Міхаіл Фёдаравіч Піліпенка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Міхаіл Фёдаравіч Піліпенка
Дата нараджэння 19 мая 1936(1936-05-19) (87 гадоў)
Месца нараджэння
Грамадзянства
Род дзейнасці этнограф, этнолаг, гісторык
Навуковая сфера этналогія
Месца працы
Навуковая ступень доктар гістарычных навук (1993) і член-карэспандэнт НАН Беларусі (1994)
Навуковае званне
Альма-матар
Навуковы кіраўнік Q97166277?
Узнагароды
Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь

Міхаіл Фёдаравіч Піліпенка (19 мая 1936, вёска Нежыхаў, Брагінскі раён, Гомельская вобласць, Беларуская ССР) — беларускі этнограф, этнолаг, гісторык. Дырэктар (1994—2004) Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы НАН Беларусі. Доктар гістарычных навук (1993), член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь (1994), прафесар (1995).

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Вучыўся ў Мазырскім педагагічным вучылішчы (зараз — Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І. П. Шамякіна), затым паступіў у 1956 годзе на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля заканчэння ўніверсітэта працаваў настаўнікам гісторыі Мамайскай васьмігадовай школы Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці, а затым Каплічскай сярэдняй школы на Гомельшчыне.

У 1964—1967 гадах вучыўся ў аспірантуры Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ламаносава, пасля заканчэння якой з кастрычніка 1967 года працаваў на гістарычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, спачатку выкладчыкам кафедры гісторыі старажытнага часу і сярэдніх вякоў, а затым дацэнтам кафедры археалогіі, этнаграфіі і дапаможных гістарычных дысцыплін (з 1977 — дацэнт, прафесар — 1995, 1994 — член-карэспандэнт Акадэміі навук Беларусі).

З 1991 года М. Ф. Піліпенка пераходзіць на працу ў Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі на пасаду загадчыка аддзела этналогіі. У 1993 годзе ён абараняе доктарскую дысертацыю, а з мая 1994 года па 2004 год — дырэктар Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы НАН Беларусі. З 2004 года — галоўны навуковы супрацоўнік аддзела этналогіі інстытута.

Навуковая дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Даследуе праблемы этнагенезу і этнічнай гісторыі беларускага народа, пытанні гісторыі беларускай этналогіі і фалькларыстыкі, сямейных адносін, вясельных звычаяў і абрадаў беларускага сялянства, народных рэлігійных вераванняў. Аўтар манаграфіі «Этнаграфія Беларусі» (1980), «Узнікненне Беларусі: новая канцэпцыя» (1991), сааўтар калектыўных прац «Гістарычнае краязнаўства Беларусі» (1980), «Народная педагогіка беларусаў» (1996), «Беларусы» (1998), «Беларусь на мяжы тысячагоддзяў» (2000), «Беларусы. Т. 4. Вытокі і этнічнае развіццё» (2001), «Беларусы. Т. 5. Сям’я» (2001), «Беларусы. Т. 6. Грамадскія традыцыі» (2002).

Ён аўтар звыш ста навуковых артыкулаў, сярод якіх найбольш значнымі з’яўляюцца «Паходжанне і сацыяльная сутнасць сімвалічных выкупаў у беларускай вясельнай абраднасці» (1969), «Сляды родавай арганізацыі ў вясельных звычаях славянскіх народаў» (1969), «Сям’я і шлюб у беларускіх сялян у другой палове ХІХ — пачатку ХХ ст.» (1970), «З гісторыі вывучэння беларускай этнаграфіі і фальклору» (1970), «Роля эвалюцыі і дыфузіі ў гісторыі традыцый» (1990), «Беларуская традыцыйная культура як феномен еўрапейскай цывілізацыі» (1995), «Прынцыпы класіфікацыі вясельнай абраднасці беларусаў» і інш.

У працы «Этнаграфія Беларусі» разглядае фальклор як элемент духоўнай культуры беларусаў. У артыкулах, надрукаваных у энцыклапедыі «Этнаграфія Беларусі» вывучыў многія міфалагічныя вобразы беларусаў. Абгрунтоўваючы свой пункт гледжання аб паходжанні беларускага народа, побач з іншымі крыніцамі, ён шырока выкарыстоўваў матэрыялы па беларускім фальклоры.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]