Берберскія карсары

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Берберскі карсар, мал. 1650 г.

Бербе́рскія карса́ры - піраты і капёры Паўночнай Афрыкі. Назва паходзіць ад берберскіх народаў, якія насяляюць гэты рэгіён.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Дзейнасць мусульманскіх піратаў у Міжземным моры назіраецца з IX ст. Аднак у сярэднявеччы пірацтвам таксама займаліся многія хрысціяне, асабліва выхадцы з міжземнаморскіх астравоў, Каталоніі, Далмацыі. У перыяд Крыжовых паходаў хрысціянскія піраты дзейнічалі нават у Чырвоным моры.

У XV ст. актыўнасць мусульманскіх піратаў значна пашырылася дзякуючы палітычнаму бязладдзю на поўначы Афрыкі і падтрымцы Асманскай Порты. У XVI ст. галоўнымі цэнтрамі піратаў сталі Туніс, Алжыр, Трыпалі, узбярэжжа Марока. Фармальна яны ўваходзілі ў склад Асманскай Порты, але ў рэчаіснасці там паступова склаліся паўнезалежныя пірацкія дзяржавы.

У XVI ст. дзейнасць піратаў мела важнае значэнне для ўсталявання эфектыўнага кантролю над Міжземным морам. Часам яны суправажалі флот султана і ўдзельнічалі ў ваенных аперацыях. Многія пірацкія рэйды ўзначальвалі самі берлібеі - прадстаўнікі Асманскай адміністрацыі. Спробы еўрапейскіх дзяржаў умацавацца ў Паўночнай Афрыцы суправаджаліся гучнымі паразамі.

У шэрагах берберскіх карсараў таксама аказваліся марыскі, выхадцы з астравоў Эгейскага мора і Леванта. Многія з іх пазней пераходзілі непасрэдна на дзяржаўную службу. Так, Хайрадзін Барбароса (1478 - 1546 гг.) нарадзіўся на востраве Лесбас, займаўся гандлем, ваяваў супраць хрысціян, быў у палоне, пасля чаго пачаў кар'еру карсара першапачаткова ва Ўсходнім Міжземнамор'і, але ў 1503 г. разам з братамі стварыў асноўную базу на Джэрбе. Дзякуючы сваім смелым рэйдам ён праславіўся сярод асманаў і еўрапейцаў, атрымаў некалькі мянушак. У 1516 г. Хайрадзін вызваліў Алжыр, далучыў яго да Порты і атрымаў тытул губернатара.

Берберскія карсары рабілі напады на еўрапейскія гандлёвыя судны, але часцей на ўзбярэжныя парты і паселішчы для захопу палонных. Частка палонных выкуплялася, але большасць прадавалася ў рабства. Па прыкладных падліках, з XVI ст. да XIX ст. было захоплена ад 800 тыс. да 1,25 млн. рабоў. Карсары таксама дзейнічалі ў Атлантычным акіяне, у асноўным уздоўж узбярэжжа Афрыкі, але таксама дасягалі Паўднёвай Амерыкі і на поўначы - Ісландыі.

XVII ст. стала пікам дзейнасці берберскіх піратаў. Гэтаму спрыяла тое, што еўрапейскія дзяржавы самі імкнуліся выкарыстоўваць карсараў у сваіх мэтах для аслаблення ўзаемнай канкурэнцыі. У XVI - XVII стст. склалася пэўная сістэма кіравання пірацкім промыслам. На чале каманд піратаў стаялі капітаны, якія маглі аб'ядноўвацца пад уладай аднаго правадыра рэзія. 10% ад кошту трафеяў выплочвалася асманскаму (пазней мясцоваму) бею.

Але з друг. пал. XVII ст. еўрапейскія дзяржавы перайшлі ў наступ. Дзякуючы лепшым вялікім суднам і ўзбраенню яны праводзілі карныя акцыі і вымушалі кіраўнікоў паўночнаафрыканскіх дзяржаў заключаць дамовы аб ненападзе. Пірацкі промысел канчаткова прыйшоў у заняпад у XIX ст. пасля захопу Алжыра Францыяй.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]