Слова (твор)
Слова — твор аратарскай прозы ў форме прамовы, пропаведзі або паслання; жанр старажытнай пісьменнасці. Блізкае да казання, але больш шырокае па значэнні. Паводле зместу, накіраванасці і агульнага характару словы падзяляліся на свецкія і царкоўна-рэлігійныя. Сярод апошніх вылучаліся ўрачыста-панегірычныя і павучальна-дыдактычныя.
У старажытнарускай і беларускай літаратуры словам называлі творы розных жанраў: легендарнае паданне «Слова пра Меркурыя Смаленскага», апакрыфічнае «Слова пра Адама і Еву», агіяграфічнае «Слова пра жыццё і смерць вялікага князя Дзімітрыя Іванавіча», перакладная аповесць «Слова пра Іасафа царэвіча». Выдатны помнік старажытнай літаратуры ўсходніх славян, у якім спалучаны асаблівасці апавядальнай прозы і гістарычнай песні, — «Слова аб паходзе Ігаравым». Арыгінальнасцю, багаццем вобразна-паэтычнай мовы, лірызмам вызначаліся словы Кірылы Тураўскага.
У XVI—XVII стагоддзях словы царкоўна-рэлігійнага характару сталі важным сродкам вострай ідэалагічнай барацьбы, набылі некаторыя асаблівасці палемічнай літаратуры (словы-казанні Л. Карповіча, І. Пацея, М. Сматрыцкага). Актуальныя праблемы грамадска-палітычнага жыцця краіны закраналіся ў свецкіх словах (прамовы Р. Хадкевіча, Л. Сапегі, «Прамова Мялешкі»).
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- В. А. Чамярыцкі. Слова // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх