Сант’ягу (востраў, Каба-Вердэ)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Сант'ягу
парт. Santiago
На сушы
На сушы
Характарыстыкі
Плошча991 км²
Насельніцтва240 000 чал.
Шчыльнасць насельніцтва242,18 чал./км²
Размяшчэнне
15°04′ пн. ш. 23°38′ з. д.HGЯO
АкваторыяАтлантычны акіян
Краіна
Сант’ягу (востраў, Каба-Вердэ) (Каба-Вэрдэ)
Сант'ягу
Сант'ягу
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Сант’ягу (парт. Santiago) — востраў у краіне Каба-Вердэ, уваходзіць у паўднёвую групу астравоў Сатавенту. Агульная плошча 991 кв. км. Насельніцтва — 240000 чал. (2010 г.). На востраве размешчана сталіца Каба-Вердэ — горад Прая.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Сант’ягу быў адкрыты партугальцамі ў 1460 г. і стаў першым востравам Каба-Вердэ, дзе была заснавана калонія Рыбейра-Грандэ (цяпер Сідадзі-Велья) у 1463 г. З 1466 г. для працы на плантацыях бавоўны і цукровага трыснягу пачалі ўвозіцца негры-рабы. Дзякуючы трансатлантычнаму гандлю рабамі і каланіяльнымі таварамі калонія хутка расла. Разам з гэтым расла і колькасць чарнаскурых насельнікаў. У 1712 г. Рыбейра-Грандэ быў амаль разбураны французскімі піратамі. Адміністрацыйны цэнтр перанеслі на плато Прая.

У 1878 г. было адменена рабства, што прынесла мясцовай эканоміцы значныя страты. Партугальскія ўлады імкнуліся перасяліць частку мясцовага насельніцтва ў іншыя калоніі. З сярэдзіны XIX ст. развівалася эміграцыя. У XX ст. каля мястэчка Тарафал на Сант’ягу дзейнічаў канцлагер, у якім утрымоўваліся палітычныя вязні з Партугаліі і іншых калоній. 5 ліпеня 1975 г. у Праі была абвешчана незалежнасць Каба-Вердэ.

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Сант’ягу — самы вялікі востраў Каба-Вердэ. Мае вулканічнае паходжанне. Даволі гарысты. Найвышэйшы пункт — Піку-дэ-Антоніу (1394 м). Высокія горы затрымоўваюць хмары, якія нясуць вятры, таму клімат тут больш вільготны, чым на нізінных астравах. Найбольшая колькасць ападкаў прыходзіцца на цэнтральную і ўсходнюю часткі. На паўночна-ўсходніх схілах захаваліся вільготныя лясы. Сярэдняя гадавая тэмпература вагаецца ад 20 да 35° C.

Эканоміка і інфраструктура[правіць | правіць зыходнік]

Асновай эканомікі вострава з’яўляюцца сельская гаспадарка (плантацыі бананаў, цукровага трыснягу, садавіны), рыбная прамысловасць і турызм. У порце Праі дазапраўляюцца трансатлантычныя судны. Дзякуючы вялікай шчыльнасці насельніцтва інфраструктура развіта лепей, чым на суседніх астравах. Усе раёны электрыфікаваны і звязаны са сталіцай дарогамі. У 2005 г. адкрыты новы міжнародны аэрапорт, адкуль таксама можна дабрацца да іншых астравоў.

Турызм[правіць | правіць зыходнік]

Турызм пакуль не з’яўляецца такой важнай галіной гаспадаркі, як на востраве Сал. Але Сант’ягу прыцягвае спалучэннем шырокіх пляжаў і маляўнічага горнага ландшафту. Турыстаў могуць зацікавіць мясцовая культура і гісторыя. Сант’ягу — прытулак найстаражытнейшай афра-еўрапейскай крэольскай абшчыны. Мясцовыя насельнікі размаўляюць на асобым дыялекце партугальскай мовы. Шырока адзначаюцца святы — Жамбао (май), які суправаджаецца музычнымі вулічнымі шэсцямі, рэлігійны фестываль Табанка (чэрвень і ліпень), Носа-Сеньёра-дэ-Граса (15 жніўня) у гонар заступніцы Праі.

Галерэя[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]