Перайсці да зместу

Шкоты

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Шкоты, Шоты — у беларускіх і польскіх крыніцах XVI—XVII стагоддзяў назва шатландскіх імігрантаў, аселых у Рэчы Паспалітай.

Яшчэ ў 1503 годзе Петркоўскі сейм разглядаў праект пасялення шатландскіх каланістаў у літоўскіх замках на Дняпры, спустошаных пад час вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім 1500—1503 гадоў. Пазней шатландцы з'яўляюцца ў Княстве і як наёмнікі ў войску, і як мірныя дробныя гандляры. У апошняй якасці з 1563 года сеймавыя канстытуцыі згадваюць іх як сур'ёзных канкурэнтаў мясцоваму купецтву і абкладаюць дадатковымі падаткамі. Нягледзячы на скаргі і пераслед, шкоты неўзабаве амаль манапалізавалі гандаль цэлымі катэгорыямі тавараў, вядомымі як «речи шкоцкие» -- ручнікі і рукавіцы, пацеркі і бялілы, венікі і нажы, грабяні і ніткі, іголкі, напарсткі і панчохі і іншае. Пасяленне шкотаў у Рэчы Паспалітай набыло такі размах і вядомасць, што англійскі драматург Джон Уэбстэр пісаў у п'есе «Белы д'ябал» (1610) пра «сорак тысяч шатландскіх гандляроў у Польшчы». У 1583 годзе пад час паломніцтва ў Палесціну Мікалай Крыштоф Радзівіл «Сіротка» пісаў пра ўбачаных ім у Сірыі вулічных гандляроў-друзаў, што яны «як нашы шкоты ў корабах розныя дробныя рэчы для продажу носяць па вуліцах». Адным з найбольш вядомых прафесараў філасофіі Віленскага ўніверсітэта ў XVI стагоддзі (1570—1575) быў вядомы езуіт з Шатландыі Джон Хэй (1546—1607). Медны шатландскі пэні з 1640-х гадоў стаў першым прадстаўніком меднага манетнага абарачэння на тэрыторыі Беларусі.

З'яўляючыся кальвіністамі па веравызнанні, шкоты пераважна сяліліся ў гарадах і мястэчках, якія належалі літоўскім магнатам-кальвіністам. Асабліва вялікія калоніі шкотаў у XVII стагоддзі існавалі ў рэзідэнцыях кальвінісцкай галіны РадзівілаўСлуцку і Кейданах. Паводле ўспамінаў шкота П. Гордана, Януш Радзівіл і яго сын Багуслаў «мелі кампанію цалкам або пераважна з шатландцаў». Некаторыя з іх пры фундатарстве Радзівілаў займаліся навукай і мастацтвам; напрыклад, Дж. Джонстан выдаў у 1665 годзе ў Амстэрдаме кнігу «Thaumatographia Naturalis», прысвечаную Янушу і Багуславу Радзівілам.

У войнах Рэчы Паспалітай з Расіяй шкоты ўдзельнічалі як наёмнікі з абодвух бакоў, часам па некалькі разоў пераходзячы да праціўніка. Вялікая колькасць шкотаў з войска шведскага генерала Горна трапіла ў палон да літоўскага рэферэндара Аляксандра Гасеўскага пры заняцці ім крэпасці Белай на Смаленшчыне ў 1610 годзе. Пры асадзе Смаленску ў 1634 годзе пад камандай Гасеўскага была шатландская драгунская харугва (200 чалавек).

Паступова шкоты асіміляваліся мясцовым насельніцтвам, прымалі традыцыйныя беларускія імёны і прозвішчы. Так, у рэестры пінскіх купцоў (1620-я) пералічаныя 4 шкоты: «Томило Олешкович; Петр Шимкович; Олешко Охремович; Луцъя Литвинович».

  • Алесь Белы Шкоты // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т.. — Мн. : БелЭн
  • Steuart A.F. Scottish influence in Russian History. Glasgow, 1913.
  • Steuart A.F. Papers relating to the Scots in Poland. 1576—1793. Edinburgh, 1915.
  • Zins H. Polska w oczach Anglików. Warszawa, 1974.
  • Рябцевич В. Н. О чем рассказывают монеты. Мн., 1977.
  • Michael Broun Ayre. The Scottish community in the Grand Duchy of Lithuania, 1630—1750. — Kaunas : Humanitas, 2019. — 385 p