Уладзіслаў Плятэр
Уладзіслаў Плятэр | |
---|---|
Нараджэнне |
7 лістапада 1808[1] |
Смерць |
22 красавіка 1889[1] (80 гадоў)
|
Род | Плятэры |
Бацька | Казімір Уладзіслаў Плятэр[d] |
Маці | Элеанора Апалінарыя з Жабаў[d] |
Жонка | Karoline Bauer[d] |
Дзейнасць | публіцыстыка[2], палітыка[2] і музеязнаўства[2] |
Бітвы | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Уладзіслаў Эварыст Броэль-Плятэр (польск.: Władysław Ewaryst Plater; 7 лістапада 1808, Вільня — 22 красавіка 1889, Швейцарыя) — граф, член сейма Царства Польскага ў час паўстання 1830—1831 гадоў, журналіст і палітык у эміграцыі, заснавальнік і член Таварыства Польскага Нацыянальнага музея ў Раперсвілі ў 1870 годзе[3].
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Прадстаўнік шляхецкага роду Плятэраў уласнага герба. Старэйшы сын графа Казіміра Уладзіслава Броэль-Плятэра (1779—1819) і Элеаноры Апалінарыі з Жабаў (1784—1847), дачкі кашталяна полацкага Тадэвуша Жабы. Малодшы брат — граф Цэзар Аўгуст Броэль-Плятэр (1810—1869).
У 1827 годзе выправіўся ў падарожжа, падчас якога ён наведаў Санкт-Пецярбург, Германію, Швейцарыю і Англію. Пачатак паўстання заспеў яго ў Англіі, і ў пачатку 1831 года ён вярнуўся ў Польшчу. 25 студзеня 1831 года ён падпісаў акт аб звяржэнні расійскага імператара Мікалая I Паўлавіча з польскага трона. 10 жніўня 1831 года падпісаў у Варшаве акт аб далучэнні да стварэння Мінскага ваяводства, таксама быў выбраны дэпутатам ад Вілейскага павета[4], удзельнічаў у пасяджэннях сейма ў Закрочыме і Плоцку.
Яго маёмасць была канфіскавана царскім урадам. У снежні 1831 года ў Парыжы ён разам з братам Цэзарам заснаваў Таварыства літоўскіх і рускіх зямель. У маі 1832 года ён з'ехаў у Англію ў сувязі з прапольскай пазіцыяй Палаты абшчын Вялікабрытаніі. Ён быў членам паўстанцкага парламента ў выгнанні[5]. У 1833 годзе ён вярнуўся ў Парыж і стаў удзельнічаць у дзейнасці Літаратурнага таварыства, а ад яго імя выдаваў перыядычнае выданне на французскай мове "Le Polonais. Journal des interets de la Pologne". Служыў сувязным князя Адама Ежы Чартарыйскага з французскім палітычным светам. Са снежня 1839 па чэрвень 1840 года ён знаходзіўся ў Лондане, пасланы туды, каб зацікавіць брытанскі ўрад пытаннем Вольнага горада Кракава.
Вярнуўшыся ў Парыж, Уладзіслаў Плятэр дыстанцаваўся ад атачэння князя Чартарыйскага. У 1841 годзе ён заснаваў манархісцкі "Dziennik Narodowy". У 1844 годзе пераехаў у Швейцарыю, дзе набыў дом недалёка ад Цюрыха (віла Брольберг). У 1843 годзе ён ажаніўся з Каралінай Баўэр (1807—1877), нямецкай актрысай з еўрапейскай вядомасцю. Пасля пачатку Лютаўскай рэвалюцыі 1848 года ён прыехаў у Парыж і заключыў пагадненне з лагерам Атэль Ламберт. Ён даставіў у Франкфурт-на-Майне зварот былых парламентарыяў паўстанцкага сейма да генеральнага германскага сходу.
Пасля пачатку паўстання 1863—1864 гадоў Уладзіслаў Плятэр удзельнічаў у арганізацыі перакідання польскай моладзі ў краіну з Італіі праз Швейцарыю. 10 лютага 1864 года Рамуальд Траўгут ухваліў яго выданне ў Швейцарыі на нямецкай мове для распаўсюджвання прапаганды польскай справы і загадаў Уладзіславу Плятэру выказаць шчырую падзяку за яго патрыятычную дзейнасць. У сакавіку гэтага года камісар Нацыянальнага ўрада Вацлаў Пшыбыльскі афіцыйна прызначыў яго агентам Нацыянальнага ўрада ў Швейцарыі.
У 1868 годзе Уладзіславаў Плятэр будаваў планы стварэння Антырасійскага саюза. У 1881 годзе, падчас перамоў аб канкардаце паміж Ватыканам і Расійскай імперыяй, ён пратэставаў у сваім мемарыяле супраць увядзення рускай мовы ў каталіцкую службу.
Да стагоддзя Барскай канфедэрацыі, у жніўні 1868 года, ён на ўласныя сродкі заснаваў Барскую калону на Цюрыхскім возеры. У 1870 годзе ён перавёз калону ў арандаваны замак у Раперсвілі. У гэтым будынку ў кастрычніку 1870 года быў адкрыты Польскі нацыянальны музей у Раперсвілі.
Зноскі
- ↑ а б Władysław Ewaryst Plater (Broel-Plater) // Internetowy Polski Słownik Biograficzny
- ↑ а б в Czech National Authority Database Праверана 7 лістапада 2022.
- ↑ Sprawozdanie z Zarządu Muzeum Narodowego Polskiego w Rapperswylu za Rok …., 1899, s. 4.
- ↑ Andrzej Biernat, Ireneusz Ihnatowicz, Vademecum do badań nad historią XIX i XX wieku, Warszawa 2003, s. 482.
- ↑ Walenty Zwierkowski, O Sejmie w Emigracji, Poitiers 1839, s. 10.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- Stefan Kieniewicz: Plater (Broel-Plater) Władysław Ewaryst (1808—1889) Архівавана 21 лютага 2024., w: Polski Słownik Biograficzny, 1976, t. XXVI, s. 686—691
- Нарадзіліся 7 лістапада
- Нарадзіліся ў 1808 годзе
- Нарадзіліся ў Вільнюсе
- Памерлі 22 красавіка
- Памерлі ў 1889 годзе
- Памерлі ў Цюрыху
- Плятэры
- Асобы
- Вікіпедыя:Артыкулы пра асоб, якія не маюць старонак цёзак па прозвішчы
- Публіцысты Польшчы
- Музейныя працаўнікі Польшчы
- Мецэнаты Польшчы
- Удзельнікі паўстання 1830—1831 гадоў