род дзейнасці вікіпедыст, праваабаронца, менеджар, вязень сумлення
Дата нараджэння каля 1992[1]
Месца нараджэння
Грамадзянства
Альма-матар

Павел Аляксандравіч Пернікаў (нар. каля 1992) — праваабаронца, беларускі ўдзельнік Вікіпедыі, былы палітычны зняволены.

Пернікаў вучыўся ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце. У 2013 годзе ўдзельнічаў у конкурсе студэнцкіх прац да 20-годдзя Сусветнай канферэнцыі па правах чалавека  (руск.), атрымаў дыплом прадстаўніцтва ААН у Беларусі[2]. Займаўся праваабарончай дзейнасцю ў Брэсцкай вобласці[2]. Станам на 2021 год кіраваў прэс-цэнтрам Беларускай секцыі Міжнароднай супольнасці правоў чалавека[2].

25 жніўня 2014 года зарэгістраваўся ў Вікіпедыі, удзельнічаў пад імем Pr12402 у некалькіх раздзелах (у тым ліку ў двух раздзелах на беларускай мове). Зрабіў 84 тысячы правак. 27 снежня 2021 года з яго ўліковага запісу пачалі рабіць вандальныя праўкі. 28 снежня яго заблакіравалі з прычыны захопу ўліковага запісу або ўзлому пароля[2].

Палітычны пераслед

[правіць | правіць зыходнік]

28 сакавіка 2022 года пракуратура Брэсцкай вобласці паведаміла пра перадачу ў суд крымінальнай справы супраць затрыманага раней «30-гадовага непрацуючага жыхара Брэста П.», і ўдзельнікі Вікіпедыі апазналі ў ім Pr12402. Паводле абвінавачання, Пернікаў у 2020—2021 гадах рэдагаваў Вікіпедыю і напісаў матэрыял для сайта Міжнароднай супольнасці правоў чалавека і «прадставіў грамадскасці загадзя ілжывыя звесткі аб дзейнасці праваахоўных і дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь» і «перадаў загадзя ілжывыя звесткі аб датычнасці органаў улады Беларусі да забойства ў кастрычніку 2004 года журналісткі Веранікі Чаркасавай, а таксама да катаванняў і забойстваў людзей»[2][3]. Пернікава абвінавацілі па артыкуле 369-1 КК РБ «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»[2][3]. 29 сакавіка Брэсцкі абласны суд у закрытым рэжыме разглядаў скаргу Пернікава[2].

Паводле абвінавачання, Пернікаў дыскрэдытаваў дзяржаву ў Вікіпедыі рэдагаваннем двух артыкулаў Вікіпедыі на рускай мове (Цензура в Белоруссии і Список смертей, связанных с протестами в Белоруссии (2020—2021)) і аднаго артыкула на беларускай мове тарашкевіцай (Сьпіс загінулых падчас акцыяў пратэсту ў Беларусі (2020—2021)[4]). Ён дадаў у спіс загінулага берасцейца Генадзя Шутава, а ў артыкул пра цэнзуру дадаў згадку пра Вераніку Чаркасаву[4]. Пернікаў не адмаўляў, што менавіта ён рабіў гэтыя праўкі і працаваў над артыкулам для сайта Міжнароднай супольнасці правоў чалавека, але не прызнаў віну[4].

7 красавіка 2022 года суддзя суда Маскоўскага раёна Брэста Яўген Брэган прысудзіў Пернікава да двух гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму, што адпавядала просьбе пракурора Алены Ціхановіч[4][5]. 11 красавіка 2022 года пяць беларускіх арганізацый праваабаронцаў (Праваабарончы цэнтр «Вясна», Прававая ініцыятыва, Беларуская асацыяцыя журналістаў і іншыя) сумеснай заявай прызналі Пернікава палітычным зняволеным і заклікалі да неадкладнага вызвалення Пернікава і іншых беларускіх палітвязняў[6].

Адбываў пакаранне ў папраўчай калоніі № 15, вызваліўся цалкам адбыўшы тэрмін 28 жніўня 2023 года[7].

  1. https://mediazona.by/news/2022/03/28/wiki
  2. а б в г д е ё Захват аккаунта, вандальные правки, уголовное дело. Что известно о Павле Перникове — (как минимум) втором арестованном редакторе википедии из Беларуси(недаступная спасылка). mediazona.by (29 сакавіка 2022). Архівавана з першакрыніцы 21 красавіка 2022. Праверана 7 красавіка 2022.
  3. а б Прокуратура Брестской области: в суд направлено уголовное дело о дискредитации Республики Беларусь (28 сакавіка 2022). Праверана 7 красавіка 2022.(недаступная спасылка)
  4. а б в г Рэдактара Вікіпедыі асудзілі да двух гадоў калоніі за "дыскрэдытацыю Беларусі". Праваабарончы цэнтр «Вясна» (7 красавіка 2022). Праверана 7 красавіка 2022.
  5. Суд приговорил редактора википедии из Бреста Павла Перникова к 2 годам(недаступная спасылка). mediazona.by (7 красавіка 2022). Архівавана з першакрыніцы 7 красавіка 2022. Праверана 7 красавіка 2022.
  6. Заява праваабаронцаў Беларусі аб прызнанні 18 палітычных зняволеных
  7. Павел Пернікаў — Палітычныя вязні ў Беларусі. prisoners.spring96.org. Праверана 22 ліпеня 2024.