Карусь Каганец

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Казімір–Рафаіл Карлавіч Кастравіцкі
Karuś Kahaniec.jpg
Псеўданімы:

Карусь Каганец, К. К., Будзімір, К. Шашаль

Дата нараджэння:

10 лютага 1868(1868-02-10)

Месца нараджэння:

Табольск, Расійская імперыя

Дата смерці:

20 мая 1918(1918-05-20) (50 гадоў)

Месца смерці:

Прымагілле, суч. Дзяржынскі раён

Род дзейнасці:

паэт, драматург, мастак, грамадскі дзеяч

Гады творчасці:

1893—1918

Мова твораў:

беларуская

Партрэт «Тып беларуса» на дубовай кацёлцы. Алей. Арыгінал. 1907

Карусь КАГАНЕЦ, сапр.: Казімір-Рафаіл Карлавіч КАСТРАВІЦКІ (29 студзеня (10 лютага) 1868, Табольск, Расія — 20 мая 1918, в. Прымагілле, Мінскі павет. (цяпер в. Юцкі, Дзяржынскі раён, Мінская вобласць); Іншыя псеўданімы і крыптанім: K.Kahaniec, Будзімір, К.Шашаль, К. Качанец, К. К.) — беларускі паэт, драматург, мовазнавец, мастак, скульптар, грамадскі дзеяч.

Змест

[правіць] Біяграфія

Сын удзельніка паўстання 1863—1864, сасланага ў Сібір, прадстаўніка старажытнага шляхецкага роду. У 1874 сям'і дазволена вярнуцца ў Беларусь, жылі ў в. Засулле каля Стоўбцаў і в. Прымагілле каля Койданава (цяпер Дзяржынск). Там праз колькі гадоў памер бацька Каганца. Сям'і не ставала сродкаў для існавання, таму з 6 да 11 гадоў ён рабіў пастушком. Затым яго маці заручылася з мясцовым мужыком і пераехала разам з сям'ёй пад Койданава, дзе сястра аддала ёй дзве валокі зямлі.

Вучыўся ў Мінскім гарадскім вучылішчы, у 1890-х г. у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства. Літаратурную дзейнасць пачаў у 1893. У 1899 годзе Каганец ажаніўся і асеў ва ўрочышчы Лісія Норы каля Прымагілля. Аднак зямлі ў сям'і было небагата, і таму ён рабіў то ў мастацкай майстэрні ў Рызе, то ў Мінскім таварыстве дабрачыннасці, будаваў чыгунку ў Лідзе. Была яшчэ прычына, з-за якой Каганец часта мяняў месцы працы ён браў удзел у рэвалюцыйным руху, і таму кожны работадавец намагаўся пазбавіцца такога працаўніка.

У 1890 — пач. 1900 г. публікаваў апрацоўкі народных паданняў у газетах «Минский листок» і «Северо-Западный край». У 1902—1903 удзельнічаў у стварэнні БСГ, распрацоўцы яе праграмы. Падрыхтаваў праект газеты «Палессе» (1904). У сакавіку 1905 удзельнічаў у І сялянскім з'ездзе Беларусі. Арыштаваны 19 снежня 1905 з групай агітатараў у Койданаўскай воласці. Да 16 мая 1906 знаходзіўся ў Мінскай турме і сядзеў там 5 месяцаў пад следствам. На хадатайніцтва сваякоў і сяброў быў адпушчаны да суда на парукі. З гэтай пары ў Каганца пачаўся новы перыяд вольных заробкаў. Ён рабіў лесніком на Ігуменшчыне, настаўнікам малявання ў Віленскай рамеснай навучальні. 2 красавіка 1910 асуджаны Віленскай судовай палатай на год зняволення, змешчаны ў Мінскую турму. Там у яго істотна пагоршылася здароўе.

Супрацоўнічаў з газетай «Наша ніва». Апрацаваў кірылічны варыянт першага беларускага падручніка новага часу «Беларускі лемантар, або Першая навука чытання» (СПб., 1906, выд. ананімна); распрацаваў праект адмысловага беларускага алфавіту. Пры жыцці асобным выданнем выйшаў вадэвіль «Модны шляхцюк» (СПб., 1910), які карыстаўся вялікай папулярнасцю і быў адным з першых твораў нацыянальнага тэатральнага рэпертуару (ставіўся ў 1910 трупай І. Буйніцкага, у 1918 — Першым беларускім таварыствам драмы і камедыі, у 1928 — БДТ-2). Шмат ягоных твораў згубілася, напрыклад зборнік, дасланы ў 1909 або 1910 годзе ў рэдакцыю «Нашай нівы», ці кніжкі для дзяцей, адасланыя ў выдавецкую суполку «Загляне сонца і ў наша ваконца». Доўгі час шукаў работу, у пачатку 1912 атрымаў месца ўпраўляючага фальваркам Жортаў у Барысаўскім пав., дзе і праслужыў апошнія 6 гадоў жыцця. Частка рукапіснай спадчыны Каганца пасля яго смерці трапіла да Язэпа Лёсіка, які апублікаваў яе ў «Беларусі» (1919) і «Вольным сцягу» (1921). Нечакана памёр падчас наведвання сваякоў. Пахаваны ў в. Навасёлкі ля Койданава. У 1988 на магіле пастаўлены помнік.

[правіць] Творы

  • Беларускі лемантар або першая навука чытання. Пецярбург, 1906, 30 с.
  • Творы. Мн., 1979, 263 с.

[правіць] Крыніцы

  • Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т.1. —Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9
    • Біч М. Ад родных ніў: Грамадска-палітычныя погляды Каруся Каганца // Полымя. 1988, № 3;
    • Германовіч І. Карусь Каганец як мовазнавец // Веснік БДУ. Серыя 4. 1974, № 3;
    • Каспяровіч М. Карусь Каганец // Маладняк. 1928, № 10;
    • Скалабан В. Па слядах Сяргея Мглінскага // Мастацтва Беларусі. 1986, № 11;
    • Станкевіч Л. І. Рукапісы Каруся Каганца ў Дзяржаўнай бібліятэцы БССР імя У. І. Леніна // Кніжная культура Беларусі. Мн., 1991;
    • БП, т. 3;
    • ЭГБ, т. 3;
    • АЗБ

[правіць] Спасылкі

Commons
ВікіЦытатніку
Матэрыялы па тэме ў
Вікікрыніцах
Асабістыя прылады
Прасторы імёнаў

Варыянты
Дзеянні
Навігацыя
Прылады
На іншых мовах