Луба (дзяржава)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Гістарычная дзяржава
Луба
Луба на карце гістарычных дзяржаў Афрыкі
Луба на карце гістарычных дзяржаў Афрыкі
 >
 >
1585 — 1889

Рэлігія анімізм
Грашовая адзінка ракавіны малюскаў
Форма кіравання Манархія
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Луба́ — гістарычная дзяржава ў Цэнтральнай Афрыцы. Сфарміравалася ў канцы XVI ст. Страціла незалежнасць пасля 1889 г.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Першапачатковым цэнтрам дзяржавы Луба з'яўлялася мясцовасць вакол возера Упемба, куды ў сярэдзіне 1 тысячагоддзя н. э. мігрыравалі плямёны банту. Да пачатку 2 тысячагоддзя н. э. яны сфарміравалі арыгінальную культуру земляробаў і рыбаловаў. У XVI ст. у раён Упембы перасяліліся прадстаўнікі паўночнага племені санг'е. Адзін з перасяленцаў ажаніўся з сястрой мясцовага ўладара Кангола Маніема. Яго сын Калала Ілунга разглядаўся ў дзяржаве Луба як важны культурны герой і першы манарх, які атрымаў уладу ў выніку змагання з дзяцькам. Усе наступныя манархі Лубы вялі свой род ад Калалы Ілунгі.

На працягу XVII - XIX стст. дзяржава Луба імкліва пашырала свае межы. На поўначы яны дасягалі сярэдняй плыні ракі Конга, на ўсходзе — возера Танганьіка. Апошнім паспяховым заваёўнікам з'яўляўся манарх Ілунга Сунгу, які памёр у 1810 г. Давід Лівінгстан заўважаў, што поспех Лубы быў у значнай ступені абавязаны саюзам з суседняй дзяржавай Лунда. Яна затуляла з захаду ад партугальскіх заваёўнікаў. З дапамогай караваннага гандлю Луба была звязана з узбярэжжамі Атлантычнага і Індыйскага акіянаў, адкуль прывозілі ракавіны малюскаў, што выкарыстоўваліся ў якасці грошай, еўрапейскія і арабскія тавары. Наўзамен жыхары Лубы прадавалі медзь, пальмавы алей, соль, рабоў. У XIX ст. асабліва прыбытковым стаў гандаль слановай косцю.

У другой палове XIX ст. грозным супернікам Лубы сталі мусульмане, выхадцы з узбярэжжа Індыйскага акіяна. Першапачаткова яны выступалі ў якасці гандляроў, арганізатарамі караванаў. Захоп ўзбярэжжа еўрапейскімі краінамі і паступовы заняпад гандлю рабамі вымусілі іх захопліваць тэрыторыі ў глыбіні Афрыкі. Дзякуючы агнястрэльнай зброе яны атрымлівалі ваенную перавагу. Каля 1889 г. большая частка дзяржавы Луба апынулася пад кантролем гандляра Тыпу Тыпа. У 1891 г. далучана да бельгійскіх калоній.

Кіраванне[правіць | правіць зыходнік]

На чале дзяржавы Луба стаялі манархі мулопвэ, якія вялі свой род ад Калалы Ілунгі. Аднак іх непасрэдная ўлада распаўсюджвалася на адносна невялікую плошчу вакол рэзідэнцыі. На месцах кіравалі правадыры балопвэ. Многія з іх былі звязаны сваяцтвам з манархамі. У гэтай сувязі еўрапейскія вандроўнікі XIX ст. называлі Лубу імперыяй.

У Лубе не існавала пісьма. Вусная гістарычная традыцыя перадавалася праз "людзей памяці", што ўтваралі ўплывовае патаемнае таварыства бамбуд'е.

Эканоміка[правіць | правіць зыходнік]

Асноўнай галіной эканамічнай дзейнасці з'яўляліся ручное земляробства, рыбалоўства, паляванне, гандаль. Жыхары Лубы здабывалі жалеза, медзь, соль. Распаўсюджаныя рамёствы: апрацоўка металаў, выраб керамікі і тканін. У другой палове XVIII - XIX стст. асабліва важную роль набыў гандаль рабамі і слановай косцю. У якасці валюты выкарыстоўваліся ракавіны малюскаў, што дастаўляліся з узбярэжжа Індыйскага акіяна.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]