Перайсці да зместу

Хелена Юсефсан

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Хелена Юсефсан
шведск.: Helena Josefsson
Асноўная інфармацыя
Дата нараджэння 23 сакавіка 1978(1978-03-23)[1] (46 гадоў)
Месца нараджэння
Краіна
Муж Martin Josefsson[d][3]
Музычная дзейнасць
Прафесіі спявачка, аўтарка-кампазітар, студыйны музыкант, кампазітарка
Інструменты вакал, бубен і піяніна[d]
Жанры поп
інды-поп
easy listening
кантры
джаз
Грамадская дзейнасць
Член у
Афіцыйны сайт
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Хелена Марыяна Юсефсан (шведск.: Helena Marianne Josefsson; нар. 23 сакавіка 1978, Кальмар, Швецыя) — шведская спявачка, музыкант, аўтар песень, кампазітар, вакалістка ў гуртах Sandy Mouche, Mono Mind і Son of a Plumber, бэк-вакалістка, грамадскі дзеяч. Колькасць праглядаў яе песень на сэрвісе YouTube перавышае 60 млн. Выконвае песні на шведскай, англійскай і французскай мовах. Да 2007 года жыла ў горадзе Лунд, з 2007 па 2012 год у Мальмё. У верасні 2012 года разам з сям’ёй пераехала ў невялікі гарадок Б’ерэд у правінцыі Сконэ, за 20 км на поўнач ад Мальмё. Замужам, мае двух сыноў.

Хелена Юсефсан нарадзілася ў сям’і Пэра-Улафа Юсефсана (нар. у 1939 годзе ў Вірсэруме, лен Кальмар) і Маргарэты Даніелсан (нар. 12 лютага 1952 года ў Ландскруне), якая мае шведскія і бельгійскія карані. Хелена пачала праяўляць цікавасць да музыкі і танцаў, калі ёй споўнілася ўсяго 3 гады[4]. У 1985 годзе, калі Хелене было 7 гадоў яе бацькі развяліся. Пасля гэтага яна з маці нейкі час жыла ў Ландскруне, там у бабулі па матчынай лініі была крама музычных запісаў. Гэта збольшага паўплывала на выбар будучай кар’еры спявачкі. Дзед па маці быў мастаком і граў на скрыпцы. Бацька Хелены быў родам з невялікай вёскі на ўсходнім узбярэжжы Швецыі і вельмі любіў прыроду, і ў такім жа духу выхаваў сваю дачку. Так, у шматлікіх песнях спявачкі, такіх як, напрыклад, «Spiderweb suit» яна спявае аб сваёй сувязі з прыродай і любові да яе[5].

Ва ўзросце 7-мі гадоў Хелена ўжо спявала ў хоры, куды яе адвяла маці. Спявачка апавядала, як у гэтым узросце часта разам з дзвюма сёстрамі слухала оперу Сяргея Пракоф’ева «Пеця і воўк» у выкананні «жудаснага, але выдатнага» Эрнста-Хуга Ерэгорда. Неўзабаве пасля разводу бацькоў яе маці зноў выйшла замуж. Праз 3 гады новая сям’я пераехала ў вёску пад назвай Б’ёрнстуруп на паўднёвым-ўсходзе ад Лунда ў лене Сконэ. Адна з нешматлікіх рэчаў, якая цешыла там Хелену была магчымасць спяваць ва ўвесь голас, вяртаючыся кожны дзень дадому з школы ад аўтобуснага прыпынку на ровары праз лес.

Пачатак кар’еры

[правіць | правіць зыходнік]

У юнацтве Хелена выступала з Юханом Дункансанам (Johan Duncanson) у гурце Jive with Clive, які потым змяніў назву на The Soul[6]. Сёння Дункансан грае ў гурце The Radio Dept. У гэтым жа гурце з 2001 па 2003 год граў Пэр Блюмгрэн, удзельнік Sandy Mouche.

