Аляксандр Надсан
Аляксандр НАДСАН, сапр. БОЧКА (нар. 8 жніўня 1926, Гарадзея) — беларускі грэка-каталіцкі святар, апостальскі візітатар для беларусаў-каталікоў у замежжы.
Нарадзіўся ў сям'і настаўнікаў. Падчас нацысцкай акупацыі вучыўся ў настаўніцкай семінарыі ў Нясвіжы (скончыў у 1943). Скончыў курсы кіраўнікоў Саюзу беларускай моладзі ў Альбертыне, мінскую афіцэрскую школу Беларускай Краёвай Абароны.
З 1944 — на эміграцыі. Удзельнік Руху Супраціўлення ў Францыі. Ваяваў у 2-м Польскім корпусе генерала Андэрса, паранены ў бітве пад Монтэ-Касіна (Італія). З 1946 жыве ў Вялікабрытаніі. Выпускнік матэматычнага факультэта Лонданскага ўніверсітэта (1953). Стваральнік, кіраўнік (1951-53) Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі. Магістр багаслоўя рымскай грэчаскай калегіі (1953-58). У 1958-м прыняў святарскае свячанне. Дырэктар школы-інтэрнату імя Кірылы Тураўскага пры Беларускай каталіцкай місіі (1966-75). Заснавальнік і кіраўнік бібліятэкі імя Ф. Скарыны ў Лондане (з 1971). Кіраўнік беларускае каталіцкае місіі ў Вялікабрытаніі (з 1981). Апостальскі візітатар для беларусаў-каталікоў у замежжы (з 1986). Старшыня Беларускага камітэта дапамогі ахвярам радыяцыі ў Вялікабрытаніі (з 1989).
Пераклаў з грэчаскай і славянскай моваў на беларускую значную частку корпуса ўсходніх літургічных тэкстаў. Аўтар больш за 250 навуковых публікацыяў, кніг па гісторыі Беларусі і гісторыі беларускага хрысціянства ХХ ст, малітаўніка «Госпаду памолімся» (2002), які ёсць афіцыйным тэкстам набажэнстваў Беларускай грэка-каталіцкай царквы. Вызначыў год выдання «Малой падарожнай кніжкі» Скарыны (1522), а таксама расчытаў ды ўвёў у навуковы ўжытак аль-кітабы беларускіх татараў.
Ганаровы доктар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (Вільня). Ведае 9 моў.
Літаратура [правіць]
- Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны / Уклад.: Ю. Гарбінскі. — Мн.-Мюнхен: Беларускі кнігазбор, 1999. ISBN 985-6318-65-3
- Лашкевіч К. Айцец Аляксандр Надсан: «Мы ж не будзем карміць вашы ўлады!» // ТUT.BY: Новость дня. 26.04.2010, 20:24.