Масавае забойства ў Сангмі

15°10′42″ пн. ш. 108°52′10″ у. д.HGЯO{{#coordinates:}}: cannot have more than one primary tag per page
Гэты артыкул з’яўляецца артыкулам года.
Гэты артыкул уваходзіць у лік добрых
З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Масавае забойства ў Сангмі
Асноўны канфлікт: Вайна ў В’етнаме
Забітыя мірныя жыхары ў Сангмі. Фотаздымак Рональда Хэберлі.
Забітыя мірныя жыхары ў Сангмі. Фотаздымак Рональда Хэберлі.
Дата 16 сакавіка 1968
Час з 7:30 да пазней 11:00
Месца абшчына Сангмі, акруга Саніцнь, правінцыя Куангнгай, Паўднёвы В’етнам
Каардынаты 15°10′42″ пн. ш. 108°52′10″ у. д.HGЯO{{#coordinates:}}: cannot have more than one primary tag per page
Знята Рональд Хэберлі
Удзельнікі роты B і C, АГ «Баркер», 11-я лёгкая пяхотная брыгада, 23-я пяхотная дывізія «Амерыкал»
Загінулі

Мірнае насельніцтва

  • 504 (в’етнамскія звесткі)
  • 347 (амерыканскія звесткі)
  • 200—567 (іншыя крыніцы)

Камбатанты

  • 1 (баец УС ЗША)
  • 2 (байцы НФВПВ)
Траўмы
  • 7 байцоў роты B (міны і/або пасткі)
  • 1 баец роты C (самастрэл)
Расследаванне камісія Уільяма Пірса
Падазраваны (я) 80 чалавек
Абвінавачваны (я) 25 чалавек
Асуджаны (я) Уільям Кэлі (дамашні арышт)
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Масавае забойства ў Сангмі (в’етн.: Thảm sát Sơn Mỹ) — ваеннае злачынства часоў В’етнамскай вайны, здзейсненае салдатамі Арміі ЗША 16 сакавіка 1968 года ў вясковай абшчыне Сангмі (акруга Санцінь, правінцыі Куангнгай у Паўднёвым В’етнаме). Вайскоўцы напалі на цывільнае насельніцтва вёсак Мілай, Біньтэй, Цалуй, Такунг і Мікхэ (Міхэ), знішчыўшы сотні мірных жыхароў[1]. Асноўная частка байцоў не ўдзельнічала ў расстрэлах[2], экіпаж аднаго з верталётаў паведаміў кіраўніцтву аб забойствах, і камандаванне спыніла разню.

Злачынства выклікала абурэнне сусветнай грамадскасці і стала адной з самых вядомых і сімвалічных падзей вайны ў В’етнаме. Толькі адзін вайсковец быў прызнаны амерыканскім судом вінаватым, але правёўшы тры з паловай гады пад дамашнім арыштам, памілаваны.

Найменні[правіць | правіць зыходнік]

У літаратуры апісваныя падзеі сустракаюцца пад назвамі масавае забойства ў Сангмі (в’етн.: Thảm sát Sơn Mỹ, англ.: Son My Massacre) і масавае забойства ў Мілай (в’етн.: Thảm sát Mỹ Lai, англ.: My Lai Massacre)[3]. У В’етнаме і краінах сацыялістычнага лагера замацавалася найменне па сельскай абшчыне Сангмі, паколькі падчас трагедыі пацярпела некалькі населеных пунктаў з яе складу. Аднак у ЗША больш распаўсюджана назва па адной з вёсак — Мілай-4, дзе загінула больш за ўсё чалавек. У амерыканскіх крыніцах можа сустракацца і тэрмін «Пінквіль» (англ.: Pinkville), пад якім меўся на ўвазе ўвесь раён абшчыны[4]. Адпаведна сам інцыдэнт — разня ў Пінквілі (англ.: Pinkville Massacre)[5][6].

Перадгісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Падчас вайны ў В’етнаме Узброеныя Сілы ЗША сутыкнуліся з моцным процідзеяннем з боку партызан НФВПВ, якіх падтрымлівала мясцовае насельніцтва. Салдаты маральна стаміліся ад партызанскіх нападаў, якія маглі адбыцца ў любым месцы і ў любы час, прычым атакі былі нават з боку звычайных жыхароў. Сяляне не толькі хавалі ў сябе партызан, але часам самі служылі ў НФВПВ, паралельна ведучы грамадзянскае жыццё. Амерыканскае камандаванне разглядала кожную паўднёвав’етнамскую вёску як апорны пункт праціўніка і пачало выкарыстоўваць тактыку выпаленай зямлі. Падчас Тэцкага наступлення са студзеня па люты 1968 года ваенныя акцыі ў правінцыі Куангнгай здзяйсняў 48-ы батальён НФВПВ. Сілы саюзнікаў у гэтым раёне, пасля сыходу адсюль паўднёвакарэйскіх войскаў, прадстаўляла аператыўная група «Баркер» (TF Barker, падраздзяленне 11-й лёгкай пяхотнай брыгады 23-й пяхотнай дывізіі «Амерыкал»). Брыгада была перакінута ў В’етнам у канцы 1967 года. Аператыўная група «Баркер» уяўляла сабой зводны батальён, у склад якога ўваходзіла па роце кожнага з трох батальёнаў 11-й брыгады. Камандаваў сіламі падпалкоўнік Фрэнк Баркер[7].

