Перайсці да зместу

Прававая ініцыятыва (Беларусь)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Прававая ініцыятыва
Краіна
Тып арганізацыі праваабарончая арганізацыя[d]
Кіраўнік Вікторыя Фёдарава[d]
Заснаванне
Дата заснавання 1996
Галіна international activities[d]
legin.info

Прававая ініцыятыва[1] — праваабарончая арганізацыя, якая займаецца абаронай правоў чалавека ў Беларусі з 1996 года. Асноўныя кірункі дзейнасці — асвета ў галіне правоў чалавека і абарона пацярпелых ад парушэнняў правоў чалавека. У 2020 годзе «Прававая ініцыятыва» ініцыявала стварэнне спецпраекта «Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі»[2].

Мэты, задачы, кірункі дзейнасці

[правіць | правіць зыходнік]

«Прававая ініцыятыва» вылучае два ключавыя кірункі сваёй працы — абарона ахвяраў парушэння правоў чалавека і асвета ў галіне правоў чалавека.

Задачы арганізацыі
  • Асвета. «Прававая ініцыятыва» імкнецца павысіць узровень ведаў пра правы чалавека ў беларускім грамадстве. З гэтай мэтай арганізацыя рэгулярна праводзіць праваабарончыя курсы[3], трэнінгі, адукацыйныя мерапрыемствы[4], распаўсюджвае адукацыйныя матэрыялы, папулярызуе правы чалавека праз квізы[5] і гульнявыя фільмы[6], а таксама вядзе YouTube-канал[7] і сацыяльныя сеткі, дзе распавядае пра парушэнні правоў чалавека ў Беларусі.
  • Абарона пацярпелых парушэнняў правоў чалавека. «Прававая ініцыятыва» дапамагае пацярпелым ад катаванняў і жорсткага абыходжання абараніць свае правы, дае кансультацыйную і прававую падтрымку, а таксама прадстаўляе інтарэсы пацярпелых у нацыянальных і міжнародных інстанцыях.
  • Інфармаванне міжнародных арганізацый пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. «Прававая ініцыятыва» ажыццяўляе маніторынг парушэнняў правоў чалавека на тэрыторыі Беларусі і інфармуе пра гэта міжнародную супольнасць. З 2010 года арганізацыя факусуецца на парушэнні свабоды ад катаванняў і жорсткага абыходжання.

Ва ўсіх аспектах сваёй працы «Прававая ініцыятыва» прытрымлівацца асноўных прынцыпаў праваабарончай дзейнасці, акцэнтуючы ўвагу на неад’емнасці, непадзельнасці і ўніверсальнасці правоў чалавека, а таксама на неабходнасці захавання законнасці і справядлівасці[8].

«Прававая ініцыятыва» была заснаваная ў 1996 годзе беларускім праваабаронцам і грамадскім дзеячам Барысам Звозскавым.

З 2017 года і па сённяшні дзень старшынёй Прававой ініцыятывы з’яўляецца праваабаронца і юрыстка Вікторыя Фёдарава.

Да 2021 года арганізацыя вяла актыўную дзейнасць у Беларусі. Сярод кірункаў працы былі: маніторынг судоў і арміі, навучальныя курсы і трэнінгі, напісанне скаргаў у Камітэт ААН па правах чалавека, папулярызацыя правоў чалавека праз арганізацыю квізаў, квэстаў, праваабарончыя фільмы і відэа.

У 2020 годзе «Прававая ініцыятыва» ініцыявала стварэнне Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі. У заснаванні камітэта прынялі ўдзел беларускія і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі[9].

У сакавіку 2021 кіраўніцтва арганізацыі і частка актыўных чальцоў пакінулі Беларусь у сувязі з пераследам за праваабарончую дзейнасць. Арганізацыя працягнула сваю дзейнасць, а таксама дакументаванне гісторый пацярпелых ад масавых катаванняў. Нягледзячы на рэпрэсіі, арганізацыя працягвае працаваць.[10]

У чэрвені 2021 г. кіраўніцтва Прававой ініцыятывы зарэгістравала арганізацыю ў Літве VšĮ «Teisinė iniciatyva»[11].