Калі ёй было 20 гадоў, яна наведвала Skurups folkhögskola (так званая «народная вышэйшая школа» ў горадзе Скуруп) па класу джаза, аднак кінула навучанне, бо хацела сама пісаць песні ў стылі поп. У той час на яе ўплывала творчасць Ніны Сімон і Монікі Цэтэрлунд[7].

У 1999 годзе Юсефсан пачала супрацоўнічаць са шведскім музыкам і кампазітарам Данам Борнемаркам, які атрымаў вядомасць дзякуючы запісу песень для дзяцей. Разам з ім яна запісала песню «Tigern tiger», якая выйшла на яго альбоме «Jorden Runt».

Хелена у 2007 годзе ў Хельсінгбарге

Восенню 2001 года Хелена і яе бойфрэнд Марцінік разам з сябрамі адпачывалі на Крыце, дзе нарадзілася ідэя стварыць новы гурт. Калектыў назвалі «Sandy Mouche», таму што ўсе прысутныя мелі па вяснушцы на твары і ў момант абмеркавання ляпілі кулічы з пяску на пляжы[8]. Прадзюсарам новага гурта стаў сябар артыстаў, шведскі музыка, прадзюсар і аранжыроўшчык Крыстафер Лундквіст[9].

Праца з Пэрам Гесле і Roxette

[правіць | правіць зыходнік]

Менавіта Лундквіст і прапанаваў Хелене у 2003 годзе прыняць удзел у запісу чарговага сольнага альбома Пэра Гесле «Mazarin», дзе яна спявала на бэк-вакале, у тым ліку і ў час летніх гастроляў «Mazarin sommarturne 2003»[10]. 26 ліпеня таго ж года Хелена і Марцінік афіцыйна ўступілі ў законны шлюб.

Супрацоўніцтва з Гесле і Лундквістам працягнулася — у пачатку 2004 года Хелена працавала над альбомам Gyllene Tider «Finn 5 Fel!»[11]. У верасні выйшаў альбом Sandy Mouche «White Lucky Dragon». Амаль увесь 2005 год прайшоў у працы над пласцінкай Sandy Mouche «…and poems for the unborn», якая выйшла ў студзені 2006, пасля чаго Хелена прыняла ўдзел у запісу яшчэ аднаго сольніка Гесле «Son of a Plumber». У некаторых песнях выконвала бэк-вакальныя партыі, у некаторых — галоўны вакал.

У першы дзень 2006 года выйшаў другі сінгл у супрацоўніцтве з Данам Борнемаркам, песня «Let Truth Reveal the Beast», загалоўная кампазіцыя са зборніка «Giant For Another Hour». Гэты альбом быў запісаны пры ўдзеле шматлікіх артыстаў, якія былі натхнёныя працай брытанскай прагрэсіўнага рок-гурта Gentle Giant.

У 2007 разам з Пэрам Гесле запісала яго сольны альбом «En Händig Man» (Рукасты чалавек) і накіравалася ў гастрольны тур «En händig man på turné 2007» па Швецыі[10]. У супрацоўніцтве з гітарыстам Майклам Ёкінанам (Mikael Gökinan) запісала некалькі песень для яго альбома. Праект атрымаў назву «Ludde, Hella & Göken» па імёнах удзельнікаў (Людэ Венстром — кантрабас, бэк-вакал; Мікаэль Гёкінан — акустычная гітара і бэк-вакал; Хелена Юсефсан — вакал).

У 2008 годзе Араш, шведскі спявак іранскага паходжання, выпусціў сінгл «Pure Love» з альбома «Donya» (2008). У песні дуэтам з Арашем спявае Хелена Юсефсэн. На сваім сайце Хелена распавяла, што даўно запісала дэмаверсію песні, але не ведала, ці будзе яна калі-небудзь запісаная і выдадзена. Рэліз стаў для яе сюрпрызам, пра яго яна ўпершыню даведалася, паглядзеўшы ролік на сайце YouTube.