Да канца 1967 года ў правінцыі Куангнгай амерыканскія вайскоўцы для пазбаўлення партызан харчовай базы знішчылі большасць дамбаў, з дапамогай якіх мясцовыя жыхары вырошчвалі рыс, дзелячыся часткай з В’етконгам[8].

У сярэдзіне сакавіка 1968 г. камандаванне аператыўнай групы «Баркер» атрымала разведінфармацыю, што ў вясковай абшчыне Сангмі размяшчаюцца штаб і некаторыя падраздзяленні 48-га батальёна НФВПВ. Абшчына знаходзілася амаль у цэнтры В’етнама непадалёк ад Нацыянальнай шашы №1, якая злучае Ханой і Сайгон. Была спланавана аперацыя па знішчэнні штаба. Вылазцы надавалася вялікае значэнне, так як 48-ы батальён дагэтуль пазбягаў прамога бою з амерыканскімі часцямі. Паводле задумы камандавання, рота С («Чарлі») 1-га батальёна 20-га пяхотнага палка[К 1] пад камандаваннем капітана Эрнэста Медына павінна была высадзіцца з верталётаў на захад ад абшчыны, другая рота — блакаваць раён з поўначы, а трэцяя — у выпадку неабходнасці ўзмацніць роту C, альбо высадзіцца ў іншым месцы. Да гэтага моманту рота C займалася толькі патруляваннем і арганізацыяй засад, падчас чаго панесла страты ад пастак і мін[9]. 14 сакавіка рота страціла штаб-сяржанта Джорджа Кокса. На памінальнай службе па ім капітан Медына сказаў прамову, сэнс якой зводзіўся да неабходнасці адпомсціць ворагу[10][11].

Перад аперацыяй салдаты былі праінструктаваны, што населены пункт заняты праціўнікам, гатовым аказаць лютае супраціўленне, а прысутнасці мірнага насельніцтва не чакаецца. Мясцовыя жыхары раніцай нібыта адпраўляюцца на рынак, таму абшчына будзе пустая[12]. Для салдат роты C гэты рэйд павінен быў стаць першым сур’ёзным боем і магчымасцю адпомсціць за загінулых таварышаў. Медына таксама распарадзіўся спаліць усе пабудовы, забіць жывёлу і знішчыць пасевы для прадухілення выкарыстання ўсяго гэтага партызанамі[13].

Ход падзей[правіць | правіць зыходнік]

Забойствы[правіць | правіць зыходнік]

Карта аперацыі рот C і B 1-га батальёна 20-га пяхотнага палка 23-й дывізіі ў раёне Сангмі.

Аперацыя пачалася раніцай 16 сакавіка 1968 года, прыкладна ў 7:30. У 7:50, пасля пяціхвіліннага падрыхтоўчага артылерыйскага абстрэлу, рота С была высаджана з верталётаў каля Мілай[14]. Як аказалася, у вёсцы не было ніводнага салдата праціўніка[К 2]. Жыхарка Сангмі Ха Тхі Куй праз шмат гадоў пасля падзей сцвярджала, што ў абшчыне на той момант не было сталых мужчын, а толькі жанчыны, дзеці і старыя[15]. Аднак амерыканцы разлічвалі ўступіць тут у бой з 48-м батальёнам НФВПВ[16].

Хоць байцы не былі абстраляны пасля прызямлення, яны ўсё яшчэ падазравалі, што пад зямлёй ці ў хатах хаваліся партызаны. Вайскоўцы адкрылі агонь па жыхарах вёскі на рысавых палях[16]. Хутка з паднятых у паветра верталётаў выявілі чатырох узброеных мужчын, якіх бортстралкі агнём з кулямётаў знішчылі. Наземныя сілы ўспрынялі гэта як пацвярджэнне варожай прысутнасці ў Сангмі і прыступілі да рашучых дзеянняў[17]. Першы ўзвод атакаваў паўднёвую частку абшчыны, другі — паўночную частку, а трэці спачатку ўзяў пад ахову пункт высадкі, а затым прайшоўся па Мілай[14].

