Секулярызацыя (сацыялогія)
Секулярыза́цыя (фр.: sécularisation ад познелац.: saecularis — свецкі) — працэс выхаду з-пад уплыву рэлігіі і царквы розных сфер грамадскага жыцця, такіх як палітыка, права, культура, асвета, нацыянальныя і сямейна-бытавыя адносіны; адзін з аспектаў агульнага працэсу мадэрнізацыі, звязанага з развіццём навукі і вытворчасці, урбанізацыяй.
Адбываецца на узроўні індывідуальнай свядомасці, сацыяльных інстытутаў і прыводзіць да аслаблення былых грамадскіх сувязей і традыцый. Характарызуецца стратай рэлігіяй ролі адзінай крыніцы каштоўнасцей, ідэалаў і норм, манаполіі на тлумачэнне аб'ектыўнай рэальнасці, аслабленнем уплыву царквы на асобу і дзяржаву.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Рысы секулярызацыі выявіліся ў Сярэднявеччы, асабліва праявіліся ў эпоху Адраджэння, Рэфармацыі, буржуазных рэвалюцый.
СССР
[правіць | правіць зыходнік]У СССР працэс секулярызацыі найбольш інтэнсіўна працякаў у 1920—1930-я гг. і звязаны з палітыкай дзяржавы, накіраванай на адлучэнне царквы ад жыцця грамадства. У адпаведнасці з дэкрэтам СНК РСФСР (1918) і пастановай СНК БССР (1922) «Аб аддзяленні царквы ад дзяржавы і школы ад царквы» былі адменены ўсё ранейшыя прывілеі царквы, маёмасць царквы і рэлігійных таварыстваў абвешчана агульнанароднай, рэлігійным арганізацыям забаронена адкрываць ці мець агульнаадукацыйныя школы, выкладаць у школах рэлігійныя вучэнні. З боку дзяржавы вялася актыўная барацьба з рэлігіяй: храмы зачынялі і разбуралі, духавенства цярпела ганенні, царква і рэлігія абвяшчаліся «перажыткам старога». Пэўнае ажыўленне рэлігійнага жыцця назіралася ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны ў сувязі з падтрымкай з боку праваслаўнага і рымска-каталіцкага духавенства барацьбы савецкага народа супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў.
Постсавецкая прастора
[правіць | правіць зыходнік]У 1990-я гг. ў постсавецкіх краінах тэмпы секулярызацыі істотна знізіліся: рэлігія стала адным з элементаў духоўнай культуры, павялічылася колькасць храмаў, рэлігійныя арганізацыі сталі ўдзельнікамі міратворчай і дабрачыннай грамадскай дзейнасці. У канцы XX — пач. XXI ст. працэс секулярызацыі развіваецца адначасова з працэсам сакралізацыі розных сфер грамадскага жыцця і захоўваннем рэлігіі і царквы як сродкаў падтрымання духоўнасці і захавання традыцыйных грамадскіх структур.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Катляроў І. В., Сосна У. А. Секулярызацыя // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 14. — С. 303. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14).