Паўвостраў Камчатка
Камчатка — паўвостраў у паўночна-ўсходняй частцы мацерыка Еўразія на тэрыторыі Расіі.
Змест |
Геаграфічнае становішча [правіць]
Абмываецца на захадзе Ахоцкім морам, на ўсходзе — Ціхім акіянам і Берынгавым морам. Плошча 370 тыс. км². Паўвостраў выцягнуты з паўночна-усходу на паўднёвы-захад на 1200 км. Злучаецца з мацерыком вузкім (да 93 км) перашыйкам — Парапольскім долам. Найбольшая шырыня (да 440 км) — на шыраце мыса Краноцкага.
Агульная плошча паўвострава — 472,3 тыс. км².
Усходні бераг моцна парэзаны, утварае залівы (Краноцкі, Камчацкі, Азярной, Карагінскі, Корфа) і бухты (Авачынская, Карага, Асора і інш.). Далёка ў мора выступаюць скалістыя паўастравы — Шыпунскі, Краноцкі, Камчацкі, Азярной. Заходні бераг парэзаны слаба.
Прырода [правіць]
У сярэдняй частцы Камчатку з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад перасякаюць хрыбты Сярэдзінны (вышыня 3621 м, вулкан Ічынская Сопка) і Усходні (выш. да 2485 м). Паміж імі Цэнтральнакамчацкая нізіна. На захадзе размяшчаецца Заходне-Камчацкая нізіна, на ўсходзе — платопадобнае ўзвышша з конусамі патухлых і дзеючых вулканаў. Усяго на Камчатцы больш за 160 вулканаў, з якіх дэейнічае 28 (найвышэйшы Ключаўская Сопка). Ёсць шмат гейзераў і мінеральных крыніц. Камчатка складзена пераважна з верхнемезазойскіх і кайназойскіх асадкавых і эфузіўных адкладаў. Карысныя выкапні: пемза, слюда, сера, вугаль, будаўнічыя матэрыялы, ртуць, нафта.
Клімат марскі мусонны на ўзбярэжжы, унутры кантынентальны. Сярэдняя тэмпературара жніўня 12°С, лютага -13°С. Ападкаў 600—1000 мм за год. Сучаснае зледзяненне (плошча 874 км²), больш за 400 ледавікоў. Найбуйнейшыя рэкі: Камчатка, Авача, Вялікая і інш., паўнаводныя. Шмат азёр у кратэрах (Хангар і інш.) і кальдэрах (Краноцкае, Курыльскае і інш.).
На поўначы Камчаткі распаўсюджана мохавая тундра. У цэнтральнай частцы паўвострава і на ўсходзе — тайга (даурская лістоўніца, саянская елка, піхта і інш.). На ўзвышшах зараснікі каменнай бярозы, на схілах гор кедравы сланік. У паніжэннях высакатраўе. На захадзе шмат балот. Прамысловыя звяры: собаль, ліс, выдра.
Вядзецца лоўля ціхаакіянскага селядца, кеты, гарбушы, камчацкага краба. Развіваецца геатэрмальная энергетыка.
На Камчатцы створаны Краноцкі біясферны запаведнік.
Гісторыя [правіць]
У 1737—41 п-аў Камчатка даследаваў Сцяпан Крашаніннікаў. На аснове сабраных матэрыялаў напісаў навуковую працу па геаграфіі, гісторыі, мовах і быце народаў Камчаткі («Апісанне зямлі Камчаткі»).
Насельніцтва [правіць]
Найбольшы горад Петрапаўлаўск-Камчацкі. Карэнныя народы: іцельмены, камчадалы, каракі, эвены.
Літаратура [правіць]
- Камчатка // БЭ ў 18 т. Т. 7. Мн., 1998.
- Семенов В. В краю горячих источнихов. Петропавловск-Камчатский, 1988.