У населеных пунктах салдаты пачалі закідваць хаты гранатамі і расстрэльваць жыхароў з аўтаматычнай зброі. Многіх перад забойствам катавалі, а жанчын гвалцілі[18]. З некаторых трупаў здымалі скальпы, адной з цяжарных жанчын распаролі жывот[19]. Як успамінала мясцовыя жыхарка Чыёнг Тхі Лэ, спачатку амерыканцы вывелі частку людзей з дамоў і адправілі да прыдарожнай канавы, сабраўшы ў ёй больш за сто чалавек. Сялян паставілі на калені і пачалі страляць у іх з кулямёта. З сям’і Лэ ў адзінаццаць чалавек засталіся ў жывых толькі яна сама і яе малодшае дзіця. Зверху на іх упалі яшчэ тры трупы, дзякуючы гэтаму Лэ з дзіцём выжылі[15]. Праз некаторы час вайскоўцы знайшлі групу з пяцідзесяці чалавек, якія хаваліся ў яме ў далёкім канцы вёскі. Знойдзеных жыхароў па загадзе камандзіра першага ўзвода лейтэнанта Уільяма Кэлі расстралялі. Пазней былі знішчаны каля ста палонных сялян, схопленых салдатамі падчас рэйду. Тое ж самае было зроблена ў суседняй вёсцы Біньтэй[20][21][22].

Каля 9:20 другі ўзвод атрымаў загад спыніць аперацыю, але першы ўзвод працягваў здзяйсняць напады прыкладна да 10:30, да гэтага часу ён завяршыў абыход Сангмі[14].

Рота B («Брава») 4-га батальёна 3-га пяхотнага палка паміж 8:15 і 8:30 высадзілася з другога боку Сангмі. Перад дэсантаваннем быў праведзены артылерыйскі абстрэл. У час прасоўвання падраздзяленне страціла аднаго чалавека забітым і сем параненымі ад мін або пастак. Першы ўзвод рушыў на ўсход асобна ад астатняй часткі роты. Перайшоўшы мост праз раку Сангмі-Кхэ ён падышоў да ўскраіны Мікхэ, ведучы агонь па ўсім, каго сустрэлі байцы, і закідваючы выяўленыя хованкі гранатамі[14].

У расстрэлах прынялі ўдзел далёка не ўсе вайскоўцы. Многія засталіся ў баку, а радавы Картэр стрэліў сабе ў нагу, каб яго эвакуіравалі санітары. Усяго з роты С, дзе было каля ста амерыканскіх салдат, у забойствах удзельнічалі трыццаць[2]. У роце B расправы здзяйснялі дзесяць чалавек[14].

Умяшанне[правіць | правіць зыходнік]

Пакуль у вёсках праходзілі расправы, назіральны верталёт Hiller OH-23 Raven уорэнт-афіцэра Х’ю Томпсана атрымаў заданне вылецець да Сангмі і дапамагчы пехацінцам у пошуку і ліквідацыі в’етконгаўцаў[23]. У машыне з ім былі бортстралок Лоўрэнс Колберн і бортінжынер Глен Андрэота. Члены экіпажа, пралятаючы міма абшчыны, убачылі трупы сялян і вырашылі прызямліцца, каб высвятліць сітуацыю. Дзесьці пасля 9-ці гадзін раніцы Томпсан знайшоў лейтэнанта Кэлі і спытаў, што тут адбываецца. Аднак ён адшыў верталётчыка, папрасіўшы не ўмешвацца. Пакуль пілот размаўляў з афіцэрам, падпарадкаваны Кэлі сяржант Дэвід Мітчэл расстраляў у ірыгацыйнай канаве групу сялян. Каманда OH-23 была шакавана, але вымушана вярнулася ў паветра[23].

Неўзабаве яны заўважылі групу сялян, якія ўцякалі ад 2-га ўзвода пад камандаваннем Стывена Брукса. Пасадзіўшы верталёт паміж салдатамі і цывільнымі, што паспелі схавацца ў самаробным бамбасховішчы, Томпсан загадаў экіпажу ўзяць на прыцэл пяхотнікаў і, калі яны паспрабуюць нашкодзіць, адкрыць агонь. Томпсан сказаў Бруксу, што хоча вызваліць в’етнамцаў з бамбасховішча, папрасіўшы астудзіць запал падапечных. Узводны пажартаваў, што можна дастаць сялян з дапамогай ручной гранаты, але не пайшоў супраць верталётчыка, бо той быў старэйшы па званні[23]. Удалося эвакуаваць адзінаццаць в’етнамцаў з бункера, яшчэ адно дзіця было падабрана ў арашальнай канаве, дзе ляжалі мёртвыя.

Каля 11-ці гадзін, вярнуўшыся з вылету, байцы далажылі аб разні начальству. Інфармацыя дасягнула камандуючага брыгады падпалкоўніка Баркера, які пачаў высвятляць, што адбываецца ў Сангмі. У выніку капітан Медына аддаў загад аб спыненні аперацыі, а камандаванне 23-й пяхотнай дывізіі адмяніла запланаваныя аперацыі групоўкі «Баркер» у іншых вёсках у гэтым раёне[23].

