Пенджаб (рэгіён)
Пенджаб («Пяцірэчча», на санскрыце Панчанада, панджаб.: ਪੰਜਾਬ ਖੇਤਰ) — назва намыўной раўніны плошчай 100 тыс. кв. км. у поймах рэк Джэлам, Чынаб, Раві, Біяс і Сатледж. Гэтыя пяць асабліва шануемых у індуізме рэк разам з Індам (Сіндху) і Сарасваці складаюць Сямірэчча, згаданае ў Ведах. Асноўнае насельніцтва — пенджабцы, пераважная мова — пенджабская. Апроч ісламу і індуізму, у рэгіёне традыцыйна распаўсюджаны сікхізм.
Пенджаб вядомы сваёй багатай гісторыяй. На заранку гісторыі чалавецтва ў далінах пяці рэк сфармавалася Індская цывілізацыя. Эпас «Махабхарата» (які змяшчае «Бхагавад-гіту») апісвае бітву Пандаваў і Каўраваў на Пенджабскай раўніне. Іслам канчаткова ўзяў верх у Пенджабе над індуізмам пасля перамогі Мухамада Гуры над мясцовым кіраўніком дому Прхавіраджа ў 1192 г.
З Пенджаба пачалося распаўсюджванне на ўсю Індыю ўлады Вялікіх Маголаў. Пры іх галоўным горадам Пенджаба становіцца Лахор. Пасля смерці імператара Аўрангзеба ўладу ў Пенджабе захапілі сікхі, якія лічылі сваім настаўнікам Нанака. У 1849 г. брытанскі генерал-губернатар маркіз Дальхузі анексаваў Пенджаб і пераўтварыў яго ў брытанскую правінцыю.
Падчас падзелу Брытанскай Індыі 40 % тэрыторыі Пенджаба засталіся ў Індыі і склалі аднайменны штат у складзе Індыйскага Саюза. Сталіцу штата Чандыгарх праектаваў запрошаны з Еўропы архітэктар Ле Карбюзье. Заходнія вобласці Пенджаба з Лахорам увайшлі ў склад дзяржавы Пакістан, дзе з іх была ўтворана асобная правінцыя.
Гл. далей
[правіць | правіць зыходнік]Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Пенджаб (рэгіён)