Рольф Штайнер

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Рольф Штайнер
Дата нараджэння 3 студзеня 1933(1933-01-03) (91 год)
Месца нараджэння
Грамадзянства
Прыналежнасць Французскі замежны легіён, OAS  (фр.), Узброеныя сілы Біяфры  (англ.), Вызваленчы рух Паўднёвага Судана  (англ.)
Род войскаў найміты
Гады службы 1950—1959/1967—1968/1969—1970
Званне маёр
Камандаваў 4-я дэсантная брыгада (Біяфра)
Бітвы/войны Індакітайская вайна, Вайна за незалежнасць Алжыра, Грамадзянская вайна ў Нігерыі, Першая грамадзянская вайна ў Судане  (англ.)
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Рольф Франц Хайнц Штайнер (ням.: Rolf Franz Heinz Steiner; нар. 3 студзеня 1933) — былы нямецкі найміт, удзельнік некалькіх ваенных канфліктаў.

Ранняе жыццё[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў сям’і лётчыка Першай сусветнай вайны, які служыў у эскадрыльі Манфрэда фон Рыхтгофена. Дзяцінства прайшло ў Трэцім Рэйху. Распаўсюджаны міф, что падчас Другой сусветнай Штайнер уступіў у Гітлерюгенд, але яму на момант падзення нацысцкай улады не было 14 гадоў. Аднак хлопчык, адпаведна ўзросту, быў членам дзіцячай арганізацыі «Юнгфольк»[1].

У 17 гадоў Штайнер пачаў ваенную кар’еру ў Французскім замежным легіёне[2]. Залічаны ў 1-ы парашутны полк[3]. У складзе фарміравання змагаўся ў Індакітаі і Алжыры, даслужыўшыся да сяржанта. У 1959 годзе звольнены з-за сухоты[2].

На «грамадзянцы» ўступіў ва ўльтраправую групоўку OAS  (фр.) і стаў камандзірам аднаго з сектараў падпольнай арганізацыі[3]. За сувязь з баевікамі трапіў у турму. Пасля зняволення адкрыў невялікае кафэ ў Парыжы. Мірнае жыццё не вельмі спадабалася Штайнеру, таму ён вырашыў стаць наймітам[4].

Наёмніцтва[правіць | правіць зыходнік]

Сваю найміцкую кар’еру немец пачаў у Біяфры і нават прыняў грамадзянства дзяржавы. У краіну ён першапачаткова прыбыў як ваенны кансультант. Пасля першых сваіх поспехаў пад Энугу ў студзені 1968 года найміт атрымаў званне маёра. Пад яго кіраўніцтвам спачатку дзейнічала група камандас, пазней — 4-я дэсантная брыгада[4].

Зайздрасць з боку біяфрыйскіх генералаў і правальная аперацыя «Хірасіма»  (англ.) ў лістападзе 1968 года пахіснулі пазіцыі найміта[5]. Апошняй кроплей стала п’яная бойка Штайнера з прэзідэнцкай аховай. Немца і яшчэ пяць наймітаў выслалі з Біяфры[6].

Пасля Біяфры ваенны авантурыст некаторы час жыў у Швейцарыі. Між тым яму паступалі прапановы з іншымі наёмніцкімі місіямі, але ён адмаўляўся. Аднак пазней далучыўся да сепаратыстаў Паўдневага Судана. У чэрвені 1969 года ён прыбыў у «гарачую кропку» ў якасці эмісара дабрачыннай каталіцкай арганізацыі. Штайнер спрабаваў пасродкам гуманітарнай дапамогі аказаць падтрымку баевікам. Пазней на немца звярнулі ўвагу кіраўнікі паўстанцаў, і той заняўся ваеннай падрыхтоўкай сепаратыстаў[7]

У кастрычніку 1970 года ён вырашыў, што яго місія ў Судане скончана і пара вяртацца ў Еўропу. Аднак ва Угандзе найміта арыштавалі і перадалі суданцам. У жніўні 1971 года хартумскі суд вынес Штайнеру смяротны прысуд, але затым яго замянілі на 20-гадовае турэмнае зняволенне. Пасля трох з паловай гадоў пры дапамозе ўрада ФРГ Штайнера вызвалілі[8].

Пасля Афрыкі[правіць | правіць зыходнік]

У 1976 годзе ў прэсе з’явіліся чуткі, что Штайнер змагаецца ў Ліване, аднак выданне Die Zeit абвергла гэта[9].

У 1982 годзе ўступіў у судовыя цяжбы з заходнегерманскім урадам, паколькі ўлады патрабавалі выплаціць выдаткі за вываз з Судана. Штайнер сцвярджаў, што яго сілай прымусілі трапіць на тэрыторыю ФРГ супраць яго волі[10].

Станам на 2013 год жыў у родным Мюнхене, часта наведваў піўныя і па-ранейшаму захоўваў, як пісалі журналісты, «ваяўнічы настрой»[11].

Сям’я[правіць | правіць зыходнік]

З першай жонкай ажаніўся ў 1963 годзе і пражываў у Ніцы[2]. З другой жыў у рэгіёне Мюнстэрланд  (ням.)[9].

Погляды[правіць | правіць зыходнік]

Штайнер ніколі не лічыў сябе наймітам і сцвярджаў у мемуарах, што не атрымліваў ніякіх грошаў, акрамя выдаткаў на падраздзяленні[12]. У адным з інтэрв’ю ён заявіў:

" Тое, што я рабіў, я рабіў для людзей. Гэта было не дзеля грошай, гэта было дзеля справы[13]. [...] Калі чалавек змагаецца за тое, у што ён сапраўды верыць, ён не найміт[14]. "

Многія журналісты лічылі яго за гэта ідэалістам[2].

Мемуары[правіць | правіць зыходнік]

  • Carré rouge: du Biafra au Soudan, le dernier condottiere. R. Laffont, Paris 1976.
  • The last Adventurer: from Biafra to the Sudan. Weidenfeld and Nicolson, London 1978, ISBN 0-297-77363-1.
  • Meine Zeit in der Fremdenlegion. In: Pallasch. Zeitschrift für Militärgeschichte. Bd. 18 (2014), Heft 50, S. 237—244.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Коновалов 2015, pp. 73–74.
  2. а б в г Interview mit Odette Steiner. In: BILD, 19. September 1971
  3. а б Коновалов 2015, p. 73.
  4. а б Кондратьев 2016, p. 46.
  5. Кондратьев 2016, pp. 46–47.
  6. Коновалов 2015, pp. 77–79.
  7. Коновалов 2015, pp. 79–80.
  8. Коновалов 2015, pp. 80–81.
  9. а б Die Irrfahrten des Rolf Steiner, Legionär ohne Legende. In: Die Zeit, Nr. 30/1976
  10. Süddeutsche Zeitung, 18. Juni 1982
  11. Kulke, Ulli (11 October 2013). "Rolf Steiner, ein Welt-Krieger in eigener Mission". Der Welt. Праверана 14 April 2020.
  12. Коновалов 2015, pp. 74.
  13. Martell 2019, p. 91-92.
  14. Martell 2019, p. 94.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]