Карамаджонг

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Карамаджонг
(Karimojong)
Агульная колькасць 849 000 (2021 г.)
Рэгіёны пражывання  Уганда 
Мова карамаджонг
Рэлігія анімізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы масаі, календжын, туркана, кумам, тапоса, н'янгатом

Карамаджо́нг, карымаджо́нг (саманазва Karimojong) — афрыканскі народ. Жывуць на паўночным усходзе Уганды. Агульная колькасць (2021 г.) — 849 000 чалавек[1].

Лічыцца, што продкі карамаджонг мігрыравалі на тэрыторыю сучаснай Уганды з паўднёвай Эфіопіі ў XVII ст. Яны занялі плато, пакрытае саваннай, з вышынямі ад 1120 м да 1360 м, якое ў нашы дні складае аснову так званай краіны Карамоджа. Вільготны сезон тут працягваецца з красавіка да лістапада, у астатні перыяд вельмі суха і ветрана.

Карамаджонг стала насяляюць месцы ў цэнтральнай частцы плато, дзе ёсць запасы вады. У сталых паселішчах узводзяць жылыя і гаспадарчыя пабудовы, вялікія адрыны, каля іх жанчыны займаюцца ручным земляробствам. Галоўная мясцовая культура — сорга, хаця таксама вырошчваюць бабовыя, гарбузы, кукурузу і г. д. Іншыя часткі Карамоджы выкарыстоўваюцца як пашы для адгоннай жывёлагадоўлі. Карамаджонг трымаюць авечак і коз, аднак асабліва шануюць кароў. Ялавічыну ядуць рэдка, пераважна ў рытуальных мэтах. Затое багата спажываюць малочныя прадукты і кроў жывёл, з каровіных скур робяць вопратку, з рагоў і костак — упрыгожванні. Карова — мясцовы сімвал дабрабыту, прадмет абмену і падарункаў, вызначальнік сацыяльнага статусу яе ўладальніка. Жывёлагадоўцы жывуць у часовых лагерах, у разгар сухога сезону пераганяюць жывёлу бліжэй да сталых паселішчаў.

Асноўная сацыяльная адзінка — вялікая пашыраная сям'я, што звычайна займае цэлае паселішча-ман’яту. Жаніцьбе папярэднічаюць падарункі ў выглядзе жывёлы сваякам нявесты. Акрамя таго, мужчына павінен перадаць частку сваёй жывёлы жонцы. Інакш ён лічыцца бацькам яе дзяцей, а не паўнавартасным мужам. Адлік сваяцтва адбываецца па мужчынскай лініі. Але гаспадаркай сям’і часцей распараджаюцца жанчыны. Асабісты статак жонкі перадаецца ў выглядзе спадчыны яе дзецям. Сярод карамаджонг распаўсюджана палігінія, калі адзін мужчына жэніцца некалькі разоў.

У адрозненні ад іншых народаў Уганды карамаджонг не ствараюць буйныя родавыя арганізацыі з вялікай уладай. Мясцовыя роды налічваюць 3 пакаленні і дысперсна раскіданы па Карамоджы. Болей важную ролю адыгрываюць тэрытарыяльныя абшчыны. Малыя абшчыны аб’ядноўваюць некалькі сем’яў, што карыстаюцца супольнымі крыніцамі вады. Буйныя абшчыны складаюцца з малых. Абшчыны ахоўваюць пэўныя тэрыторыі, арганізуюць святы і рытуалы, аказваюць дапамогу сваім людзям. Імі кіруюць старэйшыны. Кожны мужчына імкнецца заручыцца падтрымкай суседзей, таму ўступае ў сяброўскія і ўзроставыя саюзы. Сябры сумесна пераганяюць жывёлу, абменьваюцца падарункамі, аказваюць узаемадапамогу. Узроставыя саюзы фарміруюцца знутры тэрытарыяльных абшчын з хлопчыкаў, што разам удзельнічаюць у абрадзе абразання. Пазней маладыя мужчыны аднаго ўзросту ствараюць ваенныя атрады, ладзяць напады на суседнія народы з мэтай захопу жывёлы.

Ваенныя канфлікты ў Карамоджы адбываюцца і ў нашы дні, таму сюды рэдка наведваюцца іншаземцы, што спрыяе захаванню многіх традыцыйных звычаяў. Карамаджонг аддаюць перавагу яркай каляровай вопратцы, часам носяць традыцыйныя тогі з каровіных скур. Мужчыны і жанчыны апранаюць шмат упрыгожванняў. У нашы дні частка вернікаў спавядае хрысціянства, аднак захоўваюцца і традыцыйныя анімістычныя культы.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]