Ключавыя фігуры

Ахвяры[правіць | правіць зыходнік]

Дакладная колькасць ахвяр грамадзянскага насельніцтва ў Сангмі невядома. Называюцца лічбы ў межах ад 200 да 550 чалавек, у савецкіх крыніцах згадвалі 567 забітых. Паводле афіцыйных амерыканскіх даных, колькасць ахвяр склала 347 чалавек[2]. Усталяваны ў вёсцы мемарыял пералічвае імёны 504 загінулых ва ўзросце ад аднаго да васмідзесяці двух гадоў, у тым ліку 173 дзіцяці (па іншых звестках загінула 210 непаўналетніх: 50 — да трох гадоў, 69 — ад чатырох да сямі гадоў, 91 — ад васьмі да дванаццаці гадоў[24]), 182 жанчыны (сярод іх 17 цяжарных), 60 мужчын старэйшых за 60 гадоў, 89 мужчын малодшых за 60 гадоў[25]. Акрамя таго, у ходзе падзей 16-га сакавіка загінуў адзін амерыканскі вайсковец і па меншай меры два партызаны НФВПВ (іх целы і зброя былі выяўлены на поўнач ад вёскі Мілай[14]). Паводле следства, першы ўзвод роты C вывеў і расстраляў дзве групы грамадзянскіх асоб па 70—80 і 20—50 чалавек. Байцы другога ўзвода забілі не менш за 60—70 жыхароў. За трэцім узводам лічыцца забойства групы з 7—12 жанчын і дзяцей. Вайскоўцы роты B усяго забілі каля 90 чалавек[14].

Наступствы[правіць | правіць зыходнік]

Расследаванне і суд[правіць | правіць зыходнік]

Уільям Рэй Пірс — кіраўнік камісіі па расследаванні інцыдэнту.

Чуткі аб злачынстве распаўсюдзіліся сярод амерыканскіх салдат у В’етнаме. У сакавіку 1969 года Рональд Райдэнаўр, які чуў пра злачынства, дэмабілізаваўся і адправіў лісты Прэзідэнту ЗША Рычарду Ніксану, у Пентагон, Дзярждэпартамент і кангрэсменам. Яго лісты амаль нідзе не выклікалі рэакцыі, аднак яму ўдалося прыцягнуць увагу кангрэсмена Морыса Адэла, што ў рэшце прывяло да пачатку расследавання. Сабраных доказаў было дастаткова, каб адклікаць лейтэнанта Уільяма Кэлі з В’етнама і ў верасні прад’явіць яму абвінавачванне ў забойстве мірных жыхароў. Расследаваннем займалася камісія на чале з генерал-лейтэнантам Уільямам Пірсам, былым камандзірам 4-й пяхотнай дывізіі і 1-га палявога корпуса ў В’етнаме. На працягу чатырох месяцаў дзейнасці камісія Пірса дапытала каля 400 чалавек. У яе дакладзе было рэкамендавана прыцягнуць да крымінальнай адказнасці дзясяткі вайскоўцаў, вінаватых у згвалтаваннях, забойствах і змове з мэтай утойвання злачынства[8].

Першапачаткова па справе Сангмі праходзілі 80 амерыканскіх вайскоўцаў. З іх дваццаці пяці былі прад’яўлены абвінавачванні. Перад ваенным трыбуналам паўсталі ўсяго шэсць чалавек, усе яны былі апраўданы, за выключэннем Уільяма Кэлі. У ходзе суда над Кэлі яго абарона грунтавалася на тым, што лейтэнант выконваў загад камандзіра, хоць так і не ўдалося ўстанавіць, ці сапраўды Медына аддаваў відавочнае распараджэнне знішчаць мірных жыхароў[26].

29 сакавіка 1971 года Кэлі быў прызнаны вінаватым у забойстве дваццаці двух чалавек і прысуджаны да пажыццёвых катаржных работ. Праз тры дні адмысловым распараджэннем прэзідэнта Рычарда Ніксана ён быў пераведзены з турмы пад дамашні арышт у Форт-Бэнінгу (штат Джорджыя). Тэрмін зняволення некалькі разоў памяншаўся, пакуль у лістападзе 1974 года ён не быў памілаваны і вызвалены.

Ступень адказнасці капітана Медына не была ўсталявана. Сам ён сцвярджаў, што знаходзіўся на ўскраіне Мілай-4 і не ведаў пра разню; калі ж афіцэр увайшоў у вёску каля 10-ці гадзін раніцы, то ўбачыў целы загінулых і загадаў спыніць агонь. Некаторыя сведкі расказалі, што насамрэч Медына ўвайшоў у абшчыну бліжэй да 9-й гадзіны, калі забойствы яшчэ працягваліся[27]. Сам капітан адмаўляў сваю віну, а таксама факт забойства мірных жыхароў[28]. Пірс спрабаваў прыпісаць капітану гібель трох мірных жыхароў, якіх той нібыта асабіста забіў. Аднак даказаць гэта не ўдалося[29].

Рэакцыя ў грамадскасці[правіць | правіць зыходнік]

Навіна аб пачатку судовага працэсу прайшла практычна незаўважанай СМІ. Падзеі ў Сангмі заставаліся невядомымі шырокай грамадскасці да 12 лістапада 1969 года, калі журналіст Сеймур Хэрш паведаміў, што Уільям Кэлі абвінавачаны па справе аб забойстве 109 мірных в’етнамцаў. Шырокую вядомасць атрымалі здымкі ваеннага фатографа Рональда Хэберлі, які быў сведкам злачынства[30].

