Прэдыкатывы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Прэдыкатывы (сустракаюцца іншыя назвы: прэдыкатыўныя прыслоўі, безасабова-прэдыкатыўныя словы, словы катэгорыі стану) — лексіка-граматычны клас знамянальных слоў, якія маюць значэнні стану ці ацэнкі і выконваюць ролю адзінага галоўнага члена ці яго асноўнага кампанента ў безасабовых сказах: Пара было ехаць; Вас немагчыма зразумець; На душы было светла.

Сама назва гэтага класа слоў яшчэ канчаткова не замацавалася ў граматычнай традыцыі. Доўгі час прэдыкатывы асобна, як клас слоў, не разглядаліся, яны аб’ядноўваліся ў адзін клас з прыслоўямі. Сапраўды, прыслоўі і прэдыкатывы маюць шмат агульнага: і тыя, і другія словы — нескланяльныя і неспрагальныя; якасныя прыслоўі і падобныя да іх па форме прэдыкатывы маюць формы ступеняў параўнання; і прыслоўі, і прэдыкатывы — словы вытворныя. Аднак на фоне агульнага ў гэтых класах слоў даволі ярка выступаюць рысы, якія іх адрозніваюць. Прыслоўе — звычайна залежны кампанент словазлучэння, даданы член сказа. Прэдыкатыў — галоўны кампанент словазлучэння і амаль заўсёды адзіны галоўны член безасабовага сказа. Не супадаюць прыслоўі і прэдыкатывы і ў лексічным аб’ёме.

У адпаведнасці з лексічным значэннем сярод прэдыкатываў можна вылучыць некалькі груп. Яны могуць абазначаць: стан прыроды, стан асяроддзя, абставіны, фізічны стан жывых істот, псіхічны стан чалавека (цёмна, цёпла, светла, чыста, прыгожа, няўтульна, прыемна, смешна, сумна, боязна і інш.); аб’ектыўную ці суб’ектыўную ацэнку якога-небудзь стану або становішча (глыбока, лёгка, далёка, высока, вузка, рана, пара, шкада і інш.: Нам далёка да дому); меру чаго-небудзь (мала, многа, досыць, шмат, даволі і інш.: Мне і гэтага даволі); ацэнку чаго-небудзь з маральна-этычнага боку (сорам, грэх, смех, смехата, ганьба і інш.: Грэх казаць такое); мадальную ацэнку чаго-небудзь (трэба, нельга, можна, немагчыма і інш.: Трэба змагацца за мір); мадальна-валявыя імпульсы (лянота, ахвота, неахвота і інш.: Ахвота вам з імі звязвацца!); зрокавыя і слыхавыя ўспрыняцці (відаць, чуваць: 3 вышьші было добра відаць, як на луг апускаўся туман). Ужыванне прэдыкатываў у ролі галоўнага члена безасабовага сказа абумовіла неабходнасць іх спалучэння са звязкамі (быць, стаць, станавіцца, здавацца і падобнае), таму што толькі дзякуючы звязкам можна выразіць абавязковыя ў любым сказе сінтаксічныя значэнні часу і ладу. Адсутнасць звязкі пры прэдыкатыве ў безасабовым сказе — паказальнік сінтаксічнага цяперашняга часу.

Тыя прэдыкатывы, якія аманімічныя прыслоўям на , могуць мець формы звычайнай і вышэйшай ступені параўнання. Адрозніць прэдыкатывы ў сказе ад вонкава падобных да іх прыметнікаў ці прыслоўяў у форме кампаратыва можна толькі па сінтаксічнай функцыі: На дварэ стала цяплей (цяплей — прэдыкатыў); Цётка сёння цяплей павіталася з дзядзькам (цяплей — прыслоўе).

