Паліандрыя
Паліандрыя (грэч. πολυανδρία літаральна «шматмужнасць») — від палігаміі, пры якой адна жанчына мае адначасова некалькіх мужоў.
Формы паліандрыі
[правіць | правіць зыходнік]Паліандрыя — даволі рэдкі від палігаміі. У чалавечых грамадствах ён звычайна сустракаецца ў некалькіх формах. Часцей за ўсё ў форме братэрскай або фратэрнальнай паліандрыі, калі некалькі братоў ладзяць шлюб з адной жанчынай. У рэдкіх выпадках за мужоў выступаюць іншыя сваякі (бацька і сыны, дзядзька і пляменнікі і г. д.). Звычайна мужчыны-сваякі вядуць да таго як узяць шлюб, адзіную гаспадарку ці рыхтуюцца прыняць адзіную спадчыну.
Радзей сустракаецца несваяцкая або нефратэрнальная паліандрыя. Пры гэтым жанчына сама выбірае сабе некалькіх афіцыйных ці неафіцыйных мужоў. У большасці выпадкаў, размова ідзе пра жанчын, якія маюць высокі статус. Аднак у некаторых грамадствах дапушчальна мець пастаянных сексуальных партнёраў, што жывуць у розных месцах, і жанчына іх наведвае па адным.
Паліандрыя ў традыцыйных грамадствах
[правіць | правіць зыходнік]У большасці еўрапейскіх грамадстваў паліандрыя была пад забаронай або лічылася выключэннем з правілаў. Часцей сустракалася неафіцыйная несваяцкая паліандрыя. Прычым, яна заўсёды выклікала адмоўнае стаўленне звонку, хаця ёсць адзінкавыя згадкі аб звычаі паліандрыі ў кельтаў і спартанцаў. Вельмі рэдкія згадкі аб паліандрычных сувязях таксама можна сустрэць у беларускім фальклоры [1] і эпічных паданнях іншых народаў.
Аднак паліандрычныя шлюбы лічыліся нормай у тыбецкіх народаў, у Бутане, некаторых рэгіёнах Непала, Паўночнай і Паўднёвай Індыі. Акрамя таго, яны сустракаліся на поўдні сучаснага Кітая, у Нігерыі, тубыльцаў Канарскіх астравоў, арктычнага ўзбярэжжа Паўночнай Амерыкі і г. д.
У Тыбеце, Бутане і Паўночнай Індыі пераважала фратэрнальная паліандрыя. Звычайна, жаніўся старэйшы брат, а малодшыя далучаліся да яго сям’і. Жанчына і яе мужы вялі адзіную гаспадарку. Дзеці ад агульнага шлюбу прызнаваліся таксама агульнымі, але ў некаторых выпадках бацькам лічыўся толькі старэйшы муж або мужчына ведаў сваіх дзяцей. Прамежкавай формай быў шлюб, у які дапушчаўся мужчына звонку, але толькі ў выпадках, калі сям’я доўгі час не мела дзяцей.
У бушменаў Калахары некалькі часовых шлюбаў магла заключаць жанчына, якая ў сувязі з пэўнымі абставінамі, вандравала з месца на месца. Пры гэтым кожны муж аказваў ёй дапамогу, а таксама бараніў ад сваіх суродзічаў. Але пасля нараджэння дзіцяці яна была вымушана застацца з адным з мужоў, які станавіўся бацькам. Зноў пакінуць яго яна магла толькі пасля сталення дзіцяці.
Цікава, што ва ўсіх грамадствах, дзе паліандрыя лічылася нормай, нароўні з ёю існавала іншая форма палігаміі — палігінія. Паліандрычныя сем’і не былі цалкам пазбаўлены ад канфліктаў з-за рэўнасці і размеркавання маёмасці. Еўрапейскія інфарматары паведамлялі, што ў такіх грамадствах былі пашыраны дашлюбныя і пазашлюбныя дачыненні. Аднак, апошняе можна патлумачыць першапачаткова негатыўным стаўленнем інфарматараў да паліандрыі і іх імкненнем падкрэсліць яе распусту.
У сучасным Кітаі (у склад якога таксама ўваходзіць Тыбет), Бутане, Нігерыі і большасці паўночных штатаў Індыі паліандрыя забаронена законам. Там падобныя шлюбы, калі і маюць месца, то носяць нелегальны характар.
Тлумачэнні
[правіць | правіць зыходнік]Паміж вучонымі няма згоды па праблеме ўзнікнення паліандрыі ў чалавечых грамадствах. У XIX — першай палове XX стст. яе часцей тлумачылі як перажытак матрыярхату або нават распустай і слабымі эмацыянальнымі сувязямі ў сям’і. Але сама тэорыя матрыярхату сёння пастаўлена пад пытанне. Няма ніякіх доказаў, што ў іншых формах шлюбаў эмацыянальныя адносіны паміж партнёрамі больш цесныя. Даследчыкі тыбецкіх народаў тлумачаць звычай паліандрыі недахопам зямлі і нежаданнем дзяліць малую гаспадарку паміж сем’ямі розных братоў. Аднак паліандрыя там сустракалася і сярод заможных пластоў насельніцтва. Выказваюцца таксама меркаванні, што паліандрыя ўзнікла ў выніку жаночага інфантыцыду і недахопу жанчын, рознымі рэлігійнымі забабонамі, жаданнем захаваць роўнасць дзяцей і г. д. Відавочна, існаванне паліандрыі нельга растлумачыць толькі адной прычынай, паколькі звычаі і погляды розных народаў на шлюб вельмі адрозніваюцца.
Паліандрыя ў жывёльным свеце
[правіць | правіць зыходнік]У жывёлін спараванне самкі адначасова з некалькімі партнёрамі — гэта адзін з відаў адаптацыйных паводзін да размнажэння. Вядомы такі стыль паводзін сярод некаторых відаў насякомых, птушак, сумчатых, тхароў і нават сярод малпаў Новага Свету. Ён дапамагае пазбягаць жорсткай канкурэнцыі паміж самцамі за самку, забяспечвае рэпрадукцыйны поспех, але таксама было заўважана, што ў гэтым выпадку зніжаецца эфектыўны памер папуляцыі.
Зноскі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Говард, М. Сучасная культурная антрапалогія. — Мн.: Тэхналогія, 1995 ISBN 985-6022-16-9