Целяханскі раён

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Целяханскі раён
Краіна
Уваходзіць у Беларуская ССР
Адміністрацыйны цэнтр Целяханы
Дата ўтварэння 15 студзеня 1940
Дата скасавання 8 жніўня 1959
Вышыня
над узроўнем мора
161 м[1]
Целяханскі раён на карце

Целяха́нскі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка БССР у 1940—1959 гадах. Утвораны ў складзе Пінскай вобласці, паводле Указу Прэзідыума ВС БССР ад 15 студзеня 1940 года, цэнтр — вёска Целяханы. 12 кастрычніка 1940 года падзелены на 10 сельсаветаў: Аброўскі, Бабровіцкі, Выганашчаўскі, Гортальскі, Коланскі, Козікаўскі, Краглевіцкі, Рэчкаўскі, Святавольскі, Целяханскі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У 1941 годзе акупіраваны. Тэрыторыя раёна вызвалена 10 ліпеня 1944 года, у вызваленні бралі ўдзел 48-я гвардзейская стралковая дывізія (генерал-маёр Г. М. Корчыкаў) 20-га стралковага корпуса 28-й арміі 1-га Беларускага фронту; 99-я партызанская брыгада імя Д. Ц. Гуляева (камандзір В. К. Якавенка), якая 10 ліпеня 1944 года злучылася з часткамі Чырвонай Арміі.

17 лістапада 1948 года, паводле Указа Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, Бабровіцкі сельсавет скасаваны з-за спусташэнняў падчас Вялікай Айчыннай вайны, тэрыторыя далучана да Целяханскага сельсавета[2]. З 8 студзеня 1954 года ў складзе Брэсцкай вобласці. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Краглевіцкі сельсавет. 6 снежня 1956 года вёска Целяханы набыла статус гарадскога пасёлка, Целяханскі сельсавет скасаваны, тэрыторыя перададзена ў адміністрацыйнае падпарадкаванне Целяханскага гарадскога пасялковага Савета.

Раён скасаваны паводле Указу Прэзідыума ВС БССР ад 8 жніўня 1959 года з перадачай Аброўскага, Козіцкага, Святавольскага сельсаветаў у склад Івацэвіцкага раёна; Выганашчаўскага, Гортальскага, Коланскага, Рэчкаўскага сельсаветаў і гарадскога пасёлка Целяханы — у склад Лагішынскага раёна.

Зноскі

  1. GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
  2. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. — Ф. 968. — Воп. 2. — Спр. 182. — Л. 93—95

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Административно-территориальное устройство БССР: справочник: в 2 т. / Главное архивное управление при Совете Министров БССР, Институт философии и права Академии наук БССР. — Минск: «Беларусь», 1985―1987.
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 17: Хвінявічы — Шчытні / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 17. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0279-2 (т. 17).