Піджын

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Пі́джын (ад скажонага анг. business — справа[1][2]) — лексічна і граматычна спрошчаная мова, якая ўзнікае праз патрэбу моўнай камунікацыі паміж народамі, якія ня маюць для гэтага іншых сродкаў.  Піджын — дапаможная мова, якая не родная ні для каго з карыстальнікаў, і выконвае мінімум функцый у сацыяльна абмежаванай камунікацыйнай прасторы (гандаль, найманне рабочай сілы, паслугі і пад.) пры непастаянных моўных кантактах[1]. Піджын узнікае пры працяглым узаемадзеянні паміж прадстаўнікамі разнамоўных супольнасцей на аснове мовы-крыніцы (мова-лексіфікатар, суперстрат), якая сутыкаецца з мовай або мовамі — субстратамі, уключаючы ў сябе некаторыя іх элементы[3]. Так крыніцай можа выступаць мова каланізатараў, а субстратам — мовы каланізаванага мясцовага насельніцтва.

Калі кантакты паміж моўнымі супольнасцямі пашыраюцца і становяцца сталымі, піджын можа або памярэць, саступіўшы месца адной з моў (часцей мове-субстрату), або пашырыць свае камунікатыўныя функцыі. Ён узбагачаецца, выпрацоўвае свае правілы граматыкі і нормы выкарыстання, не валодаючы якімі яго немагчыма выкарыстоўваць[4], і становіцца кантактнаю моваю, якую ў лінгвістыцы называюць пашыраным піджынам (ехtended pidgin). Пашыраны значна адрозніваецца ад уласна піджына, пры пастаянных міжэтнічных кантактах ён выкарыстоўваецца ў разнастайных сферах камунікацыі[3].

У пэўных умовах такі пашыраны піджын можа стаць родным для нейкага моўнага калектыву (натывізацыя), яшчэ больш пашыраючы камунікатыўныя функцыі[5] і ўдасканальваючы структуру (крэалізацыя). Такім чынам піджын ператвараецца ў крэольскую мову[3].

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Найбольш распаўсюджаная версія паходжання слова піджын выводзіць яго ад кітайскага вымаўлення слова business, першая фіксацыя слова — у 1807 годзе. Тэрмін Pidgin English упершыню фіксуецца ў 1855[6] годзе, што сведчыць пра перанос значэння слова піджын для абазначэння мовы і пазней яно абазначала толькі піджын на аснове англійскай мовы. У канцы XIX стагоддзя тэрмін пашырыў значэнне і пачаў выкарыстоўвацца для абазначэння любой спрошчанай мовы[2]. Яго этымалогія ад business аспрэчваецца, піджын могуць звязваць са словам fashion (анг. мода) з выкарыстаннем у кітайскім піджыне ў значэнні «манера, мода»[7]. Існуе распаўсюджаная фальшывая этымалогія, якая выводзіць піджын ад англійскага pigeon (голуб) з тлумачэннем, што гэтая птушка раней выкарыстоўвалася для паштовай сувязі, то-бок камунікацыі[8].

Тэрміналогія[правіць | правіць зыходнік]

Слова піджын (pidgin, ранейшае pigion[2]) спачатку адносілася да кітайскай піджын-англійскай, але пазней ужыванне было пашырана для абазначэння любога піджына[9]. Слова таксама можа выкарыстоўвацца як адмысловая назва для мясцовых піджынаў або крэольскіх моў у мясцінах іх ужывання. Так назва крэольскай мовы ток-пісін (Tok Pisin) паходзіць ад англійскага talk pidgin. Носьбіты звычайна называюць яго проста піджын[10]. Тэрмін «жаргон» раней таксама выкарыстоўваўся ў некаторых піджынах і сустракаецца ў іх назвах, як, напрыклад, Chinook Jargon, у сучаснасці ён зрэдку можа выкарыстоўвацца лінгвістамі для абазначэння асабліва рудыментарнага тыпу піджына[9], але звычайна адносіцца да адмысловага маўлення прафесійных і сацыяльных груп.

Зноскі

  1. а б Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 12: Палікрат — Праметэй / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 12. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0198-2 (т. 12). С. 349.
  2. а б в Online Etymology Dictionary/pidgin
  3. а б в Дьячков М. В. Креольские языки. М. Наука. 1987.
  4. Головко Е. В. Как рождаются языки Полит.ру, 30.01.2012
  5. David Crystal. Pidgins and Creoles Pechorin.net. Татьяна Лещинская, перевод с английского.
  6. "pidgin, n." OED OnlineOxford University Press
  7. Karl Franklin On the Etymology of "Pidgin"
  8. Crystal, David (1997), "Pidgin", The Cambridge Encyclopedia of Language (2nd ed.), Cambridge University Press
  9. а б Bakker, Peter (1994), "Pidgins", in Arends, Jacques; Muijsken, Pieter; Smith, Norval (eds.), Pidgins and Creoles: An Introduction, John Benjamins, pp. 26–39
  10. Smith, Geoff P. Growing Up with Tok Pisin: Contact, creolization, and change in Papua New Guinea's national language. London: Battlebridge. 2002. p. 4

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]