Параская хроніка
Параскі мармур (лац.: Marmor Parium, англ.: Parian Marble or Parian Chronicle) — важная крыніца старажытнагрэчскай храналогіі, складзеная ў 264 да н.э.
Першая частка храналагічных табліц была набытая для англійскага графа Томаса Говарда ў Смірне (Малая Азія) і перапраўлена ў 1627 годзе ў Англію, дзе ўпрыгожвала дом графа, вядомага прыхільніка мастацтваў. У 1628 годзе юрыст Каралеўскага суда і ў той жа час даследчык антычнасці Джон Сэлдэн (John Selden) з двума памоцнікамі пераклаў надпіс са старажытнагрэчаскай мовы і апублікаваў яго ў Лондане («Marmora Arundelliana»). У 1667 годзе ўнук графа, лорд Генры Говард, падараваў дзедаву археалагічную калекцыю Оксфардскаму ўніверсітэту, сёння яна захоўваецца ў Эшмалаўскім музеі пры ўніверсітэце. Але верхняя частка пліты, на якой былі высечаны табліцы, знікла, і змесціва страчанай часці паведамляе толькі каталог, складзены праз Сэлдэна. Оксфардскі фрагмент сягае ў час 895—355 гг. да н.э.
У 1897 на грэчаскім востраве Парас быў выяўлены другі фрагмент храналагічных табліц, што сягае ў час 336—299 гг. да н.э. Сёння ён захоўваецца ў Параскім музеі.
Параскі мармур утрымлівае хроніку падзей грэчаскага сусвета, у асноўным палітычных, релігійных і літаратурных, пачынаючы з легендарнага афінскага цара Кекрапа (праўленне якога датавана 1581 да н.э.), і заканчваецца на 299 да н. э. Першы радок адносіцца да часу стварэння хронікі, архонцтва ў Афінах Дыягнета (264/263 гг. да н.э.), адкуль адлічваецца час падзей.
Лакальная гісторыя вострава Парас, у адрозненне ад афінскай, ігнаруецца за выключэннем імя параскага архонта (не ўзноўлена) у год стварэння хронікі.
Крыніцы хронікі не вызначаны. Тэкст напісаны на атычным дыялекце з малым дамескам іанійскага дыялекта.
Магчыма, Парас быў адно толькі крыніцай мармуру, славутага якасцю ў антычным свеце.
Храналогія
[правіць | правіць зыходнік]Усе даты даюцца ў гадах да н.э.
Падзея | Параскі мармур | Іншыя крыніцы | Каментар |
---|---|---|---|
Першы цар Кекрап зацараваўшы ў Афінах | 1582 | 1556 | З храналогіі Еўсевія |
Патоп Дэўкаліёна знішчыў чалавецтва | 1529 | 1526 | З храналогіі Еўсевія |
Заснаванне Фіваў праз фінікійца Кадма | 1519 | 1321 | З храналогіі Еўсевія, хаця Еўсевій падае і ранейшыя даты існавання Фіваў |
Паход амазонак у Атыку | 1256 | каля 1210 | З храналогіі Еўсевія |
Грэкі здабылі Трою | 1209 | 1184 | храналогія Эратасфена |
Заснаванне праз грэкаў Мілета ды іншых іанійскіх гарадоў у Малой Азіі | 1077 | 1044 | храналогія Эратасфена. Паводле Еўсевія Мілет заснаваны ў 1286, а іанійская каланізація распачалася ў 1036 |
Пачатак творчасці Гамера | 907 | 1084 | храналогія Эратасфена. |
Пачатак штогадовага архонцтва ў Афінах | 645 | 682 | Пачатак штогадовага архонцтва ўстаноўлены паводле пераліку архонтаў |
Цар персаў Кір здабыў Сарды | 541 | 547 | старажытжнаперсідскі надпіс |
Дарый I стаў царом персаў | 520 | 522 | старажытнаперсідскі надпіс |
Марафонская бітва | 491/490 | 490 | |
Нараджэнне Еўрыпіда | 486 | 481/480 | Большасць са свядэцтваў |
Пердыка II стаў македонскім царом | 463 | 454 | гісторыкі прымаюць на грунце генеалогіі македонскіх цароў |
Сеціва
[правіць | правіць зыходнік]- Паросская хроника // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
- «Паросский мрамор», бібліятэка на сайце ancientrome.ru
- The Parian Marble, Ashmolean Museum Архівавана 28 жніўня 2008. пераклад на англійскую з грэчаскай
- M. Berti (ed.), Digital Marmor Parium (Universität Leipzig) Архівавана 23 верасня 2019.