Рымгайла

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Рымгайла
Нараджэнне не пазней за 1369
Смерць не пазней за 1430 ці 1433
Род Гедзімінавічы
Бацька Кейстут
Маці Бірута
Муж Аляксандр I Добры і Генрык Мазавецкі[d]
Дзейнасць арыстакратка

Рымгайла або Рымгайле (літ.: Rimgailė, Ringáilė; каля 1367 — паміж 1423 і 1430) — літоўская князёўна, дачка князя Кейстута, жонка Генрыха Мазавецкага з дынастыі Пястаў і малдаўскага гаспадара Аляксандра Добрага[1]. Хрышчаная пад імем Ганна (у іншых крыніцах — Эльжбета).

Імя[правіць | правіць зыходнік]

Імя Рымгайле (Рымгайла, Рымгайля) з шэрагу старабалцкіх (старалітоўскіх) двухасноўных імёнаў, што дайшлі з індаеўрапейскай даўніны[2].

Першая аснова звязаная з літоўскім rimti «спакайнець; трываць»[3]. Яна сінанімічная асновам Kant-, Kens(t)-, якія звязаныя з kantrus «цярплівы, трывалы», kęsti «трываць, цярпець» (адсюль і імя Кейстут).

Другая аснова Gail-, з ёй вядома пад 60 сучасных літоўскіх антрапонімаў. Яна звязаная са старалітоўскім gailas «моцны»[4], літ. gailus «гняўлівы», далей напрамую з індаеўрапейскім *ghoilo-s «моцны; няўрымслівы, жвавы»[5].

Аснова Gail- была папулярная ў гэтым пакаленні Гедзімінавічаў, яна таксама ў імёнах стрыечных братоў Рымгайлі (сыноў Альгерда) Карыгайлы, Ягайлы, Швітрыгайлы (Свідрыгайлы). Гэта мела б сведчыць, што ў вялікакняскім асяроддзі пры імянаданні свядома практыкавалі вар’іраванне асноў з мэтай падтрымання цэльнасці і стабільнасці роду[6].

Імя Рымгайля адносілася да слою «ваярскіх» імёнаў, якія запанавалі ў раннелітоўскім іменніку разам з абсалютызацыяй ролі ваяроў у структуры грамадства, іх пачалі надаваць асобам як мужчынскага, так і жаночага полу. Дастасаванае да мужчынскага носьбіта, гэтае імя значыла «Трывалы і моцны».

Такога ж тыпу «ваярскія» імёны насілі таксама дачка князя Трайдзеня Гаўдзіманта (імя Гаўдзімант значыла «Слаўны (ваеннай) здабычай»), дачка князя Гедзіміна Айгуста (мужчынскае імя значыла «Звыклы да (ваенных) паходаў»).

Старалітоўскае двухасноўнае імя з «ваярскай» семантыкай мела таксама сястра Рымгайлі, іншая дачка Кейстута Міклоўса (другая аснова Klaus- ад klausyti «слухаць» са значэннем ваярскай славы, што далёка чутная).

Жыццяпіс[правіць | правіць зыходнік]

Дачка вялікага князя літоўскага Кейстута і яго жонкі Біруты, сястра вялікага князя Вітаўта[1].

Была сярод закладнікаў, адпраўленых Вітаўтам да рыцараў Тэўтонскага ордэна для атрымання дапамогі ў барацьбе з польскім каралём Ягайлам (сваім стрыечным братам) і яго намеснікам у Вялікім Княстве Літоўскім Скіргайлам у ходзе Грамадзянскай вайны 1389—1392 гадоў[7].

У 1392 годзе выйшла замуж за Генрыка Мазавецкага  (англ.), пасланага Ягайлам да Вітаўта для абмеркавання ўмоў спынення грамадзянскай вайны, пры гэтым Генрых адмовіўся ад Плоцкага біскупства  (руск.)[7]. Неўзабаве Генрых памёр, прычым гісторык Ян Длугаш падазраваў Рымгайлу ў датычнасці смерці мужа, што не пацвярджаюць сучасныя даследчыкі[1].

На думку некаторых гісторыкаў была жонкай Штэфана I Мушата  (руск.) (1394—1399), гаспадара Малдаўскага княства[8], і Мірчы I Старога (пасля 1399—1418), гаспадара Валахіі[1].

Пасля смерці Мірчы, якая здарылася ў 1418 годзе, выйшла замуж за малдаўскага гаспадара Аляксандра Добрага. Аднак ужо ў 1421 годзе адбыўся іх развод, на думку гісторыкаў, гэта азначала пагаршэнне літоўска-малдаўскіх адносін. Пры разводзе Рымгайле нададзены ў пажыццёвае валоданне гарады Сірэт і Волхавец і прызначана штогадовае забеспячэнне ў 600 дукатаў[9].

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б в г Ringáilė // Rimvydas Petrauskas, Visuotinė lietuvių enciklopedija (электронная версия Универсальной литовской энциклопедии)
  2. T. Milewski. Indoeuropejskie imiona osobowe. Wrocław-Warszawa-Kraków, 1969. С. 11—13.
  3. Z. Zinkevičius. Lietuvių asmenvardžiai. Vilnius, 2008. С. 129—130.
  4. Z. Zinkevičius. Lietuvių asmenvardžiai. Vilnius, 2008. С. 87—88.
  5. J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 452.
  6. Литвина А. Ф., Успенский Ф. Б. Выбор имени у русских князей в X—XVI вв. Династическая история сквозь призму антропонимики. М., 2006. С. 40.
  7. а б Гудавичюс Э. История Литвы с древнейших времен до 1569 года / Перевод Г. И. Ефромова. — Том I. — Москва: Фонд имени И. Д. Сытина, 2005, стр. 176 и 181
  8. Relaţiile dintre români şi Papalitate de-a lungul istoriei // Ștefan BOTORAN, Monitorul
  9. Очерки внешнеполитической истории Молдавского княжества (последняя треть XIV — начало XIX в.). / Отв.ред. Д. М. Драгнев. -. Кишинёв: Штиинца, 1987