Знішчыць горад, каб выратаваць яго

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Знішчыць горад, каб выратаваць яго (іншы варыянт: «знішчыць вёску, каб выратаваць яе») — адна з самых знакамітых фраз перыяду вайны ў В’етнаме (19651973). Падчас вайны шырока выкарыстоўвалася амерыканскімі журналістамі ў самых розных кантэкстах. З-за частага цытавання арыгінальны варыянт гэтай фразы і яе крыніца досыць складана вызначыць.

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

30—31 студзеня 1968 Нацыянальны фронт вызвалення Паўднёвага В’етнама пачаў сваё першае стратэгічнае наступленне, атакаваўшы гарады і стратэгічныя аб’екты на ўсёй тэрыторыі краіны. У гісторыю В’етнамскай вайны гэта падзея ўвайшла як Тэцкае наступленне.

Адным з аб’ектаў атакі стаў невялікі горад Бенчэ (цяпер сталіца аднайменнай правінцыі Бенчэ), размешчаны ў дэльце Меконга на поўдзень ад Сайгона. У выніку нападу горад у той ці іншай ступені перайшоў пад кантроль НФВПВ. Сілы 9-й пяхотнай дывізіі ЗША пры падтрымцы авіяцыі і артылерыі ўступілі з праціўнікам у вулічныя баі, у канчатковым рахунку выбіўшы яго адсюль. У ходзе баявых дзеянняў многія дамы ў Бенчэ былі пашкоджаны або разбураны.

7 лютага 1968 года карэспандэнт «Асашыэйтэд Прэс» Пітэр Арнэт (які пасля атрымаў шырокую вядомасць сваім асвятленне баявых дзеянняў у Іраку ў 1991 і 2003 гадах) адправіў у сайгонскі офіс агенцтва нататку аб бітве за Бенчэ. У нататцы, у прыватнасці, згадвалася аб тым, што нейкі амерыканскі маёр, імя якога Арнэт катэгарычна адмовіўся выдаваць, заявіў: «Было неабходна знішчыць горад, каб выратаваць яго» (англ.: It became necessary to destroy the town to save it)[1]. Фраза зрабіла сапраўдную сенсацыю ў ЗША, была падхоплена іншымі сродкамі масавай інфармацыі і шматкроць цытавалася, у тым ліку ў кантэксце абсурднасці амерыканскай палітыкі ў В’етнаме.

Праўдападобнасць[правіць | правіць зыходнік]

Некаторыя крыніцы ставілі пад сумнеў праўдападобнасць фразы, у прыватнасці, з-за таго, што Арнэт не выдаваў імя аўтара. Газета «Нью Рыпаблік» прыпісала аўтарства маёру Чэстэру Браўну, які адказваў падчас бітвы за артылерыйскую і авіяцыйную падтрымку[2]. Аднак, як сведчыць былы капітан Майкл Мілер, які служыў у інжынерным корпусе арміі ЗША і падчас Тэцкага наступлення знаходзіўся ў іншым горадзе, фраза з’яўляецца дакладнай, але была сказана зусім іншым чалавекам. Паводле Мілера, пасля бітвы за Бенчэ ў 3-м батальёне 39-га пяхотнага палка 9-й пяхотнай дывізіі быў дадзены брыфінг для журналістаў. Гэты брыфінг праводзіў начальнік аддзела батальёна па сувязях з грамадскасцю маёр Бурыс (Booris). Мілер успамінаў, што прысутныя журналісты пастаянна ўздымалі тэму разбурэнняў у горадзе ў кантэксце суразмернасці прымянення сіламі ЗША агнявой моцы. Спрабуючы стрымаць напор журналістаў, Бурыс у рэшце рэшт неасцярожна заявіў: «Нам давялося знішчыць Бенчэ, каб выратаваць яго». У ход брыфінгу тут жа ўмяшаўся камандзір батальёна падпалкоўнік Дэлюка (Deluca) і паспяхова давёў яго да канца[3].

Цікава адзначыць, што карэспандэнт «Лос-Анджэлес Таймс» Уільям Тоўхі праз некалькі тыдняў пасля бітвы пісаў, што ў выніку баёў горад быў разбураны на 25%, а не на 80%, як паведамлялася раней[2].

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. The Tet Offensive | Ashbrook
  2. а б Accuracy In Media - AIM Report(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 7 чэрвеня 2007. Праверана 9 снежня 2020.
  3. Архивированная копия(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 10 лютага 2018. Праверана 12 чэрвеня 2007.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]