Паліандрыя
Паліандрыя (грэч. πολυανδρία літаральна "шматмужнасць") — від палігаміі, пры якой адна асоба жаночага полу мае адначасова некалькіх мужоў.
Змест |
Формы паліандрыі [правіць]
Паліандрыя - даволі рэдкі від палігаміі. У чалавечых грамадствах ён звычайна сустракаецца ў некалькіх формах. Часцей за ўсё ў форме братэрскай або фратэрнальнай паліандрыі, калі некалькі братоў ладзяць шлюб з адной жанчынай. У рэдкіх выпадках у якасці мужоў выступаюць іншыя сваякі (бацька і сыны, дзядзька і пляменнікі і г. д.). Звычайна мужчыны-сваякі вядуць да шлюба адзіную гаспадарку ці рыхтуюцца прыняць адзіную спадчыну.
Радзей сустракаецца несваяцкая або нефратэрнальная паліандрыя. Пры гэтым жанчына сама выбірае сабе некалькіх афіцыйных ці неафіцыйных мужоў. У большасці выпадкаў, размова ідзе пра жанчын, якія валодаюць высокім статусам. Аднак у некаторых грамадствах дапушчальна мець сталых сэксуальных партнёраў, што жывуць у розных месцах, і жанчына іх наведвае па аднаму.
Паліандрыя ў традыцыйных грамадствах [правіць]
У большасці еўрапейскіх грамадствах паліандрыя была пад забаронай або лічылася выключэннем з правілаў. Часцей сустракалася неафіцыйная несваяцкая паліандрыя. Прычым, яна заўсёды выклікала адмоўнае стаўленне звонку, хаця маюцца адзінкавыя ўзгадкі аб звычаі паліандрыі ў кельтаў і спартанцаў. Вельмі рэдкія ўзгадкі аб паліандрычных сувязях таксама можна сустрэць у беларускім фальклоры [1] і эпічных казаннях іншых народаў.
Аднак паліандрычныя шлюбы лічыліся нормай у тыбецкіх народаў, у Бутане, некаторых рэгіёнах Непала, Паўночнай і Паўднёвай Індыі. Акрамя таго, яны сустракаліся на поўдні сучаснага Кітая, у Нігерыі, тубыльцаў Канарскіх астравоў, арктычнага ўзбярэжжа Паўночнай Амерыкі і г. д.
У Тыбеце, Бутане і Паўночнай Індыі пераважала фратэрнальная паліандрыя. Звычайна, жаніўся старэйшы брат, а малодшыя далучаліся да яго сям'і. Жанчына і яе мужы вялі адзіную гаспадарку. Дзеці ад агульнага шлюба прызнаваліся таксама агульнымі, але ў некаторых выпадках бацькам лічыўся толькі старэйшы муж або мужчына ведаў сваіх дзяцей. Прамежкавай формай быў шлюб, у які дапушчаўся мужчына звонку, але толькі ў выпадках, калі сям'я доўгі час не мела дзяцей.
У бушменаў Калахары некалькі часовых шлюбаў магла заключаць жанчына, якая ў сувязі з пэўнымі абставінамі, вандравала з месца на месца. Пры гэтым кожны муж аказваў ёй дапамогу, а таксама бараніў ад сваіх суродзічаў. Але пасля нараджэння дзіцяці яна была вымушана застацца з адным з мужоў, які станавіўся бацькам. Зноў пакінуць яго яна магла толькі пасля сталення дзіцяці.
Цікава, што ва ўсіх грамадствах, дзе паліандрыя лічылася нормай, нароўні з ёю існавала іншая форма палігаміі - палігінія. Паліандрычныя сем'і не былі цалкам пазбаўлены ад канфліктаў з-за рэўнасці і размеркавання маёмасці. Еўрапейскія інфарматары паведамлялі, што ў такіх грамадствах былі пашыраны дашлюбныя і пазашлюбныя адносіны. Аднак, апошняе можна патлумачыць першапачаткова негатыўным стаўленнем інфарматараў да паліандрыі і іх імкненнем падкрэсліць яе распусту.
У сучасным Кітаі (у склад якога таксама ўваходзіць Тыбет), Бутане, Нігерыі і большасці паўночных штатаў Індыі паліандрыя забаронена законам. Там падобныя шлюбы, калі і маюць месца, то носяць нелегальны характар.
Тлумачэнні [правіць]
Паміж вучонымі няма згоды па праблеме ўзнікнення паліандрыі ў чалавечых грамадствах. У XIX - першай палове XX стст. яе часцей тлумачылі як перажытак матрыярхату або нават распустай і слабымі эмацыянальнымі сувязямі ў сям'і. Але сама тэорыя матрыярхату сёння пастаўлена пад пытанне. Няма ніякіх доказаў, што ў іншых формах шлюбаў эмацыянальныя адносіны паміж партнёрамі больш цесныя. Даследчыкі тыбецкіх народаў тлумачаць звычай паліандрыі недахопам зямлі і нежаданнем дзяліць малую гаспадарку паміж сем'ямі розных братоў. Аднак паліандрыя там сустракалася і сярод заможных пластоў насельніцтва. Выказваюцца таксама меркаванні, што паліандрыя ўзнікла ў выніку жаночага інфантацыду і недахопу жанчын, рознымі рэлігійнымі забабонамі, жаданнем захавання роўнасці дзяцей і г. д. Відавочна, існаванне паліандрыі нельга растлумачыць толькі адной прычынай, паколькі звычаі і погляды розных народаў на шлюб вельмі адрозніваюцца.
Паліандрыя ў жывёльным свеце [правіць]
У жывёлін спарванне самкі адначасова з некалькімі партнёрамі з'яўляецца адным з відаў адаптацыйных паводзін да размнажэння. Вядомы такі стыль паводзін сярод некаторых відаў казурак, птушак, сумчатых, тхароў і нават сярод малпаў Новага Свету. Ён дапамагае пазбягаць жорсткай канкурэнцыі паміж самцамі за самку, забяспечвае рэпрадукцыйны поспех, але таксама было заўважана, што ў гэтым выпадку зніжаецца эфектыўны памер папуляцыі.