У межах разгрому грамадскіх арганізацый у ліпені 2021 года прайшлі ператрусы ў шэрага сяброў кіраўніцтва Прававой ініцыятывы, у тым ліку па месцы рэгістрацыі старшыні Вікторыі Фёдаравай.

У ліпені 2021 года кіраўніцтва арганізацыі даведалася пра зварот Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь у Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь з пазовам пра прыпыненне дзейнасці арганізацыі. Кіраўніцтва арганізацыі выступіла з заявай пра пераслед урадам па палітычных матывах, а таксама што незалежна ад рашэння суда працягне праваабарончую дзейнасць.[10]

5 кастрычніка 2021 Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь ліквідаваў Прававую ініцыятыву[12].

Дзейнасць арганізацыі

[правіць | правіць зыходнік]

Абарона правоў чалавека ў Беларусі

[правіць | правіць зыходнік]

Да 2021 года арганізацыя вяла актыўную дзейнасць у межах Беларусі. Сярод кірункаў дзейнасці былі: маніторынг судоў і арміі, праваабарончыя курсы і трэнінгі, напісанне скаргаў у Камітэт ААН па правах чалавека, арганізацыя квізаў і квэстаў, здымка праваабарончых фільмаў і відэа. Візітнай карткай арганізацыі быў курс «Грамадзянін і следства» — пра тое, як паводзіць сябе на допыце[13].

Пасля 2020 года «Прававая ініцыятыва» выпускае справаздачу пра парушэнне правоў чалавека ў Беларусі. Так, у 2023 годзе была апублікаваная справаздача «Катаванні людзей ЛГБТК+ і гамафобная палітыка рэжыму», якая распавядае пра тое, як рэжым Лукашэнкі пераследуе прадстаўнікоў і прадстаўніц ЛГБТК+[14]. А таксама справаздача «Палітычныя забойствы і смерці праз віну рэжыму», якая сістэматызуе інфармацыю пра смерці праз віну рэжыму[15].

Супрацьдзеянне катаванням

[правіць | правіць зыходнік]

З 2010 года арганізацыя сістэмна займалася абаронай пацярпелых ад катаванняў і жорсткага, бесчалавечнага абыходжання праз абскарджанне на нацыянальным і міжнародным узроўні. Да таго як рэжым Лукашэнкі скасаваў магчымасць для беларусаў і беларусак падачу скаргаў у Камітэт па правах чалавека, прававой ініцыятывай было выйграна 2 справы — Павел Баркоўскі супраць Беларусі[16] і Ягор Баброў супраць Беларусі[17].

У 2020 годзе пасля пратэстаў, выкліканых фальсіфікацыяй прэзідэнцкіх выбараў і далейшай хвалі беспрэцэдэнтнага гвалту, «Прававая ініцыятыва» ініцыявала стварэнне Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі — спецыяльнага праекта, мэтай якога з’яўляецца задакументаваць як мага больш выпадкаў катаванняў і захаваць доказы злачынстваў рэжыму[18].

Таксама «Прававая ініцыятыва» з’яўляецца ініцыятарам альтэрнатыўнай справаздачы НДА ў Камітэт супраць катаванняў ААН[19].

Тыдзень супраць катаванняў

[правіць | правіць зыходнік]

«Тыдзень супраць катаванняў» — асветніцкая кампанія, якая рэалізуецца ў выглядзе штогадовага цыкла мерапрыемстваў, прысвечаных Міжнароднаму дню ў падтрымку пацярпелых ад катаванняў (26 чэрвеня)[20]. Мэта кампаніі — прыцягнуць увагу да катаванняў у Беларусі[21].

Да 2020 года мерапрыемствы праходзілі ў Беларусі. Пасля таго як арганізацыя вымушаная была пакінуць краіну з-за палітычнага пераследу, кампанія атрымала міжнародны ўзровень і праводзіцца ў Літве, Польшчы і іншых краінах.

