Якаб Хурт

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Якаб Хурт
эст.: Jakob Hurt
Дата нараджэння 22 ліпеня 1839(1839-07-22)[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 13 студзеня 1907(1907-01-13)[1] (67 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Дзеці Rudolf Hurt[d]
Род дзейнасці мовазнавец, багаслоў, пісьменнік, архівіст
Альма-матар
Член у
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Я́каб Хурт (эст.: Jakob Hurt, 22 ліпеня 1839, в. Хімастэ, Вераскі павет, Ліфляндская губерня, Расійская імперыя — 13 студзеня 1907, Санкт-Пецярбург, Расійская імперыя) — эстонскі фалькларыст, багаслоў, лінгвіст і грамадскі дзеяч.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Дзяцінства і юнацтва[правіць | правіць зыходнік]

Якаб Хурт нарадзіўся ў эстонскай вёсцы Хімастэ ў сялянскай сям'і. Яго бацька — бедны, але пісьменны і набожны — працаваў сельскім школьным настаўнікам. Нягледзячы на беднату, Якаб паспяхова скончыў сельскую школу, прыхадское і сельскае вучылішчы. У 1859 годзе ён паступіў у Тартускі ўніверсітэт, пры гэтым сутыкнуўшыся з пэўнымі цяжкасцямі: здольнага маладога чалавека прынялі на навучанне, але пры гэтым прызналі «асобай зусім без маёмасці»: выкладчыкі Тартускай гімназіі, дзе вучыўся Хурт, сабралі яму 100 рублёў. З улікам далейшых жыццёвых перспектыў, а таксама патрабаванняў бацькі, Якаб паступіў ва ўніверсітэт на багаслоўскі факультэт, хоць самога юнака прыцягвалі такія навукі, як філалогія і фалькларыстыка[3].

Яшчэ студэнтам Хурт стаў браць удзел у працы Эстонскага навуковага таварыства. У 1863 годзе ён выдаў зборнік народных паданняў Пылваскага прыхода. Вядомы лінгвіст, спецыяліст па фіна-ўгорскіх мовах, член Пецярбургскай акадэміі навук Фердынанд Іванавіч Відэман зрабіў Якаба сваім памочнікам у працы па вывучэнні паўднёваэстонскіх дыялектаў. У 1864 годзе Хурт выпусціў невялікую брашуру ў падтрымку новай арфаграфіі эстонскай мовы. У наступным годзе ён скончыў Тартускі ўніверсітэт кандыдатам багаслоўя. Кандыдацкая дысертацыя Хурта была прысвечана даследаванню дзейнасці Хейнрыха Шталя — пастара і вядомага літаратара, стваральніка першага падручніка эстонскай мовы.

Якаб Хурт у 1866 годзе

Пасля заканчэння ўніверсітэта Якаб уладкаваўся дарэктарам дзяцей акадэміка А. Ф. Мідэндорфа, адначасова стажыруючыся ў отэпяскай царкве. Аднак кансісторыя ў Рызе не зацвердзіла яго кандыдатуру на пастарскую пасаду, і Хурт, здаўшы настаўніцкі экзамен пры ўніверсітэце, у 1868 годзе з'ехаў на востраў Саарэмаа, а потым, праз некаторы час, вярнуўся ў Тарту (Юр'еў), дзе стаў настаўнікам у гімназіі[3].

Тартускі перыяд[правіць | правіць зыходнік]

Тартускі перыяд у жыцці Якаба Хурта стаў вельмі плённым. У 1869 годзе ён — член аргкамітэта I Усеэстонскага пеўчага свята — быў абраны прэзідэнтам Таварыства эстонскіх літаратараў, а таксама прэзідэнтам камітэта па стварэнні Аляксандраўскага вучылішча. Гэта вучылішча, названае ў гонар Аляксандра II Вызваліцеля, было створана па ініцыятыве эстонскага сялянства.

На працягу двух гадоў Хурт выконваў абавязкі прэзідэнта Тартускага таварыства эстонскіх земляробаў. У 1872 годзе ён стаў пастарам у пасёлку Отэпя. Уплыў новага пастара ў прыходзе быў вельмі вялікім: пры яго садзейнічанні былі пабудаваны тры школы, створаны тры аркестры, перапрацаваны парадак навучання ў школах[3].