8 лістапада 2008 года ў Хелены і Марцініка Юсефсэн нарадзіўся сын, якога назвалі Чарлз-Дзідрык. Першае імя дзіцяці далі ў гонар дзядулі Хелены, якому на момант нараджэння праўнука было 92 гады. Другое імя спадабалася маладому бацьку. Такім чынам, муж і жонка вырашылі пайсці на кампраміс.

У снежні 2008 года выйшаў альбом Гесле «Party Crasher»[12], у працы над якім Хелена таксама прымала актыўны ўдзел. Вясной і летам 2009 года яна разам з усім гуртом адправілася ў еўрапейскі тур у падтрымку дыска.

Хелена Юсефсан на канцэрце ў Кёльне ў рамках «Party Crasher Tour 2009»

На Каляды 2009 года яна прыняла ўдзел у канцэрце, прысвечаным памяці памерлага ў той год Майкла Джэксана. Канцэрт прайшоў у шведскім горадзе Мальмё[13].

У пачатку 2011 года пачаліся рэпетыцыі ў студыях Стакгольма перад сусветным турнэ Roxette, у якім Хелена спявала на бэк-вакале. Турнэ пачалося ў Расіі і працягнулася на пяці кантынентах па ўсім свеце да канца лета 2011 года[10]. У сакавіку 2011 года Хелена не змагла спяваць на двух канцэртах у Кіеве і Мінске. У гэты час яна адправілася ў Стакгольм, дзе прыняла ўдзел у прэм’ерным паказе дакументальнага фільма «Jag är min egen Dolly Parton». Прэм’ера стужкі адбылася 11 сакавіка ў Стакгольме, Гётэбаргу, Мальме і іншых буйных гарадах Швецыі. Фільм прысвечаны кар’еры пяці вядомых спявачак з Мальмё, у ліку якіх сама Хелена, Ніна Персан з гурта The Cardigans[4], Сесілія Нордлунд, Лотта Венглен, а таксама музычнага прадзюсара Гурдун Хаўксдотыр (Gudrun Hauksdottir). Рэжысёрам фільма выступіла Джэсіка Нетэлбладт (Jessica Nettelbladts)[14].

У студзені 2011 года выйшаў другі сольны альбом спявачкі «Kyss mej»[4].

Акрамя таго, Хелена таксама прыняла ўдзел у здымках музычнай забаўляльнай тэлеперадачы «Så ska det låta». Запіс праграмы транслявалася 1 красавіка 2011 года на тэлеканале SVT1. Перадача з’яўляецца вельмі папулярнай у Швецыі — штотыдзень яе аўдыторыя складае каля 2 млн чалавек (прыкладна 20 % ад усяго насельніцтва краіны).[15]

У пачатку 2012 года спявачка пакінула працу з калектывам Roxette на карысць запісу альбома свайго шведскага гурта Sandy Mouche. Ужо ў першы тыдзень студзеня было абвешчана, што Хелена запісвае новую баладу для альбома, які павінен выйсці пазней у гэтым жа годзе. 9 студзеня 2012 года ў Швецыі адбылася прэм’ера фільма «Hamilton: I Nationens Intresse»[16], для якога Хелена разам з Робертам Петэрсанам (салістам шведскага альт-рок-гурта «Takida») запісала загалоўную тэму, кампазіцыю пад назвай «My Own Worst Enemy». Аўтар песні — Менс Трыстан Солман. На песню быў таксама зняты відэакліп[17]. У красавіку гэтага ж года Юсефсан запісала трэцюю песню дуэтам з Данам Борнемаркам, «Hösten», з яго чарговага альбома дзіцячых песень «Minitrams 1».

Хелена скончыла навучанне па спецыяльнасці «Оптаметрыст» і атрымала дыплом Капенгагенскага універсітэта зімой 2014 года[7]. Яна працуе па спецыяльнасці на палову стаўкі ў адной з оптык горада Б’ерэд, дзе пражывае у цяперашні час з мужам і дзецьмі[18][19].