Клас прэдыкатываў папаўняецца пераважна за кошт пераходу слоў з іншых часцін мовы. Невялікая колькасць слоў-прэдыкатываў ужо страціла непасрэдную словаўтваральную суадноснасць з тымі часцінамі мовы, ад якіх яны некалі ўтварыліся. Гэта т.зв. невытворныя прэдыкатывы: нельга, можна, трэба, сорамна, боязна і некаторыя іншыя. Пераважная ж большасць прэдыкатываў захоўвае жывую словаўтваральную сувязь з прыметнікамі, прыслоўямі, назоўнікамі і дзеясловамі. Так, з якаснымі прыметнікамі звязана паходжанне вялікай колькасці прэдыкатываў на (цёпла, горача, суха, мокра, змрочна, сцішна, сумна, смешна, весела і інш.). 3 прыметнікамі іх звязвае падабенства асноўнага прамога значэння (параўнайце: Дзень быў цёплы — На дварэ цёпла). Аманімічнае прыслоўе звязана не з прамым значэннем зыходнага прыметніка цёплы, а з яго пераносным значэннем (цёпла павітацца, цёпла сустрэць). Такія семантычныя адносіны прэдыкатываў і прыслоўяў з зыходнымі прыметнікамі паказваюць, што нельга сцвярджаць, быццам бы ўсе прэдыкатывы на паходзяць ад прыслоўяў ці наогул з’яўляюцца не чым іншым, як прыслоўямі. Асобныя ж прэдыкатывы (немагчыма, неабходна, вусцішна) наогул не маюць аманімічных прыслоўяў, а звязаны непасрэдна з прыметнікамі.

Разам з тым асобныя прэдыкатывы захоўваюць сувязь з прыслоўямі. Можна меркаваць, што прэдыкатывы рана, позна, далёка, блізка, мала, многа, дастаткова, недастаткова, а таксама досыць, даволі вядуць сваё паходжанне ад прыслоўяў. Адметнай марфалагічнай адзнакай, якая адрознівае гэтыя прэдыкатывы ад прыслоўяў, трэба лічыць аслабленне здольнасці ўтвараць форму кампаратыва: амонімы-прыслоўі на ў форме вышэйшай ступені параўнання — гэта норма, а амонімы-прэдыкатывы сярод пералічаных слоў — рэдкасць або адхіленне ад нормы. Напрыклад, можна сказаць: Было яшчэ рана, але нельга: Было яшчэ раней.

Асобныя прэдыкатывы звязаны сваім паходжаннем з назоўнікамі: шкода (шкада), сорам, смех, страх, пара, час і інш. Пры пераходзе ў прэдыкатывы назоўнікі трацяць сваё значэнне прадметнасці, перастаюць скланяцца, у іх аслабляюцца значэнні ліку, звязка ў спалучэнні з такімі прэдыкатывамі пачынае ўжывацца ў форме ніякага роду (параўнаем магчымыя варыянты: пара была ўставацьпара было ўставаць). Такія прэдыкатывы сапраўды можна лічыць сінтаксічнымі дэрыватамі назоўнікаў.

Нарэшце, прэдыкатывы відаць, чуваць суадносяцца з формай інфінітыва. (У гутарковай мове варыянтам прэдыкатыва чуваць з’яўляецца чуць. У К. Чорнага: Яго хаду стала чуць.) Словы відаць, чуваць у беларускай мове могуць ужывацца і як сінонімы дзеепрыметнікаў відзён (-дна, -дно, -дны), чуцён (-тна, -тно, -тны). Такія словы таксама спалучаюцца са звязкай, але яны ўжываюцца як кампанент састаўнога іменнага выказніка двухсастаўнога сказа і прэдыкатывамі не з’яўляюцца (Здалёк відаць былі людзі; Чуваць сталі крокі).

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Голанов И. Г. К изучению слов «категории состояния» в восточнославянских языках // Проблемы современной филологии: Сб. ст. к 70-летию акад. В. В. Виноградова / АН СССР, Отд-ние литературы и языка. — М.: Наука, 1965. — 475 с., 1 л. портр.
  • Шуба П. П. Прэдыкатывы / П. П. Шуба // Беларуская мова: Энцыклапедыя / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелЭН, 1994. — 653,[1] с.: іл. — С. 440. — ISBN 5-85700-126-9.
  • Шуба П. П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія: Вучэбны дапаможнік для студэнтаў філалагічных факультэтаў універсітэтаў / П. П. Шуба. — Мн.: Універсітэцкае, 1987. — 334 с.