У пачатку 1870-х гадоў Якаб Хурт сур'езна захапіўся фалькларыстыкай. Ён прыцягнуў да збору эстонскага фальклору 114 чалавек, якія сабралі каля 13 тысяч тэкстаў у 58 прыходах. Матэрыялы былі аб'яднаны ў корпус тэкстаў «Monumenta Estoniae Antiquae», на іх базе публікаваліся зборнікі народных песень «Старыя гуслі» («Vana kannel»), першыя два з якіх, а таксама трохтомнік «Setukeste laulud», выйшлі пры жыцці Хурта пад яго рэдакцыяй.

У Пецярбургу[правіць | правіць зыходнік]

Хурт у пастарскім аблачэнні, Санкт-Пецярбург, пачатак XX стагоддзя

Да 1880 года канчаткова абвастрыліся адносіны Хурта з нямецкімі і анямечанымі святарамі, што вымусіла яго пакінуць прыход у Отэпі і з сям'ёй перабрацца ў Санкт-Пецярбург, стаўшы пастарам Яніскага прыходу. У расійскай сталіцы на той момант пражывала прынамсі 20 тысяч эстонцаў, і гэта давала Хурту вялікія магчымасці для заняткаў фалькларыстыкай. У 1886 годзе ён абараніў доктарскую дысертацыю па мовазнаўстве ў Гельсінгфорсе, атрымаўшы ступень доктара філасофіі.

У 1888 годзе пастар узначаліў арганізаваны ім масавы рух па зборы эстонскіх народных песень, легенд, паданняў, павер'яў. Яго заклік падтрымалі 1400 валанцёраў. Гэтыя добраахвотныя карэспандэнты наведвалі эстонскія дамы і збіралі фалькларыстычны матэрыял, які ў выніку склаў прыблізна 124 000 старонак. Пасля гэты матэрыял сістэматызаваўся Хуртам і яго памочнікамі і аб'ядноўваўся ў асобныя тамы. Як следства, у Эстоніі быў створаны адзін з найбагацейшых фондаў нацыянальнага фальклору: 162 тамы, якія складаюцца з 114700 старонак. Былі запісаны і захаваны для нашчадкаў і навукі 47556 народных песень[3].

З-за фінансавых цяжкасцей свет пабачылі толькі два зборнікі народных песень з шасці: яны былі выдадзены ў 1875 і 1876 гадах, аб'яднаныя пад назвай «Старыя гуслі» («Vana kannel»). Яшчэ два зборнікі былі выдадзены праз некаторы час, у 1938 і 1941 гадах, ужо задаўга пасля смерці Хурта. Хурт таксама выдаў тры калекцыі зборнікаў «Песні Сетуса» («Setukeste laulud») паміж 1894 і 1907 гадамі.

Смерць[правіць | правіць зыходнік]

Партрэт Якаба Хурта на банкноце вартасцю 10 крон

Шматгадовая бесперапынная праца, якая суправаджалася пастаянным напружаннем, падарвала здароўе Якаба Хурта, і 13 студзеня 1907 года ён памёр ва ўзросце 67 гадоў. Пахаванне выдатнага лінгвіста і багаслова адбылося ў Тарту пры вялікім сходзе народа. Пахаваны на могілках Раадзі.

Памяць[правіць | правіць зыходнік]

Унёсак Якаба Хурта ў эстонскую навуку і культуру высока шануецца ў сучаснай Эстоніі: на працягу амаль дваццаці гадоў, пакуль Эстонія не перайшла на еўра, яго партрэт знаходзіўся на пярэднім боку банкноты вартасцю 10 эстонскіх крон. На тэрыторыі краіны ёсць таксама некалькі помнікаў Хурту. Самыя вядомыя з іх — гэта помнікі ў Тарту[4] і Отэпя[5], дзе пастар жыў і працаваў.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Rudolf Põldmäe, «Noor Jakob Hurt». Eesti Raamat, Tallinn 1988
  • «Jakob Hurt 1839—1907». Koostanud Mart Laar, Rein Saukas, Ülo Tedre. Eesti Raamat, Tallinn, 1989
  • Mart Laar, «Raamat Jakob Hurdast». Ilmamaa, Tartu 1995

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]