16 кастрычніка 2015 года адбылася прэм’ера новага альбома «Happiness». Гэты альбом быў запісаны сумесна з джазавым гуртом Kontur. На сумесным канцэрце ў клубе «Mejeriet» (Лунд, Швецыя) у кастрычніку 2014 года была запісаная песня «Det vi saknar nu», інтэрпрэтацыя песні «What the world needs now is love» амерыканскага кампазітара Берта Бакарака (відэа). Спявачка і Kontur таксама наведалі шведскія гарады Норчэпінг, Істад, Мальмё і Ландскруна з асобнымі паўнавартаснымі канцэртамі ў падтрымку новай пласцінкі.

26 верасня 2016 года ў студыі «Aerosol Grey Machine» пачаўся запіс чацвёртага сольнага англамоўнага альбома спявачкі. Па сцвярджэнні Юсефсан ў яе афіцыйным Фэйсбуку, у запісу прымалі ўдзел запрошаныя музыкі з Каліфорніі (бас-гітарыстка Мір’ям Спэер і ўдарніца Элізабэт Годфелаў) і з шведскага лена Сконэ (клавішнік Оскар Юхансан і Крыстафер Лундквіст). Пасля выхаду сольнага альбома Пэра Гесле «En vacker natt» 28 красавіка 2017 года, у запісу якога Юсефсан таксама прымала ўдзел, запіс яе сольнага альбома працягнуўся ў Швецыі. Спявачка распавяла ў сваім афіцыйным інстаграме, аб тым, што да 20 мая 2017 ўжо запісаныя 9 песень з 11. Таксама стала вядома, што ў запісу прымаюць удзел шведскі музыкант Ёакім Ліндберг, піяністка Каралін Леандэр, клавішнік Оскар Юхансан (шведск.: Oscar Johansson) і англійскі джазавы музыкант і кампазітар Джон Венкая (англ.: John Venkiah). Запіс сольнага альбома працягнуўся восенню 2017 пасля заканчэння гастрольнага тура Гесле «Ev vacker kväll».

Хелена Юсефсан і Пэр Гесле падчас гастрольнага тура En vacker kväll, Грэбестад, Швецыя. Ліпень 2017 года.

Летам 2017 года выйшаў другі сінгл праекта Mono Mind, у якім Юсефсан прымае ўдзел з Пэрам Гесле і Крыстаферам Лундквістам. Спявачка таксама прыняла ўдзел у летнім скандынаўскім гастрольным туры Пэра Гесле «En vacker kväll», прымеркаваным да выхаду яго восьмага сольнага альбома. Па заканчэнні тура спявачка працягнула працу над сваім трэцім сольным альбомам у студыі «AGM» у супрацоўніцтве з Крыстаферам Лундквістам. У верасні 2017 года ў Валаруме прайшла фота-сесія. У канцы 2017 года была выпушчаная чацвёртая песня, якую Юсефсан праспявала дуэтам з Данам Борнемаркам — «Udda fågel» з яго альбома «TYP».

У красавіку 2018 года Юсефсан сумесна з Крыстаферам Лундквістам далі два канцэрты ў шведскіх гарадах Мальмё і Крыстыянстад. У выступленнях прынялі ўдзел спецыяльныя госці — музыканты гурту Roxette клавішнік Кларэнс Эверман і басіст Магнус Бер’есан, а таксама гурты Sandy Mouche, Brainpool (у якой грае сам Лундквіст і ўдарнік Енс Ёнсан), амерыканская ўдарніца Элізабэт Годфелаў (прымала ўдзел у запісу апошніх альбомаў Хелены Юсефсан і Пэра Гесле) і шмат іншых[20][21].

Летам 2018 года Юсефсан выступіла ў якасці спецыяльнага госця на канцэрце гурта Sven-Ingvars ў амфітэатры «Дальхала» у шведскім горадзе Рэтвік. Акрамя яе ў выступленні прынялі ўдзел Сабіна Думба, Томас Андэрсан Вій і іншыя[22][23]. 15 жніўня спявачка апублікавала спасылку на сэрвіс SoundCloud з запісам першага сінгла «Michael» з будучага альбома «Beauty, Love, Anything». Песня выпушчаная ў двух версіях: арыгінал і рэмікс Voz Vibrante і прысвечаная Майклу Джэксану, прыхільніцай якога з’яўляецца Юсефсан і творчасць якога паўплывала на яе творчасць.