Амерыканская грамадскасць паставілася да справы Кэлі вельмі неадназначна. Некаторыя лічылі, што з яго зрабілі «казла адпушчэння», апраўдаўшы астатніх удзельнікаў разні, вінаватых не ў меншай ступені. Іншыя ўспрымалі Кэлі як героя, пацярпелага ад вайсковай бюракратыі. У Белы Дом былі накіраваны тысячы тэлеграм у яго падтрымку, а заканадаўчыя органы некалькіх штатаў прынялі рэзалюцыі з заклікам праявіць да лейтэнанта паблажлівасць[26]. Паводле апытання кампаніі Opinion Reasearch Corporation у красавіку 1971 года, 78% амерыканцаў негатыўна ўспрынялі рашэнне суда, 51% лічылі, што прэзідэнт павінен памілаваць Кэлі, а 28 % — скараціць яму тэрмін зняволення[8]. Міністр абароны ЗША Мелвін Лэйрд папярэдзіў прэзідэнта Рычарда Ніксана, што масавае забойства ў Сангмі можа паставіць урад у вельмі складанае становішча і згуляць на карысць пацыфістам. Дзяржсакратар ЗША Генры Кісінджэр прапанаваў, каб міністр абароны прадэманстраваў абурэнне і арганізаваў ваенны трыбунал, даказаўшы, што ўрад нібыта адразу ж адрэагаваў на масавае забойства[31]. Сам Рычард Ніксан назваў падзеі ў Сангмі «адзінкавым інцыдэнтам»[8].

Лёс удзельнікаў[правіць | правіць зыходнік]

Пасля вызвалення Уільям Кэлі працаваў у ювелірнай краме ў Калумбусе (штат Джорджыя). У 2009 годзе ён публічна папрасіў прабачэння за аддадзены загад па забойству жыхароў Сангмі[32][33]:

" Не праходзіць і дня, каб я не адчуваў згрызот сумлення за тое, што адбылося ў той дзень у Мілай. Я адчуваю згрызоты сумлення за забітых в’етнамцаў, за іх сем’і, за амерыканскіх салдат і іх сем’і. Мне вельмі шкада.
"

Пілот Х’ю Томпсан пасля падзей у Сангмі працягваў служыць у В’етнаме, чатыры разы быў збіты і атрымаў пералом хрыбетніка. Ён заставаўся ў арміі да 1983 года. За выратаванне мірнага насельніцтва быў узнагароджаны Крыжом «За выбітныя лётныя заслугі». У ЗША, па словах пілота, яму пагражалі забойствам, падкідвалі да дзвярэй дома знявечаных жывёл[34]. Борстралок Колберн ажаніўся, стаў бацькам сына, заняўся малым бізнесам. Праз трыццаць гадоў пасля трагедыі ўсе тры члены экіпажа верталёта былі ўзнагароджаны Салдацкімі медалямі — вышэйшай узнагародай арміі ЗША за дзеянні ў небаевой абстаноўцы[35][К 3].

У 1998 годзе, з нагоды трыццацігоддзя з дня трагедыі, Томпсан і Колберн у другі раз наведалі вёску Сангмі, дзе сустрэліся з некалькімі выратаванымі імі в’етнамцамі[36]. Былы пілот памёр у 2006 годзе ў Александрыі (штат Луізіяна) ад рака[37][38]. Бортстралок Колберн перажыў яго на дзесяць гадоў, сканаўшы ў 2016 годзе[39].

Фотаздымкі Хэберлі[правіць | правіць зыходнік]

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Ваенны фатограф Рональд Хэберлі быў відавочцам масавай расправы і зняў яе на фотастужку.

У яго было два фотаапараты: армейскім ён здымаў чорна-белыя фатаграфіі, а асабістым рабіў каляровыя[30]. Пасля звальнення са службы і вяртання ў родны Кліўленд Хэберлі захаваў каляровыя здымкі, аднак не паказваў іх да лістапада 1969 года, калі масавае забойства атрымала агалоску. Ён звязаўся са сваім сябрам, рэпарцёрам у кліўлендскай газеце The Plain Dealer. Выданне апублікавала здымкі ў чорна-белым колеры і дапамагло Хэберлі прадаць правы на каляровыя здымкі часопісу Life, нямецкаму Stern і лонданскай Sunday Times[30]. Пазней, падчас судовага працэсу, выступаючы сведкам абвінавачвання, ён пацвердзіў, што асабіста бачыў, як амерыканскія салдаты расстрэльвалі мірных жыхароў[40]. У дакладзе камісіі Уільяма Пірса гаварылася, што фатограф хаваў ад уладаў здымкі, нягледзячы на абавязак паведамляць аб відавочных ваенных злачынствах[41]. Аднак па словах самога Хэберлі, ён хаваў фатаграфіі, баючыся, што яны будуць знішчаны ўладамі[42].

