Пасольства ЗША ў Беларусі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Пасольства ЗША ў Беларусі
англ.: Embassy of the United States in Belarus
Злучаныя Штаты Амерыкі
ЗША
Беларусь
Беларусь
Адрас Мінск, Цэнтральны раён, вул. Старавіленская, 46
Пасол Пітэр Каўфман
Сайт by.usembassy.gov

Пасо́льства Злучаных Штатаў Амерыкі ў Беларусі (англ.: Embassy of the United States in Belarus) — дыпламатычная місія Злучаных Штатаў Амерыкі ў Рэспубліцы Беларусь. Пасольства знаходзіцца ў сталіцы Беларусі, горадзе Мінск.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Злучаныя Штаты прызналі незалежнасць Беларусі 25 снежня 1991 года, пасля чаго 28 снежня 1991 года паміж двума краінамі былі ўстаноўлены дыпламатычныя адносіны[1]. У снежні 1991 года старшыня Вярхоўнага савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч накіраваў ліст прэзідэнту ЗША Джорджу Бушу з прапановай устанавіць дыпадносіны і абмяняцца пасольствамі. Праз год Кангрэс ЗША зацвердзіў гэтае рашэнне.

11 жніўня 1992 года паслом ЗША ў Беларусі быў прызначаны Дэвід Хейвуд Шварц. Ён уступіў на пасаду 25 жніўня 1992 года, у першую гадавіну незалежнасці Беларусі. 9 верасня 1992 года адбылося ўручэнне даверчых грамат.

У снежні 1992 года ў Мінску адкрылася пасольства ЗША. У красавіку 1993 года ў Вашынгтоне адкрылася пасольства Рэспублікі Беларусь.

У 1993 годзе старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч сустрэўся з прэзідэнтам ЗША Білам Клінтанам, а на пачатку 1994 года Клінтан прыбыў у Беларусь. Падчас візіту ён наведаў у тым ліку мемарыял Курапаты — месца расстрэлу ахвяр сталінскіх рэпрэсій пад Мінскам[2].

У красавіку 1998 года беларускія ўлады праінфармавалі кіраўнікоў дыпламатычных місій, у тым ліку пасла ЗША, пра тое, што ім прыйдзецца пакінуць рэзідэнцыі, размешчаныя ў пасёлку Дразды ў Мінску, у сувязі з рамонтам. У знак пратэсту супраць растаржэння дагавораў арэнды беларускім урадам і стварэння перашкод для жыцця ў маёнтку 22 чэрвеня 1998 года пасол ЗША ў Беларусі Дэніэл В. Спекхард разам з пасламі некаторых еўрапейскіх краін пакінуў Беларусь. Аднак пасля рашэння пытання пра рэзідэнцтва дыпламатаў і выплаты кампенсацыі пасол Спекхард у верасні 1999 года вярнуўся ў Мінск[2][3].

У 2008 годзе ў выніку ўвядзення ўрадам ЗША санкцый у дачыненні да беларускай дзяржаўнай нафтавай кампаніі «Белнафтахім» праз палітыку прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі ў дачыненні да апазіцыі ва ўзаемаадносінах абедзвюх краін узнік крызіс. У выніку ўрад Беларусі адклікаў свайго пасла Міхаіла Хвастова з Вашынгтона для кансультацый. Затым па настаянні беларускіх уладаў з Мінска з’ехала пасол ЗША Карэн Сцюарт, якая была адклікана са сваёй пасады ўрадам ЗША 12 сакавіка 2008 года[2]. Затым Беларусь рэкамендавала Злучаным Штатам скараціць колькасць супрацоўнікаў пасольства ўдвая — 17 з 34 пакінутых дыпламатаў былі высланы з Беларусі. У сваю чаргу пасольства ЗША прыпыніла разгляд заяў на атрыманне і выдачу віз беларускім грамадзянам. Пасля гэтага беларускія ўлады выслалі яшчэ дзесяць з пятнаццаці амерыканскіх дыпламатаў. Да канца года ў пасольстве ЗША ў Мінску засталося толькі пяць дыпламатаў, а саму дыпмісію ЗША з таго часу сталі ўзначальваць не паслы, а часовыя павераныя[2][4]. У якасці адпаведнай рэакцыі Дзярждэпартамент ЗША разглядаў магчымасць прад’яўлення патрабаванняў пра далейшае скарачэнне колькасці беларускіх дыпламатаў у ЗША і нават пра закрыццё пасольства Беларусі ў Вашынгтоне, пасольства ЗША ў Мінску і генеральнага консульства Беларусі ў Нью-Ёрку[5]. Аднак неўзабаве Дзяржаўны сакратар ЗША Кандаліза Райс перадумала, аддаўшы перавагу захаванню хоць нейкага каналу сувязі паміж краінамі[6].