Навучанне правам чалавека

[правіць | правіць зыходнік]

Адукацыя ў галіне правоў чалавека — адзін з ключавых кірункаў дзейнасці Прававой ініцыятывы. Арганізацыя рэгулярна праводзіць афлайн-курсы па правах чалавека, на якіх знаёміць праваабаронцаў, якія толькі пачынаюць, з базавымі прынцыпамі праваабарончай дзейнасці[22].

Акрамя гэтага, «Прававая ініцыятыва» ладзіць курсы і трэнінгі ў нестандартных фарматах, каб пашырыць аўдыторыю людзей, якія цікавяцца правамі чалавека. Так, напрыклад, арганізацыя ў 2023 годзе праводзіла «Кінатрэнінг», мэтай якога было навучыць удзельнікаў і ўдзельніц здымаць фільмы пра правы чалавека[23].

Папулярызацыя правоў чалавека

[правіць | правіць зыходнік]

Акрамя непасрэднага навучання правам чалавека арганізацыя прыкладае ўсе намаганні, каб папулярызаваць правы чалавека. На YouTube-канале арганізацыі, вакладаюцца фільмы і відэаролікі пра правы чалавека, праводзіць прамыя эфіры з экспертамі і эксперткамі[24].

Акрамя гэтага арганізацыя здымае інтэрактыўныя гульнявыя фільмы, прысвечаныя правам чалавека[25]. А ў 2018 годзе «Прававая ініцыятыва» зняла праваабарончы серыял «Степаныч»[26].

«Прававая ініцыятыва» таксама спецыялізуецца на напісанні і правядзенні квізаў па правах чалавека[27].

Міжнародная адвакацыя

[правіць | правіць зыходнік]

У межах міжнароднай адвакацыі «Прававая ініцыятыва» актыўна ўдзельнічае ў міжнародных форумах і мерапрыемствах для прыцягнення ўвагі да парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі.

На 52-й сесіі Рады па правах чалавека ААН Вікторыя Фёдарава, займаючы пазіцыю старшыні Прававой ініцыятывы і з’яўляючыся прадстаўніцай Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі, узняла пытанне пра крытычную сітуацыю з правамі чалавека ў краіне. Нягледзячы на раней выказаныя асцярогі Рады ў 2020 годзе, беларускія ўлады не зрабілі эфектыўных крокаў для паляпшэння сітуацыі. У сваім выступе Фёдарава ўказала на пагаршэнне крызісу ў галіне правоў чалавека ў 2022 годзе, уключаючы нармалізацыю катаванняў, масавы пераслед апазіцыйна настроеных грамадзян і падтрымку Беларуссю расійскай агрэсіі супраць Украіны[28].

У кастрычніку 2023 года на Канферэнцыі АБСЕ ў Варшаве Вікторыя Фёдарава выступіла з аналізам праблемы беспакаранасці ўладаў Лукашэнкі, што з’яўляецца перашкодай для спынення рэпрэсій, аднаўлення справядлівасці для ахвяраў і правядзення дэмакратычных пераўтварэнняў[29].

На форуме «Будучыня дэмакратыі» ў Вільні, які праходзіў 9-10 лістапада, Фёдарава звярнула ўвагу на патрэбы дэмакратычна актыўных грамадзянаў, якія працуюць ва ўмовах абмежаванняў, і абмеркавала метады міжнароднай падтрымкі ў крытычных сітуацыях[30].

«Прававая ініцыятыва» таксама актыўна займаецца падрыхтоўкай і прадстаўленнем дакладаў для міжнародных арганізацый, уключаючы Спецыяльнага дакладчыка па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, Спецыяльнага дакладчыка ААН па пытанні правоў на свабоду мірных сходаў і асацыяцый, Маскоўскі механізм АБСЕ[31] і Спецыяльнага дакладчыка ААН па пытанні катаванняў. Гэтыя даклады ахопліваюць шырокі спектр праблемаў, у тым ліку парушэнне права на свабоду ад катаванняў, бесчалавечнае абыходжанне, парушэнні правоў чалавека ў кантэксце вайны ва Украіне і сістэмныя перашкоды для судовай абароны ў Беларусі.

Такім чынам, «Прававая ініцыятыва» выкарыстоўвае міжнародныя платформы і механізмы для асвятлення парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, імкнучыся прыцягнуць увагу сусветнай супольнасці да крызісу правоў чалавека ў Беларусі.

Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі

[правіць | правіць зыходнік]

Дзейнасць Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі

[правіць | правіць зыходнік]

Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі — спецпраект Прававой ініцыятывы, заснаваны разам з беларускімі і міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі[32].

Пасля выбараў 2020 года Беларусь сутыкнулася з рэкордным узроўнем гвалту. З 9 па 12 жніўня толькі афіцыйна затрымалі больш за 3000 мірных пратэстоўцаў[33]. Дакладных лічбаў пра колькасць рэпрэсаваных за 2021 і 2022 год няма да гэтага часу, але лік ідзе на тысячы. Рэпрэсіі працягваюцца і пасля ўварвання Расіі ва Украіну. Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі быў заснаваны, каб фіксаваць выпадкі масавых катаванняў і не дапусціць беспакаранасці ў будучыні.

Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі працуе ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі і ўваходзіць у Міжнародную платформу падсправаздачнасці Беларусі (IAPB) — кааліцыю незалежных няўрадавых арганізацый, якія аб’ядналі намаганні для збору, кансалідацыі, праверкі і захавання доказаў грубых парушэнняў правоў чалавека, якія ўяўляюць сабой злачынствы па міжнародным праве, учыненыя беларускім урадам пасля фальсіфікацыі выбараў у 2020 годзе[34].

Асноўныя кірункі дзейнасці Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі
  • Дакументаванне выпадкаў катаванняў. Міжнародны камітэт імкнецца задакументаваць максімум выпадкаў катаванняў і жорсткага, бесчалавечнага абыходжання, каб захаваць доказы міжнародных злачынстваў у Беларусі да моманту, калі ў Беларусі стануць магчымымі справядлівыя суды і прыцягненне вінаватых да адказнасці.
  • Справаздачы і расследаванні. На аснове задакументаваных гісторый Міжнародны камітэт складае справаздачы і праводзіць грамадскія расследаванні. Мэта гэтага — сістэматызацыя парушэнняў правоў чалавека, стварэнне хронікі развіцця падзей і фіксацыя патэнцыйных злачынцаў.
  • Універсальная юрысдыкцыя. Міжнародны камітэт дапамагае пацярпелым пачаць расследаванне па іх справе ў іншай краіне з дапамогай механізма ўніверсальнай юрысдыкцыі. Цяпер такое расследаванне вядзецца ў Літве.

Справаздачы і расследаванні Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі

[правіць | правіць зыходнік]
Справаздачы і даклады
  1. «Масавыя катаванні ў Беларусі. Першая прамежкавая справаздача». У гэтай справаздачы прыводзіцца агляд сітуацыі ў Беларусі пасля фальсіфікацыі выбараў у 2020 годзе.[35]
  2. «Масавыя катаванні ў Беларусі. Другая прамежкавая справаздача». У гэтай справаздачы прыводзіцца агляд умоваў утрымання і абыходжання з затрыманымі па палітычных прычынах у верасні—лістападзе 2020 года.[36]
  3. «Масавыя катаванні ў Беларусі. Трэцяя прамежкавая справаздача». У гэтай справаздачы прыводзіцца агляд катаванняў і жорсткага абыходжання ў дачыненні да жанчын.[37]
  4. «Масавыя катаванні ў Беларусі 2020—2021». У гэтай справаздачы прыводзіцца агляд умоваў утрымання ў месцах несвабоды са жніўня 2020 года па травень 2021 года.[38]
  5. «Беларусь: злачынствы супраць чалавечнасці». У гэтай справаздачы даецца юрыдычная ацэнка злачынстваў, здзейсненых рэжымам Лукашэнкі.[39]
  6. «Беларусь: скаардынаваная палітыка катаванняў». У гэтай справаздачы прыводзіцца судова-медыцынская экспертыза 50 выпадкаў катаванняў.[40]
  7. «Беларускі ўдзел у вайне ва Украіне: рэжым і народ». У гэтай справаздачы прыводзіцца агляд антываенных дзеянняў грамадзянаў Беларусі і рэакцыя рэжыму Лукашэнкі на падтрымку Украіны.[41]
  8. «ГУБАЗіК — карнае падраздзяленне рэжыму па барацьбе з іншадумствам». У аснову даклада легла інфармацыя пра масавыя парушэнні правоў чалавека і злачынствы з боку сілавых органаў у Беларусі на працягу 2020—2022 гадоў.[42]
  9. «Катаванні ў Беларусі». У гэтым дакладзе даецца агляд сітуацыі крызісу правоў чалавека ў Беларусі напярэдадні прыняцця Камітэтам супраць катаванняў ААН спісу пытанняў да Рэспублікі Беларусь.[43]
Грамадскія расследаванні
  1. «Катаванні ў Фрунзенскім РУУС г. Мінска 9-12 жніўня 2020 года». У расследаванні апісваецца храналогія падзеяў у Фрунзенскім РУУС г. Мінска, якія адбываліся 9—12 жніўня 2020 года, прыводзіцца спіс патэнцыйных вінаватых і даецца прававая ацэнка іх дзеянням.[44]
  2. «Катаванні ў ЦІП Акрэсціна 9-14 жніўня 2020 года». У расследаванні апісваецца храналогія падзеяў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна ў г. Мінску, якія адбываліся 9—14 жніўня 2020 года, прыводзіцца спіс патэнцыйных вінаватых і даецца прававая ацэнка іх дзеянням.[45]
  3. «Катаванні ў Савецкім РУУС г. Мінска 9-13 жніўня 2020 года». У расследаванні апісваецца храналогія падзеяў у Савецкім РУУС г. Мінска, якія адбываліся 9—13 жніўня 2020 года, прыводзіцца спіс патэнцыйных вінаватых і даецца прававая ацэнка іх дзеянням.[46]
  4. «Катаванні ў Цэнтральным РУУС г. Мінска 9-13 жніўня 2020 года». У расследаванні апісваецца храналогія падзеяў у Цэнтральным РУУС г. Мінска, якія адбываліся 9—13 жніўня 2020 года, прыводзіцца спіс патэнцыйных вінаватых і даецца прававая ацэнка іх дзеянням.[47]
  1. Правовая инициатива (руск.). Правовая инициатива. Праверана 15 мая 2024.
  2. Міжнародны Камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі – 2020 – Фіксуем катаванні ў Беларусі. Больш фактаў і доказаў – больш вінаватых адкажуць за свае дзеянні.. torturesbelarus2020.org. Праверана 7 мая 2024.
  3. Образование (руск.). Правовая инициатива. Праверана 15 мая 2024.
  4. Курсы (руск.). Правовая инициатива. Праверана 15 мая 2024.
  5. Правомания. Квизы (руск.). game.legin.info. Праверана 15 мая 2024.
  6. Фильмы. Правомания (руск.). game.legin.info. Праверана 15 мая 2024.
  7. Правовая инициатива - YouTube. www.youtube.com. Праверана 15 мая 2024.
  8. Прынцыпы дзейнасці праваабаронцаў Беларусі.
  9. Стварэнне Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі .
  10. а б Заявление Правовой инициативы в связи с иском о приостановлении деятельности (руск.). Правовая инициатива. Праверана 15 мая 2024.
  11. Rekvizitai.lt. Teisinė iniciatyva (літ.). Rekvizitai.lt. Праверана 28 мая 2024.
  12. В Беларуси ликвидируют еще две правозащитные организации (руск.). Delfi RU. Праверана 15 мая 2024.
  13. Гражданин и Следствие. Онлайн-курс. (руск.)(недаступная спасылка). Правовая инициатива. Архівавана з першакрыніцы 16 мая 2024. Праверана 15 мая 2024.
