Марысін парк

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Марысін парк
Асноўная інфармацыя
Тыппарк
Плошча22 га
Размяшчэнне

Новы (Марысін) парк размешчаны ў левабярэжнай частцы Нясвіжскага палацава-паркавага комплексу. У кампазіцыйных вырашэннях ландшафтаў парку адбіўся ўплыў натуралізму (намеры асобных паркавых груп павялічыліся па меры аддалення ад замку)[1].

Востраў кахання

Новы парк мае форму прамавугольніка, абмежаванага з боку поля аднарадковай пасадкай таполі канадскай позняй. Яго кампазіцыя парку найбольш поўна адлюстроўвае асаблівасці рамантычнага парка з яго павышанай эмацыянальнасцю, самотнасцю і цішынёй. Стварэнне гэтага паркавага ансамбля звязана з легендай і аб трагічным лёсе князёўны Марыі, што знайшло адлюстраванне ў пэўных паркавых сімвалах: крынічка «Слёзы Марыі», бронзавая скульптурная група «Георгій Перамаганосец кап'ём паражае змея», вада ў якой цякла з раны змея (скульптура вывезена фашыстамі ў гады Айчыннай вайны), эпітафіі і надпісы на камянях. У найбольш балоцістай частцы парку за Лебядзіным лугам сфарміравана круглая сажалка з Востравам кахання.[2].

Ландшафтная планіроўка Новага парку пераклікаецца з планіроўкай Азярыны: па меры аддалення ад замка памер паркавых груп паступова павялічваецца, асобныя курціны пераходзяць у гаі і буйныя зялёныя масівы, а на ўсходняй ускраіне — у так званы Рускі лес з мясцовых ліставых парод з рэдкімі экзотамі. Усе кампазіцыйныя элементы Марысінага парку звязвае кальцавая дарога. Да Рускага лесу вядуць дубовая і ясеневая алеі, ад круглай сажалкі — вярбовая і ліпавая алеі.

У 1898 на ўзвышшы Крыжовай або Цэнтральнай паляны Новага парку ўстаноўлены астранамічны абеліск, ад якога ў радыяльных напрамках былі пракладзены дзве ліпавыя і кляновая алеі. Паўднёвы ўваход у Марысін парк захаваўся амаль у першапачатковым выглядзе, аформлены масіўнымі калонамі і жалезнымі варотамі, брамкамі. Каля ўваходу знаходзіцца вартоўня, пабудаваная ў гатычным стылі[2].

З усходу Марысін парк завяршаўся лесам з перавагай бярозы. Тут была створана кампазіцыя «Колца Караліны», утвораная пасадкамі з елкі з вялікім валуном у цэнтры. Ад яе праз поле ішла бярозавая алея да паляўнічага павільёна — «Хаткі Караліны». Там жа мясціліся сабакарня, ферма фазанаў, збіраліся паляўнічыя, ладзіліся абеды па канчатку палявання.

Вялікія памеры і аддаленасць Марысінага парку, натуралістычнасць яго пейзажаў, самотны абеліск і крыніца-грот пад назвай «Слёзы Марысі» — усё гэта рабіла парк асабліва таямнічым, агорнутым покрывам паданняў[3].

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. / Рэдкалегія: А. А. Воінаў і інш.. — Мн: Беларуская энцыклапедыя, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
  • Варрава А. Р. Жемчужины Беларуси. Мир. Несвиж.. — Мн: УП «Рифтур», 2011. — ISBN 9-789856-919476.
  • Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Нясвіжскага раёна. / Рэд. кал.: Г. П. Пашкоў. — Мн: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2001. — 632 с. — ISBN 985-11-0206-7.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]