У 2009 годзе фатограф прызнаўся ў знішчэнні некалькіх фотаздымкаў, зробленых падчас разні. У адрозненне ад фатаграфій трупаў, знішчаныя адлюстроўвалі амерыканцаў у самім працэсе забойства мірных жыхароў[43][44].

Чорна-белыя фота[правіць | правіць зыходнік]

Каляровыя фота[правіць | правіць зыходнік]

Памяць[правіць | правіць зыходнік]

Манумент на тэрыторыі былой абшчыны.

Праз некаторы час у наваколлях месца здарэння ўзнікла новае паселішча Тукунг. Са старых збудаванняў застаўся толькі калодзеж. У 1978 г. тут быў створаны мемарыял «Сангмі» і музей аб трагедыі абшчыны[45]. Увесь комплекс мае плошчу 2,4 гектары[46][47]. У рамках кампаніі па прымірэнні яго наведвалі некаторыя амерыканскія ветэраны[48]. Доўгі час на пасадзе дырэктара комплексу знаходзіўся былы жыхар вясковай абшчыны Фан Тхань Конг, які выжыў падчас расстрэлаў. Конг і яго калегі старанна і скрупулёзна збіралі інфармацыю аб загінуўшых. Іх імёны і ўзрост на момант смерці выбіты на мармуровай пліце, усталяванай у адным з выставачных залаў. Па падліках работнікаў музея, колькасць ахвяр складае 504 чалавекі з 247 сем’яў. Музей мае даныя аб 407 ахвярах у Мілай-4 і 97 ахвярах у Мікхэ-4[49].

Асобная экспазіцыя аб разні ў Сангмі прадстаўлена ў Музеі ахвяр вайны ў Хашыміне[50].

Аб масавых забойствах у абшчыне было напісана больш за сотню песень[51]. У перыяд вайны (з 1969 па 1973 гг.) каля паловы з іх выказвалі спачуванне лейтэнанту Кэлі, а ў іншых ён наадварот выступаў адмоўным персанажам[52]. Ужо ў пасляваенныя гады апошнія сталі пераважаць. З камерцыйнага пункту гледжання самай паспяховай песняй была «The Battle Hymn of Lt. Calley» Тэры Нельсана, якая ў маі 1971 года дасягнула трыццаць сёмага радка ў топе ста хітоў па версіі часопіса Billboard, прадаўшы больш за мільён пласцінак[53].

Падзеям разні ў Сангмі прысвяцілі шэраг дакументальных фільмаў. Першы з іх, «Інтэрв’ю з ветэранамі падзей у Мілай (Сангмі)», выйшаў у 1971 годзе і атрымаў прэмію «Оскар» за найлепшы дакументальны кароткаметражны фільм. У ім пяцёра амерыканскіх салдат абмяркоўвалі свой удзел у масавых забойствах[54].

Ацэнкі[правіць | правіць зыходнік]

У кнізе «В’етнам: гісторыя трагедыі. 1945—1975» брытанскі гісторык Макс Гасцінгс адзначаў, што корань трагедыі ляжыць у псіхалагічных цяжкасцях вайны, абясцэньванні чалавечага жыцця і руйнаванні маральных рамак, з чым сутыкнуліся вайскоўцы 1-га батальёна 20-га пяхотнага палка[55]. Гэта падраздзяленне і дывізія «Амерыкал» у цэлым, як адзначаў у кнізе «Узлёт і падзенне амерыканскай арміі» ўдзельнік і даследчык В’етнамскай вайны Шэлбі Стэнтан, мела шэраг значных праблем з асабістым складам[56]:

" Дывізія «Амерыкал» пакутавала ад цяжкіх праблем з камандаваннем і кіраваннем, якія ўзніклі ад дрэннай падрыхтоўкі і недахопу кіраўніцтва, на узроўнях ад дывізіі да ўзвода. Некаторыя падраздзяленні 11-й лёгкай пяхотнай брыгады былі ледзь лепшыя за банды галаварэзаў, а афіцэры захапляліся гульнёй у падлік цел. [...] Хоць падлікі страт з’яўляюцца абгрунтаванымі паказчыкамі вайны, у В’етнаме яны, на жаль, сталі больш, чым мерай, выкарыстанай для ацэнкі баявых дзеянняў. Яны сталі самамэтай.
"

Гісторык Корпуса ваенных адвакатаў узброеных сіл ЗША Фрэд Борч лічыў, што масавыя забойства ў абшчыне Сангмі прывялі да страты даверу амерыканскага насельніцтва да сваёй арміі. Пасля Сангмі, як дадаў Борч, вайскоўцы прыйшлі да высновы аб неабходнасці юрыдычнага суправаджэння ваенных кампаній. За наступныя пяцьдзясят гадоў ЗША задзейнічалі ваенных юрыстаў у аперацыях усіх узроўняў, каб камандаванне заўсёды мела кваліфікаваную юрыдычную дапамогу[57].

