Кішальфёльд

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці

Кішальфёльд, Малая Венгерская нізіна (венг.: Kisalföld, славацк.: Malá dunajská kotlina, ням.: Kleine Ungarische Tiefebene) — частка Сярэднедунайскай раўніны ў паўночна-заходняй Венгрыі, паўднёва-заходняй Славакіі (галоўным чынам Жытны востраў) і ўсходняй Аўстрыі, паміж Дунаем, горамі Бакань і ўсходнімі адгор'ямі Альпаў. Плошча — каля 8000 кв.км. Размешчана на месцы тэктанічнага прагіну, запоўненага магутнай тоўшчай рыхлых адкладаў і сучасным алювіем рэк Дунай і Раба. Вышыня 100—150 м. На поўначы — плоская раўніна з шырокімі далінамі, у межах якой Дунай падзяляецца на рукавы і пратокі; паўднёвая частка — узгорыстая раўніна з асобнымі астанцамі, складзенымі базальтамі. Клімат умераны, ападкаў каля 600 мм у год. Значная частка Кішальфёльда разарана; пасевы пшаніцы, цукровага бурака. Шырокалісцевыя лясы захаваліся толькі на паўднёвым захадзе і на берагах Дуная.

Найважнейшыя гарады — Дзьёр, Комарам, Комарна, Дунайска Стрэда, Нове Замкі і Мошанмадзьяравар.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У Кішальфёльдзе сельская гаспадарка развівалася пачынаючы з перыяду неаліту. Паўднёвая частка Кішальфёльда знаходзілася ў рымскай вобласці Панонія паміж I і V стагоддзямі, а пазней была населена германскімі і славянскімі плямёнамі. Каля 900 г. прыходзяць венгры. Пасля 900 г. рэгіён стаў часткай Венгерскага княства, а пачынаючы з 1000 г. Каралеўства Венгрыі. Пасля Першай сусветнай вайны Кішальфёльд быў падзелены паміж Венгрыяй, Чэхаславакіяй і Аўстрыяй. З 1977 Чэхаславакія сумесна з Венгрыяй будавалі вялікую дамбу і электрастанцыю «Габчікава-Надзьмараш», але ў 1989 Венгрыя аднабакова выйшла з праекта, што стала прычынай канфлікту паміж краінамі.