Рысь еўрапейская

З Вікіпедыя.

(Пасля перасылкі з Рысь)
Перайсці да: рух, знайсці
іншыя значэнні Рысь, значэнні »»

Рысь еўрапейская, звычайная (лац. Lynx lynx), від драпежных звяроў сямейства кашэчых. Адзіны прадстаўнік сямейства кашэчых у фауне Беларусі.

Даўжыня цела самцоў 90-110 см, вышыня ў карку 65-75 см, маса 18-24 кг, зрэдку да 32. Самкі меншыя за самцоў (даўжыня цела 76-100 см, вышыня ў карку 55-65 см, маса 18-22 кг). Тулава кароткае, лапы тоўстыя, хвост кароткі. На вушах кутасікі з чорных валасоў. Афарбоўка поўсці зменлівая, часцей вохрыста-рыжая з больш-менш выразнай плямістасцю.

Пашырэна ў Еўразіі (поўнач Еўрапейскай часткі Расіі, Сібір, Каўказ, Сярэдняя Азія, Казахстан, Далёкі Ўсход) і Паўночнай Амерыцы.

Рысь прытрымліваецца буйных лясных масіваў. Аддае перавагу глухім участкам з густым падлескам і бураломам. Рысь вядзе сямейна-асобны спосаб жыцця. Актыўная пераважна ўначы. Перамяшчаецца лёгка і бясшумна, можа лазіць па дрэвах. Здабычу высочвае або падпільноўвае ў засадзе на сцежках, каля вадапою. Корміцца зайцамі-русакамі, казулямі, вавёркамі.

У траўні - першай палове чэрвеня самка нараджае 2-3, радзей 4 кацянят, якія перад зімой важаць да 9-14 кг. Трымаюцца з самкай 2 гады.

Рысь адрозніваецца дзікасцю і агрэсіўнасцю, цяжка прыручаецца. Добра жыве і размнажаецца ў заапарках.

У Беларусі ў ХІХ ст. рысь вадзілася паўсюдна і была шматлікай. У пачатку ХХ ст. пашырэнне і колькасць скараціліся. Зараз гэта рэдкі від: хоць рысь трапляецца амаль на ўсёй тэрыторыі, але ў трох з шасці абласцей вельмі рэдка. У цяперашні час налічваецца 400-450 асобін, з іх больш 3/4 жыве ў Брэсцкай, Мінскай і Віцебскай абласцях. Характэрна ў Белавежскай пушчы.

З 1981 г. у Беларусі адстрэл рысі забаронены. Від занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.

[правіць] Вонкавыя спасылкі

Артыкул з Чырвонай кнігі на slounik.org