Масавае забойства ў Сангмі параўноўваюць з дзеяннямі акупантаў у гады Другой сусветнай вайны, паставіўшы ў адзін шэраг з трагедыяй беларускай вёскі Хатынь. Паэт Пятрусь Макаль напісаў:[58]

"

Аднолькава мова няўмольнай бяды
Гучыць у Сангмі і ў Хатыні.

"

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

Каментарыі

  1. У 1950-х гадах палкавая сістэма ў Арміі ЗША была заменена брыгаднай, аднак батальёны захавалі пазначэнне сваіх гістарычных палкоў у даніну традыцыі.
  2. Невялікае падраздзяленне апалчэнцаў, якое знаходзілася ў Мілай, пакінула вёску адразу пасля пачатку высадкі.
  3. Бортінжынер Андрэота — пасмяротна. Ён загінуў у В’етнаме 8 красавіка 1968 года.

Крыніцы

  1. Reunion at Site of My Lai Massacre: Survivor Duc Tran Van and Photographer Ron Haeberle. www.salem-news.com. Праверана 1 ліпеня 2018.
  2. а б в My Lai Massacre
  3. "Commemorating victims of Son My massacre Архівавана 2 ліпеня 2015." VOV News, 13 March 2012.
  4. My Lai – Letters Архівавана 20 жніўня 2013 года., due to the reddish-pink color used on military maps to denote a more densely populated area. 11th Light Infantry Brigade Veterans Association website.
  5. Frontline (PBS): Remember My Lai Архівавана 6 мая 2016. Originally Broadcast 23 May 1989.
  6. The My Lai Massacre: Seymour Hersh's Complete and Unabridged Reporting for the St. Louis Post Dispatch, November 1969 /Candide's Notebooks. Pierretristam.com. Архівавана з першакрыніцы 15 July 2011. Праверана 18 June 2011.
  7. Известия. Архівавана з першакрыніцы 16 марта 2018. Праверана 20 July 2013.
  8. а б в г Две трагедии // Washington Profile, 15 июня 2006
  9. Cookman, Claude (June 2007). An American Atrocity: The My Lai Massacre Concretized in a Victim's Face. Oxford University Press.
  10. Mỹ Lai: A Question of Orders Архівавана 2 сакавіка 2008., Time, 25 January 1971.
  11. Summary Report: The Son My Village Incident
    Significantly, he gave no instructions about segregating and safeguarding non-combatants. My Lai: An American Tragedy by William George Eckhardt Архівавана 25 красавіка 2000 года.
  12. Peers Report: The Omissions and Commissions Of CPT Ernest L. Medina, law.umkc.edu; accessed 24 February 2018.
  13. Smith, Karen D., American soldiers testify in Mỹ Lai court martial Архівавана 29 верасня 2007 года., Amarillo Globe-News, 6 December 2000.
  14. а б в г д е ё Summary of Peers Report(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 4 кастрычніка 2010. Праверана 11 сакавіка 2008.
  15. а б Плескачевская И.. Бабушки из Сонгми (руск.). sb.by. СБ. Беларусь сегодня (16 сакавіка 2006).
  16. а б Hersh, Seymour M. "The Massacre at My Lai". The New Yorker [амерыканская англійская]. Праверана 2021-05-25.
  17. Company C: Actions on 16 and 17 March 1968, The Peers Report.
  18. Murder in the name of war — My Lai // BBC. 20 July 1998.
  19. Олег Назаров. «В ЭТОЙ ДЕРЕВНЕ НИКТО НЕ ЗАСЛУЖИВАЛ ПОЩАДЫ» Архівавана 31 ліпеня 2019. // Журнал «Историк», 12 марта 2018
  20. Уильям Келли: Трагедия Сонгми
  21. Владимир Война. Узор, вплетённый в историю
  22. Бейдлер Ф. Призрак Келли (англ.)
  23. а б в г Angers, Trent (2014). The Forgotten Hero of My Lai: The Hugh Thompson Story (Rev ed.). Acadian House. ISBN 978-0925417909.
  24. Country Joe McDonald, My Lai Casualties. www.countryjoe.com. Праверана 1 ліпеня 2018.
  25. Mark Gado. Into the Dark: The My Lai Massacre(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 18 жніўня 2007. Праверана 7 жніўня 2007.
  26. а б The My Lai Massacre («The 20th Century» by David Wallechinsky)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 11 сакавіка 2008. Праверана 10 сакавіка 2008.
  27. Douglas Linder. The My Lai Massacre Trial
  28. 1971 Year in Review(недаступная спасылка). Upi.com (28 снежня 1971). Архівавана з першакрыніцы 24 ліпеня 2013. Праверана 18 чэрвеня 2011.
  29. Peers Report: Captain Ernest Medina(недаступная спасылка). Law.umkc.edu. Архівавана з першакрыніцы 8 мая 1999. Праверана 18 чэрвеня 2011.
  30. а б в Miscue on the Massacre Архівавана 12 лютага 2011. // Time. Dec. 05, 1969
  31. Реутов А. Повсюду слышны были речи Архівавана 30 лістапада 2020. // Военно-промышленный курьер, январь, номер 12 (117)
