Лідскія куфры
Лі́дскія куфры́ — вырабы народных майстроў г. Ліды Гродзенскай вобласці і навакольных вёсак. Промысел пашыраны ў XIX — першай паловы XX ст.
Вылучаюцца стрыманым графічна-выразным, рытмічна строгім паліхромным арнаментам аздобы, дэкаратыўнай прапілоўкай ножак. Найбольш размалёўвалі века і пярэднюю сценку, бакавыя аздаблялі сціплымі паскамі-абводкамі вуглоў і ручак. Малюнак клеявымі і алейнымі (пераважна чырвонай, жоўтай, белай, чорнай) фарбамі наносілі штампам з сырой бульбіны, рэпы, радзей малявалі ад рукі ці выкарыстоўвалі папяровыя трафарэты. Арнаментальныя кампазіцыі складаліся з прамых ці хвалістых паскаў-ланцужкоў, кругоў розных памераў, якія ўтваралі маляўнічыя разеткі, кветак валошкі і рамонку, зорак, лістоў і інш. Узорыстыя ланцужкі арнаменту размяшчаліся каля паскаў акоўкі, якая абводзілася чорнай фарбай (калі акоўкі не было, яе імітавалі фарбамі). У наш час промысел заняпаў.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9).