  14. Отчет «Пытки людей ЛГБТК+ и гомофобная политика режима» (руск.). Правовая инициатива. Праверана 15 мая 2024.
  15. Политические убийства (руск.). Правовая инициатива. Праверана 15 мая 2024.
  16. Комитет по правам человека принял второе решение по нарушениям в ЦИП (руск.). Правовая инициатива. Праверана 15 мая 2024.
  17. комитет по правам человека впервые признал условия содержания в ципе бесчеловечными (руск.). Правовая инициатива. Праверана 15 мая 2024.
  18. Міжнародны Камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі – 2020 – Фіксуем катаванні ў Беларусі. Больш фактаў і доказаў – больш вінаватых адкажуць за свае дзеянні.. torturesbelarus2020.org. Праверана 15 мая 2024.
  19. Правозащитники представили альтернативный отчет в Комитете против пыток ООН (руск.). Правовая инициатива. Праверана 15 мая 2024.
  20. Nations, United. Международный день в поддержку жертв пыток | Организация Объединенных Наций (руск.). United Nations. Праверана 15 мая 2024.
  21. Программа недели против пыток 2022 (руск.). Правовая инициатива. Праверана 15 мая 2024.
  22. Образование (руск.). Правовая инициатива. Праверана 15 мая 2024.
  23. Правовая инициатива. МОВА 404* — фільм выпускнікоў і выпускніц КінаТрэнінгу Прававой ініцыятывы (25 снежня 2023). Праверана 28 мая 2024.
  24. Правовая инициатива - YouTube. www.youtube.com. Праверана 15 мая 2024.
  25. Фильмы. Правомания (руск.). game.legin.info. Праверана 15 мая 2024.
  26. Правовая инициатива. Степаныч | Серия 1 (31 мая 2019). Праверана 15 мая 2024.
  27. Правомания. Квесты и квизы (руск.). game.legin.info. Праверана 15 мая 2024.
  28. 52-я сессия Совета ООН по правам человека.
  29. Technical Difficulties (англ.). osce.usmission.gov. Праверана 15 мая 2024.
  30. Third Future of Democracy Forum takes place in Vilnius(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 16 мая 2024. Праверана 15 мая 2024.
  31. Московский механизм: «Доклад о серьезной угрозе человеческому измерению ОБСЕ в Беларуси с 5 ноября 2020 года.» (руск.). www.osce.org. Праверана 15 мая 2024.
  32. Міжнародны Камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі – 2020 – Фіксуем катаванні ў Беларусі. Больш фактаў і доказаў – больш вінаватых адкажуць за свае дзеянні.. torturesbelarus2020.org. Праверана 15 мая 2024.
  33. Список задержанных в Минске с 9 по 13 августа (руск.). spring96.org (12 жніўня 2020). Праверана 19 мая 2024.
  34. IAP Belarus - (руск.). IAP Belarus. Праверана 15 мая 2024.
  35. «Массовые пыти в Беларуси. Первый промежуточный отчет».
  36. «Массовые пытки в Беларуси. Второй промежуточный отчет».
  37. «Массовые пытки в Беларуси. Третий промежуточный отчет».
  38. «Массовые пытки в Беларуси 2020-2021».
  39. «Беларусь: преступления против человечности».
  40. «Беларусь: скоординированная политика пыток».
  41. БЕЛАРУСКІ ЎДЗЕЛ У ВАЙНЕ ВА ЎКРАІНЕ: РЭЖЫМ І НАРОД – Міжнародны Камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі – 2020. torturesbelarus2020.org. Праверана 15 мая 2024.
  42. ГУБАЗіК – карны падраздзел рэжыму па барацьбе з іншадумствам – Міжнародны Камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі – 2020. torturesbelarus2020.org. Праверана 15 мая 2024.
  43. «Пытки в Беларуси».
  44. Катаванні ва Фрунзенскім РУУС – Міжнародны Камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі – 2020. torturesbelarus2020.org. Праверана 15 мая 2024.
  45. «Вы здохнеце тут» – Міжнародны Камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі – 2020. torturesbelarus2020.org. Праверана 15 мая 2024.
  46. «Давай, давай, забівай! Вы што, забыліся, у якой краіне жывяце?»  – Міжнародны Камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі – 2020. torturesbelarus2020.org. Праверана 15 мая 2024.
  47. «Я ні разу не чуў, каб чалавека так мучылі. Праз аднаго хрысціліся ад гэтага крыку…» – Міжнародны Камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі – 2020. torturesbelarus2020.org. Праверана 15 мая 2024.