  32. Dusty Nix. Long-silent Calley speaks. Ledger-Enquirer (21 жніўня 2009). — «“There is not a day that goes by that I do not feel remorse for what happened that day in My Lai,” Calley said. Then, as reported on retired broadcast journalist Dick McMichael’s blog, Calley’s voice began to break when he added, “I feel remorse for the Vietnamese who were killed, for their families, for the American soldiers involved and their families. I am very sorry.”»(недаступная спасылка)
  33. Dick McMichael. An Emotional William Calley Says He is Sorry. Dick's World. Wordpress (19 жніўня 2009). — «I asked him for his reaction to the notion that a soldier does not have to obey an unlawful order. In fact, to obey an unlawful order is to be unlawful yourself. He said, “I believe that is true. If you are asking why I did not stand up to them when I was given the orders, I will have to say that I was a 2nd Lieutenant getting orders from my commander and I followed them — foolishly, I guess.” He said that was no excuse, just what happened.»  Архівавана з першакрыніцы 28 красавіка 2013. Праверана 22 жніўня 2009.
  34. Moral Courage In Combat: The My Lai Story. Lecture by Hugh Thompson. Архівавана 25 лістапада 2011. 2003
  35. Microchip Names (A). NASA — Jet Propulsion Laboratory — California Institute of Technology. Last updated July 16, 2001, retrieved February 24, 2011
  36. Additional Statements" (PDF), The Congressional Record (Senate), 1998
  37. "Hugh C. Thompson Jr. obituary". Daily Advertiser (Lafayette, LA). 9 January 2006. Праверана 14 September 2018.
  38. Extensions of Remarks (PDF). The Congressional Record (House of Representatives). 2006. Архівавана з арыгінала (PDF) 2008-02-29. Праверана 19 студзеня 2021. {{cite book}}: Невядомы параметр |deadurl= ігнараваны (прапануецца |url-status=) (даведка); Пададзена больш чым адно значэнне |archivedate= і |archive-date= specified (даведка); Пададзена больш чым адно значэнне |archiveurl= і |archive-url= specified (даведка) Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 29 лютага 2008. Праверана 19 студзеня 2021.Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 29 лютага 2008. Праверана 19 студзеня 2021.
  39. Lawrence Colburn dies at 67; helped end Vietnam's My Lai massacre, Los Angeles Times, December 16, 2016.
  40. Ronald Haeberle, Witness for the Prosecution Архівавана 15 красавіка 2007 года.
  41. Mai Lai Inquiry Findings and Recommendations Архівавана 25 студзеня 2000 года.
  42. Report of the Department of Army review of the preliminary investigations into the My Lai incident. Volume II, Testimony, Book 11, 14 March 1970.
  43. Photographic Evidence of the Massacre at My Lai. Праверана 23 February 2018.
  44. My Lai photographer Ron Haeberle admits he destroyed pictures of soldiers in the act of killing. Cleveland Plain Dealer Extra. Праверана 23 February 2018.
  45. "Commemorating victims of Son My massacre Архівавана 2 ліпеня 2015." VOV News, March 13, 2012.
  46. Oliver, Kendrick. The My Lai Massacre in American History and Memory, Manchester: Manchester University Press, 2006.
  47. Kwon, Heonik. After the Massacre Commemoration and Consolation in Ha My and My Lai, Berkeley: University of California Press, 2006.
  48. Becker, Carol. Pilgrimage to My Lai: Social Memory and the Making of Art, Art Journal, Vol. 62, No. 4, Winter, 2003.
  49. Документ дня: Место преступления. История бойни, устроенной американскими солдатами во вьетнамской деревне Сонгми // Lenta.ru, 28 марта 2015
  50. Андрей Веселов. Резня в Сонгми. Зачем солдаты США убивали женщин и детей во Вьетнаме // РИА Новости, 16 марта 2018
  51. The Vietnam War: A History in Song. History Today. Праверана 21 August 2020.
  52. Music of My Lai. PBS. Праверана 21 August 2020.
  53. Billboard Hot 100. Billboard (1 мая 1971). Праверана 20 August 2020.
  54. Interviews with My Lai Veterans (1971), IMDb.com; accessed 23 February 2018.
  55. Макс Хейстингс. Вьетнам. История трагедии. 1945-1975 = Max Hastings Vietnam: An Epic Tragedy, 1945-1975. — М.: Альпина нон-фикшн, 2021. — 868 с. — ISBN 978-5-00139-264-4. (гл. урывак з кнігі, які тычыцца Сагмі, перакладзены ТАСС на рускую мову)
  56. Shelby L. Stanton. The Rise and Fall of an American Army. — Novato, CA: Presidio Press, 1985. P. 271—272.
  57. 50 лет трагедии в Сонгми: какие уроки усвоили США // Deutsche Welle, 16 марта 2018
  58. Пятрусь Макаль. Упала слязіна.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]