Мсціслаўскае шкло
Мсціслаўскае шкло — шкляныя вырабы 16 — 19 стст. з горада Мсціслаў.
Выраблялі сталовы посуд, пасудзіны для вадкасцей, аконнае шкло. Посуд адметны складаным S-падобным профілем, размалёўкай каляровымі эмалямі, пластычным аздабленнем донцаў хвалістымі паддонамі, сценак — рыфленнем і накладнымі пячаткамі з нізкарэльефнымі выявамі гербаў, клеймаў гутнікаў, асобных літар і надпісаў. Шырока выкарыстоўваліся кальцавыя паддоны ў выглядзе гладкай шкляной дужкі. Асобныя формы і пластычны дэкор посуду блізкія да аздоб мсціслаўскай керамікі.
У 16 — 18 стст. мсціслаўскае шкло фармавалі адвольна, у 19 ст. — прасаваннем і выдзіманнем у формы. Посуд 17 ст. сціпла дэкарыраваны шклянымі жгутамі, пячаткамі і інш., часам каляровымі эмалямі. У 18 — 19 ст. выраблялі збаны, куфлі, чаркі, бутлі, пляшкі, шкляніцы, кубкі, бакалы.
Некаторыя вырабы аздаблялі шліфоўкай, гравіроўкай, шклянымі жгутамі і вялікімі стужкамі, тулавы размалёўвалі геаметрычна-раслінным арнаментам, выкананым рознакаляровымі эмалямі. Аконнае шкло ў 17 ст. выдзімалі ў выглядзе круглых шыбак-дыскаў, у 18 — 19 ст. — прамавугольных шыбак.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія — Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 10. — 544 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0169-9 (т. 10).