Энцы
Энцы (эннэчэ) | |
Агульная колькасць | 201 |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Расія |
Мова | энецкая |
Рэлігія | Праваслаўе, анімізм, культ продкаў |
Блізкія этнічныя групы | ненцы, нганасаны, селькупы |
Э́нцы (саманазва эннэчэ, літаральна «чалавек») — народ, карэнныя насельнікі Паўночнай Сібіры. Жывуць пераважна ў Краснаярскім крае Расіі каля ракі Енісей. Агульная колькасць у Расіі — 201 чалавек (2021).
Паходжанне
[правіць | правіць зыходнік]Энцы — самадыйцы, блізкія па паходжанню да ненцаў і нганасанаў. Лічыцца, што іх продкі трапілі з поўдню Сібіры на поўнач па рацэ Енісей, дзе асімілявалі мясцовае карэннае насельніцтва, што жыло тут з часоў неаліту. Часткова гэта падцвярджаецца тым, што назвы некаторых энецкіх родаў паўтараюць назвы родаў селькупаў і тафалараў. Сучасная адзіная назва ўзнікла толькі ў 1930-ыя гг. Раней звалі сябе па назвах родаў, а таксама самату (тундравыя роды), пэ-бай (лясныя роды). Рускім яны былі вядомы з канца XV ст. як самоеды, молгонзеи, монгозеи.
У XVII ст. пад ціскам суседзяў, ненцаў і селькупаў, адступілі на ўсходні бераг ракі Енісей. Нягледзячы на тое, што сутычкі з ненцамі працягваліся да сярэдзіны XIX ст., фарміраванню агульнай энецкай супольнасці садзейнічала тое, што некаторы час лясныя і тундравыя роды качавалі разам.
Культура
[правіць | правіць зыходнік]Галоўным заняткам доўгі час заставалася паляванне на дзікага аленя, футравых звяроў, птушак. Палявалі з лукам і стрэламі, ціскавымі пасткамі, ставілі сеткі на дзікую жывёлу паміж азёрамі, на рачных пераправах і г. д. З міграцыяй дзікіх аленяў былі звязаны сезонныя перасяленні паляўнічых разам з сем’ямі. На Енісеі лавілі рыбу. Паўнавартая аленегадоўля ўзнікла толькі ў савецкі час, калі энцы пад ціскам улад былі вымушаны перайсці да аселасці.
Традыцыйнае жытло — канічны чум. Акрамя наземных чумаў, выкарыстоўваліся зімовыя чумы з ўваходам з левага боку на нартах. Сучасныя энцы жывуць у сучасных паселішчах у зборных хацінах. Народная вопратка тундравых энцаў нагадвае нганасанскую, а лясных — ненецкую.
Да XIX ст. энецкія роды фактычна з’яўляліся пашыранымі экзагамнымі сем’ямі, у якіх адлік сваяцтва вёўся па мужчынскай лініі. У 1822 г. расійскія ўлады ператварылі роды ў адміністрацыйныя адзінкі, з якіх збіраўся ясак. Гэта садзейнічала пераўтварэнню родаў у суседскія абшчыны.
Энцы маюць багаты фальклор — міфалагічныя і гістарычныя паданні, казкі, песні. Развіты мастацкая аплікацыя, разьба па косці (у тым ліку мамантавай).
Мова
[правіць | правіць зыходнік]Энецкая мова належыць да самадыйскай групы. Падзяляецца на лясны і тундравы гаварковыя дыялекты.
Рэлігія
[правіць | правіць зыходнік]Традыцыйная рэлігія заснавана на веры ў адушаўлёнасць усіх прадметаў навакольнага свету, духаў-гаспадароў прыроды. У чумах захоўваліся антрапаморфныя выявы продкаў, якія быццам бы ахоўвалі род. Найвышэйшым бажаством лічылася Дзя-меню, маці Зямлі. Высока шанаваўся яе сын Дзюба-нга, які падараваў чалавеку аленяў. Былі распаўсюджаны розныя віды ахвярапрынашэнняў.
Афіцыйна праваслаўе прынялі толькі лясныя энцы. У наш час колькасць вернікаў, якія наведваюць царкву, нязначная.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Наследие финно-угорских народов Архівавана 11 сакавіка 2016.
- Энцы на indigenous.ru
- Ассоциация финно-угорских народов РФ Архівавана 19 кастрычніка 2013.
- The Red Book of the Peoples of the Russian Empire