Салют (касмічная праграма)
«Салю́т» — серыя савецкіх арбітальных станцый для палётаў па каляземнай арбіце; праграма іх распрацоўкі, запускаў і эксплуатацыі.
Арбітальныя станцыі «Салют» прызначаліся для правядзення медыка-біялагічных, астрафізічных, навукова-тэхнічных, тэхналагічных даследаванняў і эксперыментаў, назіранняў і даследаванняў Зямлі, яе атмасферы і каляземнай касмічнай прасторы.
Максімальная маса 18,9 т, маса навуковай апаратуры да 2,5 т, аб'ём жылых адсекаў каля 100 м³. Палёты здзяйсняліся з касманаўтамі на борце і ў аўтаматычным рэжыме.
У 1971—83 гадах было запушчана 7 «Салютаў» (на арбіту выводзіліся ракетай-носьбітам «Пратон» з касмадрома Байканур).
«Салюты» складаліся з пераходнага, рабочага, агрэгатнага (з рухальнай устаноўкай) адсекаў і прамежкавай камеры («Салют-6» і «Салют-7» мелі дадатковы стыковачны агрэгат). У склад «Салюта» ўваходзілі сістэмы жыццезабеспячэння, электрасілкавання (сонечныя батарэі), сувязі, арыентацыі і кіравання, стыкоўкі з касмічнымі караблямі, навук, абсталяванне і інш.
«Салюты» не прызначаліся для вяртання на Зямлю; дастаўка і змена экіпажа праводзіліся пры дапамозе касмічных караблёў «Саюз», паліва, абсталявання і іншага — транспартнымі караблямі «Прагрэс».
«Салют-1» (запуск 19 красавіка 1971) — першая ў свеце пілатуемая арбітальная станцыя (экіпаж Г. Ц. Дабравольскі, У. М. Волкаў, В. І. Пацаеў).
Да «Салютаў» здзейснілі палёты 50 касмічных апаратаў. На борце «Салютаў» працавалі 17 асноўных экспедыцый (14—237 сутак) і 15 экспедыцый наведвання (3—13 сутак). У складзе міжнародных экіпажаў па праграме «Інтэркосмас» на «Салюце-6» і «Салюце-7» працавалі касманаўты 10 краін свету. Камандзірамі экспедыцый былі і ўраджэнцы Беларусі П. А. Клімук («Салют-4», «Салют-6» — міжнародныя) і У. В. Кавалёнак («Салют-6» — двойчы).
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- «Салют» // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 14. С. 121.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Салют (касмічная праграма)