Палітыка Чарнагорыі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Міла Джуканавіч, прэзідэнт — непагасная зорка палітычнага небасхілу Чарнагорыі (фота 2010)

Чарнагорыя — адна з самых маладых краін на карце свету. Сёння гэта парламенцкая рэспубліка. Пачынаючы з 1990, краінай кіруе Дэмакратычная партыя сацыялістаў Чарнагорыі. Унітарная дзяржава, дзеліцца на 23 муніцыпалітэты. З’яўляецца адным з заснавальнікаў Міжземнаморскага Саюза і членам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, Сусветнай гандлёвай арганізацыі, Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, Савета Еўропы, Арганізацыі Паўночнаатлантычнага дагавора і Цэнтральнай еўрапейскай асацыяцыі свабоднага гандлю.

Дзяржаўны лад[правіць | правіць зыходнік]

Дзяржаўны лад Чарнагорыі — гэта парламенцкая рэспубліка. Згодна з Канстытуцыяй 2007 года, Чаргнагорыя — гэта прававая, дэмакратычная, экалагічная, сацыяльна справядлівая дзяржава, заснаваная на вяршэнстве закону.[1] Зрэшты, міжнародныя арганізацыі падвяргаюць дэмакратычнасць краіны сумневу: паводле індэкса дэмакратыі Чарнагорыя — гэта пераходны рэжым, або 81-е месца ў свеце, на адной прыступцы з Бенінам.[2]

Заканадаўчая ўлада[правіць | правіць зыходнік]

Скупшчына Чарнагорыі (Skupština Crne Gore) — аднапалатны парламент — прымае законы, ратыфікуе дагаворы, прызначае прэм'ер-міністра, міністраў, суддзяў усіх судоў, зацвярджае бюджэт краіны. Адзін дэпутат прадстаўляе 6000 выбаршчыкаў, таму колькасць парламенцкіх крэслаў, у адпаведнасці з дэмаграфіяй, змяняецца ад выбараў да выбараў: у парламенце 2016–2020 дэпутатаў 81, у 2012–2016 іх было 74. Увесь постсацыялістычны час рэй у чарнагорскай палітыцы вядзе Дэмакратычная партыя сацыялістаў Чарнагорыі.

Выканаўчая ўлада[правіць | правіць зыходнік]

Блакітны палац, Цэтынэ. З 2010 — рэзідэнцыя прэзідэнта

Уся паўната выканаўчай улады належыць ураду на чале з прэм'ер-міністрам, якія прадстаўляюць выканаўчаую ўладу і разам з парламентам ажыццяўляюць заканатворчасць. Намінальным кіраўніком дзяржавы з'яўляецца прэзідэнт, што абіраецца прамым галасаваннем на пяцігадовы тэрмін. Прэзідэнт мае даволі шырокі спектр функцый: прадстаўляе краіну на міжнароднай арэне, падпісвае законы, прызначае парламенцкія выбары, прапануе парламенту кандыдатуру прэм'ер-міністра. У 2018 прэзідэнтам Чарнагорыі стаў Міла Джуканавіч, які ўжо займаў гэтую пасаду ў 1998–2002, а ў 1991-1998 быў прэм'ер-міністрам.

Знешняя палітыка[правіць | правіць зыходнік]

Пасле абвяшчэння незалежнасці 3 чэрвеня 2006 суверэнная Чарнагорыя распачала будаўніцтва самастойнай знешняй палітыкі. Чарнагорыя — адна з рэдкіх балканскіх краін, што падтрымлівае добрыя адносіны з усімі суседзямі без вынятку. Стратэгічнай мэтай Чарнагорыі з'яўляецца членства ў ЕС. Другім прыярытэтам было сяброўства ў НАТА, безумоўна, больш проста ажыццявімае: Чарнагорыя стала 29-м членам альянса 5 чэрвеня 2017 года.[3] На думку Чарнагорыі, членства ў НАТА забяспечыць палітычную стабільнасць і скароціць шлях да запаветнага ЕС.

Беларуска-чарнагорскія адносіны[правіць | правіць зыходнік]

Дыпламатычныя адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 8 жніўня 2006 года. Пасол Чарнагорыі ў Маскве (на 2019 гэта Раміз Башыч) па сумяшчальніцтве з'яўляецца паслом у Беларусі.[4] У студзені 2019 сяброўства Мінска і Падгорыцы актывізавалася: у Маскве з Башычам сустрэўся пасол Беларусі ў Расіі Уладзімір Сямашка — дыпламаты абмеркавалі перспектывы супрацоўніцтва дзвюх краін; а ў Падгорыцы адбыліся кансультацыі паміж дэлегацыямі Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь і Міністэрства замежных спраў Чарнагорыі.[5] Штогадовы гандлёвы абарот паміж Чарнагорыяй і Беларуссю складае каля паўмільёна даляраў, прычым на экспарт Беларусі прыходзіцца ажно 95 % агульнага аб'ёму.[6]

Адміністрацыйны падзел[правіць | правіць зыходнік]

Чарнагорыя ўключае ў сябе 23 абшчыны (муніцыпалітэты), уключаючы дзве гарадскіх — Падгорыцу і Цэтынэ. Абшчына Падгорыца падзелена на дзве аўтаномныя часткі. З 2011 ў Чарнагорыі афіцыйна выдзяляюцца тры рэгіёны: Паўночны, Цэнтральны і Прыморскі, якія адпавядаюць ментальнаму ўспрыняццю краіны яе жыхарамі і выкарыстоўваюцца статыстыкай і медыя.

Зноскі