14 сакавіка 2019 года ў шведскім горадзе Мальмё прайшоў канцэрт, прысвечаны прэм’еры чацвёртага сольнага альбома спявачкі «Beauty, Love, Anything». Сам альбом быў афіцыйна выпушчаны на наступны дзень[24]. У канцы ліпеня таго ж года Юсефсан дала канцэрт у галерэі Томаса Вальнэра ў горадзе Сімрысхамн на паўднёвым усходзе Швецыі[25].

Грамадская дзейнасць

[правіць | правіць зыходнік]

У 2015 годзе Юсефсан ўдзельнічала ў дабрачынным канцэрце «We Act» у Мальмё, усе зборы ад якога накіроўваліся вымушаным перасяленцам і ўцекачам. Акрамя яе ў канцэрце прымалі удзел гурты The Cardigans, Brainpool і іншыя шведскія музыкі[26][27]. У 2016 годзе спявачка не змагла прыняць удзел у канцэрце, але выставіла на інтэрнэт-аўкцыён Tradera.se свой аўтапартрэт, напісаны алеем. Атрыманыя сродкі яна планавала перадаць фонду дапамогі бежанцам з Курдыстана. Хелена таксама рэгулярна здае кроў для патрэб Чырвонага крыжа. У сваім афіцыйным фэйсбуку спявачка распавяла, што яе група крыві B(+).

У 2017 годзе шведская грамадская арганізацыя Doc Lounge арганізавала дабрачынны тур па шасці жаночым турмах Швецыі. У туры прыняла ўдзел шведскі рэжысёр Джэсіка Нетэлбладт і валанцёры. У рамках акцыі было арганізавана наведванне шасці пенітэнцыярных устаноў: па дзве ў чэрвені, кастрычніку і лістападзе 2017 года. Падчас тура праходзіў паказ сацыяльнага дакументальнага фільма рэжысёркі Нетэлбладт «MonaLisa Story» (2015), саўндтрэк да якога стала песня «Hurt», напісаная Хеленай Юсефсан для гурта Sandy Mouche[28]; гэтую ж песню Хелена выконвала перад зняволенымі ў 4 турмах пры іх наведванні восенню 2017 года[18][29][30].

1. З альбома «Dynamo»

2. З альбома «Kyss mej»

  • «Fen & jag» (17 кастрычніка 2009)
  • «Kyss mej» (10 лютага 2010)
  • «Nån annanstans nån annan gång» (7 снежня 2010)

3. З альбома «Happiness» (супольна з гуртом Kontur)

  • «Time after time» (25 сакавіка 2015) — iTunes
  • «Happiness» (22 верасня 2015) — iTunes[32]

4. З альбома «Beauty, Love, Anything»

  • «Michael» (31 жніўня 2018)
  • «All the Blue» (22 лютага 2019)
  • «Enjoy Yourself» (3 мая 2019)

Па-за альбомны сінгл «Greensleeves» (9 жніўня 2019)

Супрацоўніцтва

[правіць | правіць зыходнік]
Хелена Юсефсан і гурт Kontur, 2015

Акрамя супрацоўніцтва з Пэрам Гесле, лідарам шведскіх гуртоў Roxette і Gyllene Tider, якое прынесла Хелене сусветную вядомасць, яна супрацоўнічала з іншымі музыкамі:

  • Хелена запісала 6 сумесных сінглаў з Араш, шведскім спеваком іранскага паходжання — «Arash» (2006), «Pure Love» (2008), «Broken Angel» (2010), «One Day» (2013), «Dooset Daram» (2018), «One Night In Dubai» (2019). Юсефсан таксама з’яўляецца адным з аўтараў песні «Dooset Daram», кліп на якую зняў украінскі рэжысёр Алан Бадоеў.[35]
  • У 2007 годзе Юсефсан выступіла бэк-вакалісткай на зборніку «The Collector» шведскага спевака Андрэаса Юнсана.[36]
  • У 2012 годзе сумесна са шведскім рокерам Робертам Петэрсанам Хелена запісала загалоўную тэму «My Own Worst Enemy» для саўндтрэку да фільма «Hamilton: In the Interest of the Nation».
  • З Нінай Персан (вакалісткай The Cardigans), Сесілія Нордлунд, а таксама двумя іншымі шведскімі спявачкамі, Хелена ўдзельнічала ў праекце tribute Долі Партон, у гонар вядомай амерыканскай кантры-спявачкі.
  • У красавіку 2014 года Хелена выступала на кватэрніку ў шведскім горадзе Мальмё з гуртом Vindla String Quartet (Караліна Карпінска, Марыя Бергстром, Эліна Найгрэн, Герда Холмквіст), дзе выканала кавер на песню бельгійскага шансанье Жака Брэля «Ne me quitte pas». Аб выступе пісала паўднёвашведская газета «Sydsvenskan».[37]
  • У красавіку 2014 года ў клубе «Вавілон» (Мальмё, Швецыя) прайшло выступленне Хелены і шведскага джазавага трыо Kontur!.
  • 23 чэрвеня 2014 года адбыўся рэліз песні, якую запісала Хелена ў супрацоўніцтве з дуэтам Kill FM (Кім Ліндэн Джымі і Андэрсан). Песня стала загалоўным сінглам з аднайменнага альбома ЕР «Don’t Go Dark». Кампазіцыя напісана калегам і сябрам Хелены, музыкам Пэрам Гесле (Roxette, Gyllene Tider). Прэм’ера песні адбылася на шведскай радыёстанцыі Swedish Radio P3.[38]
  • Супрацоўніцтва з гуртом Kontur працягнулася ў 2015 годзе запісам кавераў на сусветна вядомыя хіты («Time after time», «Ordinary world», «Det vi saknar nu» і інш.) і рэліз паўнавартаснага студыйнага альбома ў кастрычніку гэтага ж года. У 2016 годзе прайшло некалькі сумесных выступленняў у Швецыі.[39]
  • Летам 2016 года Хелена і бас-гітарыст Roxette Магнус Бер’есан выступілі разам на 11-ым штогадовым фестывалі «Goodnight Sun». Жанр, у якім выступалі артысты, яны самі ахарактарызавалі як «Chanson Electronique» (электра-шансон).[40]
  • 22 мая 2008 года Юсефсан была ўзнагароджана стыпендыяй культурнага фонду лена Сконэ «Sparbanksstiftelsen» у памеры 50 000 шведскіх крон (прыкладна €5000).[41][42]

Водгукі крытыкаў

[правіць | правіць зыходнік]
  • Пэр Гесле ў інтэрв’ю перад варшаўскім канцэртам у 2009 годзе распавёў пра Хелену: «Яна цудоўная, проста неверагодная і вельмі непрадказальная ў той жа час. Яна ніколі не спявае песню аднолькава, заўсёды мяняе нешта ў студыі ці на канцэртах. Калі я працую з ёй, то запісваю ўсё і потым у мяне ўзнікае праблема, таму што я не ведаю, якую версію выбраць. Хелена — уладальніца сапраўды ўнікальнага голасу і таленту. У выпадку з альбомам „Party Crasher“ яе роля вакалісткі амаль такая ж значная, як і мая. З самага пачатку я хацеў, каб яна была часткай праекта. Якія песні будзе спяваць яна, а якія я, мы вырашалі з самага пачатку запісу разам.»[43].
  • Хокан Энгстром (Håkan Engström), музычны крытык шведскай газеты «Sydsvenskan», даў станоўчую ацэнку выступленню Хелены на зборным канцэрце (25 снежня 2009 года, «Debaser», Мальмё, Швецыя), прысвечаным памяці Майкла Джэксана[13].

