Тапоса

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Тапоса
(Toposa)
Агульная колькасць 274100 (2021 г.)
Рэгіёны пражывання  Паўднёвы Судан Уганда Эфіопія   
Мова тапоса
Рэлігія анімізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы туркана, карамаджонг, кумам, н'янгатом

Тапоса (саманазва Toposa) — народ, што жыве на памежжы Паўднёвага Судана, Эфіопіі і Уганды. Агульная колькасць (2021 г.) — 274 100 чалавек[1].

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Тапоса адносяцца да нілотаў, блізкія па мове да н'янгатом і туркана. Сваёй радзімай тапоса лічаць горныя раёны паўночнай Уганды. На мяжы XVI ст. і XVII ст. паміж тагачаснымі плямёнамі льё і тап адбылася вайна, а потым працяглая засуха, якія вымусілі ацалелых шукаць паратунак на іншых землях. Сучасныя тапоса з'яўляюцца толькі адной з трох галін нашчадкаў мігрантаў. Іх продкі перасяліліся на асушлівыя тэрыторыі ў пачатку XIX ст. пад ціскам больш моцных туркана. Калі ў нашы дні нехта пытае тапоса, што іх трымае разам, яны адказваюць, што сталі адзіным народам дзякуючы гэтай вандроўцы, якая цягнулася некалькі стагоддзяў.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Тапоса насяляюць землі ўздоўж некалькіх рэк у засушлівай раўніннай мясцовасці. У XIX — першай трэці XX стст. яны славіліся здабычай і гандлем слановай косцю, а таксама рабамі. Тапоса мелі ўстойлівыя сувязі з гандлярамі суахілі, а мова тапоса выкарыстоўвалася ў гандлёвых аперацыях на вялікіх тэрыторыях на захад ад возера Рудольфа. У нашы дні, калі тэрыторыі тапоса ўваходзяць у склад некалькіх краін, прадстаўнікі гэтага народа часцяком займаюцца кантрабандай, гандлююць агнястрэльнай зброяй. На тэземлях тапоса таксама вядзецца саматужная здабыча золата.

Другім важным заняткам здаўна з'яўляецца адгонная жывёлагадоўля. У вільготны сезон кароў, авечак, коз і вярблюдаў трымаюць каля асноўнага жытла, а ў сухі пераганяюць на аддаленыя пашы. Жывёлагадоўля лічыцца мужчынскай справай. Жанчыны вырошчваюць ўздоўж рэчышч сорга, засухаўстойлівыя сарты кукурузы, некаторую гародніну. Зямля апрацоўваецца пераважна ўручную.

Валоданне жывёлай і зброяй — галоўная прыкмета багацця і сацыяльнага статусу. Пастухі перамяшчаюцца разам са статкамі на вялікія дыстанцыі, але падчас засухі пашаў не хапае. Тапоса заўсёды канкуравалі з суседзямі за ваду і пашы, заўсёды займаліся згонам чужой рагатай жывёлы. Традыцыйнай зброяй была доўгая дзіда. Падчас атакі воін затуляўся вялікім шчытом, бег зігзагамі, каб адхіліцца ад стрэл і дзідаў праціўніка, а потым кідаў сваю дзіду. Калі ён не трапляў у цэль, то адступаў з мэтай прыцягнуць ворага і зноў нечакана атакаваць яго. У выніку адносіны тапоса з суседзямі разглядаюцца ў лепшым выпадку як варожае перамір'е. У 1982 г. маладыя воіны тапоса зрабілі напад і сагналі жывёлу дзінка, што прывяло да крывавага канфлікта з абодвух бакоў, вырашанага з дапамогай доўгіх перагавораў. У 1992 г. тапоса атакавалі мірны канвой з гуманітарнай дапамогай. Адзіны народ, які лічыцца сваяком і саюзнікам, — н'янгатом.

Паселішча

Тапоса будуюць сталыя паселішчы нгіэрэа, што ўяўляюць сабою сямейныя сядзібы. Іх узводзяць у рэгіёне, дзе маюцца сталыя крыніцы вады. У сухі сезон у іх застаюцца толькі старыя мужчыны, дарослыя жанчыны і дзеці. Моладзь разам з жывёлай перамяшчаецца на аддаленыя пашы. Асноўная сацыяльная адзінка — пашыраная сям'я. Многія тапоса практыкуюць палігінію. Сем'і аб'ядноўваюцца па тэрытарыяльнаму прынцыпу. Прыналежнасць да родавай арганізацыі важная толькі з пункту гледжання жаніцьбы, паколькі шлюбы знутры бацькоўскага рода забаронены. Мужчыны тапоса падзяляюцца на 8 узрастовых груп. Да іх адносяцца ўсе мужчыны, што праходзяць абрады ініцыяцыі разам. Кожная з груп кіруецца сваім правадыром. Чым болей старэйшая група, тым болей высокі яе сацыяльны статус. Юнакі і маладыя мужчыны імкнуцца падвысіць яго дзякуючы ваенным сутычкам і згонам чужой жывёлы. Жанчыны набываюць статус узрастовай групы свайго мужа незалежна ад свайго рэчаіснага ўзросту.

Традыцыйная культура тапоса захавалася адносна добра, нягледзячы на сталы вонкавы ўплыў. Гэтаму садзейнічаюць супольныя святы і ўзрастовыя абрады, якія суправаджаюцца песнямі і танцамі. Тапоса практыкуюць мужчынскае і жаночае абразанне, шрамуюць цела, што на іх думку надае ім асаблівую прыгажосць.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Тапоса вераць у вышэйшую істоту Наквугэ, якая стварыла сусвет і ўвасабляецца ў ім у форме духаў прыроды і памерлых людзей. Паводле міфаў, у мінулым людзі жылі разам з Наквугэ на небе, але аднойчы спусціліся на зямлю па вяроўцы, а тая парвалася. У перыяд істотных бедстваў тапоса прыносяць Наквугэ ахвяры і спрабуюць дамовіцца з ім праз вешчуна. У нашы дні вядзецца актыўная місіянерская дзейнасць з мэтай распаўсюджвання хрысціянства, працуе сталая каталіцкая місія.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]