Дабравешчанская царква, Супрасль
Дабравешчанская царква ў Супраслі — помнік архітэктуры Вялікага Княства Літоўскага, прадстаўнік «абароннага дойлідства». Комплекс у Супраслі быў адным з галоўных інтэлектуальных цэнтраў Вялікага Княства Літоўскага нароўні з Кіева-Пячорскай лаўрай і Вільняй[1].
Уваходзіць у комплекс пабудоваў праваслаўнага Супраслеўскага манастыра, аднаго з шасці ў Польшчы.
Гісторыя [правіць]
- 1505—1510 — пабудаваны маршалкам ВКЛ А. Хадкевічам.
- 1511 — царква асвечана.
- 1557 — інтэр'ер аздоблены фрэскамі.
- 1-ая пал. ХVIІ — перададзена ўніяцкай царкве.
- 1771 — завяршэнне вежаў і інтэр'ер перароблены ў стылі барока.
- 28 ліпеня 1944 — узарваная немцамі пры адступленні.
- 1964—1966 — адрэстаўраваная. Беларускі ўрад у пачатку 1990-х выдаткаваў на святыню 200 тысяч штук цэглы і 500 м³ граніту[2].
Архітэктура [правіць]
Помнік гатычнага праваслаўнага храмабудаўніцтва ў ВКЛ, Супраслеўская царква ўяўляе сабой мадыфікаваную версію характэрнага для візантыйскай традыцыі крыжова-купальнага храма з рысамі каталіцкай базілікі. Спалучэнне гатычных элементаў з візантыйскімі дало падставу назваць гэты стыль готыкай ВКЛ[3]. Пяцівежавая кампазіцыя царквы набліжае яе да Сафійскага сабора ў Полацку і Прачысценскай царквы ў Вільні.
Храм мае выразныя абарончыя рысы. Чатыры нарожныя вежы мелі выразна абарончае прызначэнне, а вось пятая, якая мусіла сімвалізаваць цэнтральны купал, у спалучэнні з высокім гатычным дахам набыла празмерна выцягнуты выгляд. Дойлід Супраслеўскай царквы дасягнуў вельмі высокага майстэрства ў інтэрпрэтацыі гатычных формаў і тэхналогій і прыстасаванні іх да праваслаўнай традыцыі.
Зноскі
- ↑ „Еўропа ўзрушана смерцю Браніслава Герэмека” — News from Poland.
- ↑ Андрэй Скурко Маленькая скварачка ў вялікай кашы — Радыё «Свабода».
- ↑ Уладзімір Міхневіч Супрасль — Польскае радыё для замежжа.