Палац Любамірскіх (Львоў)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Палац
Палац Любамірскіх
Палац Любомирських
49°50′30″ пн. ш. 24°02′00″ у. д.HGЯO
Краіна  Украіна
Горад Львоў, пл. Рынак, 10.
Архітэктурны стыль барока
Архітэктар Ян дэ Вітэ[d]
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Палац Любамірскіх — помнік архітэктуры Украіны, знаходзіцца ў Львове на плошчы Рынак, 10.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Палац Любамірскіх з’яўляецца адным з найбольш удалых узораў грамадскай архітэктуры Львова XVIII стагоддзя. З боку вуліцы Фёдарава размешчаны каменны партал, у замковым камені якога змешчаны разьбяны картуш з датай «1695». Аднак планіроўка падвалаў і захаваныя гатычныя стральчатыя скляпенні сведчаць аб больш раннім з’яўленні будынка.

Будынак быў перабудаваны ў 1760-я гады архітэктарамі Б. Мерэтынам і М. Урбанікам па праекце Яна дэ Вітэ на месцы некалькіх мяшчанскіх камяніц, сярод іх і дома львоўскага лацінамоўнага паэта Шымана Шымановіча). Заказчыкам і ўладальнікам палаца быў Станіслаў Любамірскі (1709—1793), ваявода брацлаўскі. Вонкавы выгляд будынка — лёгкі, парадны. Будынак пабудаваны з цэглы, атынкаваны, у плане выцягнуты прамавугольнік з невялікім унутраным падворкам, трохпавярховы. Займае цэлы квартал паміж плошчай Рынак, вуліцамі Рускай і Фёдарава. Палац мае тры адкрытыя для агляду фасады. Парадны фасад звернуты на плошчу Рынак. Ён упрыгожаны пілястрамі з ляпнымі капітэлямі, вокны апраўленыя ліштвай з гірляндамі, мае балконы з ажурнымі металічнымі рашоткамі, якія абапіраюцца на фігурныя кранштэйны. Ніз палаца Любамірскіх уцяжараны, верхнія паверхі рытмічна раздзеленыя пілястрамі. Будынак завяршаецца ўзорыстым атыкам, скампанаваным з авальных люкаў і скульптуры. Фасады, звернутыя на вуліцы Рускую і Фёдарава, вырашаны значна прасцей. Гладкую паверхню сцен падзяляюць плоскія пілястры з капітэлямі, вокны апраўляюць строгай формы ліштвы.

Скульптурны дэкор будынка належыць С. Фесінгеру, выкананы майстрам С. Кадэцкім. Алегарычнасць дэкору ярка выяўленая ў афармленні закругленага кута, скампанаванага з ваеннай і рыцарскай эмблематыкі.

У 1895 годзе будынак быў набыты таварыствам «Прасвета» і стала называцца домам «Прасветы». У будынку размясціўся шэраг украінскіх культурна-адукацыйных устаноў. Яго наведвалі Іван Франко, Леся Украінка, Васіль Стафанік і іншыя. У савецкі перыяд тут былі адкрыты фонды музея Львоўскага аддзялення Інстытута мастацтвазнаўства, фальклору і этнаграфіі імя М. Т. Рыльскага АН УССР (цяпер — Інстытут народазнаўства НАН Украіны).