Водгукі крытыкаў на выступы падчас тура «En vacker kväll» (2017)

[правіць | правіць зыходнік]
  • Алекс Бергдаль з шведскай газеты «Blekinge Läns Tidning» распавядае аб канцэрце Пэра Гесле у Карльскруна. Бергдаль называе бэк-вакалістку Хелену Юсефсан «выбітнай спявачкай»[44].
  • Томас Бенэлід, карэспандэнт шведскай газеты «Bohusläningen», піша пра канцэрт Пэра Гесле ў Грэбестадзе. Бенэлід называе выкананне песні «It must have been love» (дуэт Гесле-Юсефсан) «незвычайна моцным»[45].
  • Б’ёрн Нюстрэм, аглядальнік NSD, распавядае аб канцэрце Гесле ў горадзе Пітеа. У адсутнасці Мары Фрэдрыксан вакал Хелены Юсефсан называецца «выдатнай спробай», а класічная песня «It Must Have Been Love» (дуэт Гесле-Юсефсан), на думку крытыка, «гучыць лепш, чым ён калі-небудзь чуў яе». Крытык асабліва адзначае «выдатнае» выкананне песні «Första pris» (дуэт Гесле-Юсефсан) з апошняга альбома «En vacker natt» (2017)[46].
  • Газета вострава Эланд «Ölandsbladet» піша пра канцэрт Гесле ў Боргхольмскам замку. Яе аглядальнік Петэр Бусртом асабліва адзначае: «пацешна, якую ролю грае Хелена Юсефсан у выступе. Яна сапраўды гэтага заслугоўвае пасля ўсіх гадоў працы бэк-вакалісткай. Яе выкананне „Segla på ett moln“ сапраўды становіцца жамчужынай ў руінах»[47].
  • Вермландская газета «Värmlands Folkblad» піша пра выступ Пэра Гесле ў горадзе Арвіка. Яе аглядальнік Юакім Магнусан піша аб выкананні песень Roxette на канцэрце ў адсутнасці Мары Фрэдрыксан, аднак экспліцытна заўважае, што «Хелена Юсефсан [і] ёчць Мары Фрэдрыксан», а таксама называе новую песню «Första pris», якую Гесле і Юсефсан выконвалі дуэтам, «новай улюбёнай песняй, выкананай ўжывую»[48].
  • Пэр Гесле, з якім Юсефсан выступала на 21 канцэрце падчас тура, назваў яе «абсалютнай спявачкай сусветнага ўзроўню» (шведск.: Helena Josefsson är en sångerska i absolut världsklass)[49].
  1. а б Josefsson, Helena Marianne // Sveriges befolkning 2000Sveriges Släktforskarförbund, 2020. Праверана 8 студзеня 2023.
  2. а б Roxette fortsätter — 2022. Праверана 25 сакавіка 2022.
  3. https://www.sydsvenskan.se/2013-05-08/sandy-mouche
  4. а б в Gabriella Nilsson. Helena vågade - och hittade sin egen värld (16 лютага 2011).(недаступная спасылка)
  5. Афіцыйны сайт Sandy Mouche — Біяграфія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 8 красавіка 2014. Праверана 8 красавіка 2021.
  6. Sara Martelius. Gröna vågen banade väg för en kreativ by (17 сакавіка 2016).
  7. а б Jan Andersson. Byter pop mot jazz (8 жніўня 2015).
  8. Афіцыйны сайт Sandy Mouche — Біяграфія. Архівавана з першакрыніцы 8 красавіка 2014. Праверана 15 лістапада 2008.
  9. Helena har stått vid Gessles sida i 14 år.
  10. а б в Lindström 2014
  11. Wikström & Ross 2019
  12. Kristin Lundell. Per Gessle drar på sig discosviden (16 лістапада 2008).
  13. а б Håkan Engström. Vokalisternas och glittrets afton (26 снежня 2009).
  14. Jag är min egen Dolly Parton (2011).
  15. TDR — Helena Josefsson to appear on Swedish musical game show(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 12 лістапада 2011. Праверана 8 красавіка 2021.
  16. Агент Хамілтон: У інтарэсах нацыі (2012).