У лютым 2019 года падчас сустрэчы міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея з намеснікам памочніка дзяржсакратара ЗША па еўрапейскіх і еўразійскіх справах Джорджам П. Кентам у Мінску беларускі бок абвясціў пра зняцце абмежаванняў на чысленнасць дыпламатычнага персаналу Пасольства ЗША ў Мінску[7]. 17 верасня 2019 года намеснік дзяржсакратара па палітычных пытаннях Дэвід Хейл падчас сустрэчы з прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам абвясціў пра абмен пасламі дзвюх краін[8].

1 лютага 2020 года падчас візіту ў Мінск дзяржсакратар ЗША Майк Пампеа абвясціў, што найбліжэйшым часам будзе прызначаны пасол ЗША ў Беларусі[9]. У чэрвені 2020 года павераны ў справах Джэніфер Х. Мур абвясціла, што амерыканскі пасол прыедзе ў Беларусь гэтым летам[10]. Прэзідэнт Дональд Трамп прызначыў на дадзеную пасаду намесніка памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША па справах Заходняй Еўропы Джулі Фішэр[11].

28 лютага 2022 года Дзяржаўны дэпартамент ЗША распарадзіўся пра ад’езд дзяржслужбоўцаў ЗША і прыпыненне дзейнасці пасольства ЗША ў Мінску праз уварванне Расіі ва Украіну[12].

Паслы[правіць | правіць зыходнік]

Гл. таксама

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. Беларусь і Злучаныя Штаты Амерыкі.
  2. а б в г Заваренные ворота, выдворение послов и деньги Саддама. Как Лукашенко 10 лет ссорился с американскими дипломатами в Беларуси. Архівавана з першакрыніцы 17 ліпеня 2021. Праверана 17 ліпеня 2021.
  3. Drozdy Dispute. Архівавана з першакрыніцы 17 ліпеня 2021. Праверана 17 ліпеня 2021.
  4. A Guide to the United States’ History of Recognition, Diplomatic, and Consular Relations, by Country, since 1776: Belarus. Архівавана з першакрыніцы 5 красавіка 2022. Праверана 17 ліпеня 2021.
  5. USA zmieniają zdanie ws. ambasady Białorusi. Архівавана з першакрыніцы 17 ліпеня 2021. Праверана 17 ліпеня 2021.
  6. What’s Behind the Refreeze in U.S.-Belarus Relations?. Архівавана з першакрыніцы 17 ліпеня 2021. Праверана 17 ліпеня 2021.
  7. A Diplomatic Breakthrough for Washington in Europe’s Last Dictatorship. Архівавана з першакрыніцы 11 студзеня 2019. Праверана 17 ліпеня 2021.
  8. Белоруссии спустя 10 лет понадобился американский посол. Архівавана з першакрыніцы 13 жніўня 2020. Праверана 17 ліпеня 2021.
  9. Помпео в Минске: ЗША заинтересованы в независимой Беларуси. Архівавана з першакрыніцы 2 сакавіка 2022. Праверана 26 ліпеня 2022.
  10. Временно поверенная в делах ЗША Дженифер Мур завершила работу в Беларуси. Архівавана з першакрыніцы 17 ліпеня 2021. Праверана 17 ліпеня 2021.
  11. Джули Фишер приведена к присяге в качестве посла ЗША в Беларуси(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 24 снежня 2020. Праверана 17 ліпеня 2021.
  12. Travel Advisory: U.S. Embassy Minsk – Departure of U.S. Government Employees and Suspension of Operations. U.S. Embassy in Belarus (28 лютага 2022). Архівавана з першакрыніцы 16 красавіка 2022. Праверана 24 красавіка 2022.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]