  17. rampac. My Own Worst Enemy - Robert Pettersson feat. Helena Josefsson (13 студзеня 2012).
  18. а б Per Kågström. Helena har stått vid Gessles sida i 14 år (7 жніўня 2017).
  19. Lill Eriksson. "Jag uppmuntrar barnen att drömma" (10 лістапада 2018).
  20. Doldisar från Vallarum och Lunnarp frontar på konsert (15 красавіка 2020).
  21. Meriterade doldisar tar steget fram (10 красавіка 2018).
  22. RECENSION: Publiken bara måste dansa på “Sven-Ingvars” hyllningskonsert (30 ліпеня 2018).
  23. SVEN-INGVARS – NY SINGEL MED NYE SÅNGAREN OSCAR MAGNUSSON – ”DU OCH JAG” (15 чэрвеня 2018).
  24. Jonas Gillberg. Victoriateatern satsar på Marta Gómez, Thorsten Flinck och Helena Josefsson i vår (6 снежня 2018).
  25. Handfast kulturfestival drog fullt (12 жніўня 2019).
  26. WE ACT — Refugees fundraising event.
  27. Helena Josefsson och Kontur gästas av Magnus Tingsek och tillsammans skapar de magi på scenen den 9 december(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 25 кастрычніка 2016. Праверана 8 красавіка 2021.
  28. MonaLisa Story (2015) Soundtracks.
  29. Doc Lounge prison tour continues and results in a book!(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 4 кастрычніка 2017. Праверана 8 красавіка 2021.
  30. Fängelseprojektet blir bok och datumen för höstens turné är här! (28 верасня 2017).
  31. Helena Josefsson Official Site — Tour
  32. Sångerskan Helena Josefsson live i studion
  33. YouTube — Helena Josefsson — Fen & jag
  34. YouTube: Helena Josefsson — Kyss mej
  35. ARASH feat. Helena — DOOSET DARAM (Official Video), YouTube
  36. Helena Josefsson to release a solo album
  37. Sydsvenskan.se — Lägenhetskonsert med Vindla String Quartet Архівавана 6 сакавіка 2016.
  38. Kavlinge.se — Välgörenhet med skärpa
  39. Helena Josefsson med jazzinfluenser
  40. Goodnight Sun
  41. SPARBANKSSTIFTELSEN SKÅNES KULTURSTIPENDIER(недаступная спасылка)
  42. Christoffer Lundquist is mixing Helena’s second solo album (I): my lucky day was yesterday!, Le Journal des Mouches
  43. Second interview for Polish media(недаступная спасылка) (15 красавіка 2009). Архівавана з першакрыніцы 13 жніўня 2014. Праверана 8 красавіка 2021.
  44. Alex Bergdahl. Sommaren tillhör Gessle.
  45. Tommas Bennelid. Tidlös konsert av Gessle(недаступная спасылка) (24 ліпеня 2017). Архівавана з першакрыніцы 27 сакавіка 2019. Праверана 8 красавіка 2021.
  46. Björn Nyström. Recension: Per Gessle hit-bombade Havsbadet(недаступная спасылка) (30 ліпеня 2017). Архівавана з першакрыніцы 14 ліпеня 2018. Праверана 8 красавіка 2021.
  47. Peter Boström. Per Gessletider….
  48. Joakim Magnusson. Gessles bästa blandband(недаступная спасылка) (4 жніўня 2017). Архівавана з першакрыніцы 5 жніўня 2020. Праверана 8 красавіка 2021.
  49. Jan-Owe Wikström. Per Gessle uppträder på hemmaplan (10 жніўня 2017).
  • Lindström S. Roxette: den osannolika resan tur och retur. — Norstedt, 2014. — 271 p. — ISBN 9789113056524.
  • Wikström J-O., Ross A. Gyllene Tider 2.019 – en sista refräng / Gyllene Tider - genom tiderna. — CA Andersson, 2019. — 230 p. — ISBN 9789198447767.