Цыміхеты
Цыміхеты (tsimihety) | |
Філібер Цыранана
| |
Агульная колькасць | 2266000 (2022 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Мадагаскар |
Мова | малагасійская |
Рэлігія | культ продкаў, шаманізм, хрысціянства |
Блізкія этнічныя групы | іншыя малагасійцы |
Цыміхе́ты (малаг.: tsimihety, літаральна «доўгавалосыя») — этнічная група малагасійцаў. Насяляюць паўночную і цэнтральную часткі Мадагаскара. Агульная колькасць (2022 г.) — 2 266 000 чал.[1]
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
Цыміхеты пачалі вылучацца як самастойная этнічная група ў XVIII — XIX стст. у выніку бегства з паўднёва-ўсходняга і паўднёва-заходняга ўзбярэжжаў і далейшага супраціўлення заваёўнікам з груп сакалава, мерына і бецымісарака.
Назва паходзіць ад звычаю насіць доўгія валасы. Па легендзе, мужчыны-цыміхеты адмовіліся галіцца ці то ў знак непадпарадкавання пасля смерці чарговага ўладара-сакалава, ці то ў выніку нязгоды з рэформамі каралёў-мерына. Але ў XIX ст. былі заваяваны Радамам I (1823 г.) і фармальна ўвайшлі ў склад агульнай малагасійскай дзяржавы. У канцы XIX — пачатку XX ст. аказвалі моцны супраціў французскай каланізацыі.
З цыміхеты паходзіў першы прэзідэнт незалежнага Мадагаскара, Філібер Цыранана (1910—1978).
Асаблівасці культуры[правіць | правіць зыходнік]
Землі, населеныя цыміхеты, лічацца найменш урадлівымі на Мадагаскары, да таго ж вельмі ізаляванымі. Дзякуючы гэтай ізаляванасці цыміхеты да нашых дзён мала закранутыя сацыяльна-эканамічнымі зменамі, якія адбываюцца на востраве, і здолелі лепш за астатніх малагасійцаў захаваць традыцыйныя культуру і звычаі.
Галоўны эканамічны занятак — земляробства, якое вядзецца ў вузкіх далінах і на ўзбярэжжы рэк. Асабліва важную ролю мае вырошчванне мурожнага рысу. Малыя дзялянкі адводзяцца для атрымання садавіны і гародніны, а таксама некаторых камерцыйных культур (кавы, гваздзіковага дрэва, ванілі). Трымаюць шмат зебу, але мяса ўжываюць рэдка, толькі ў святочныя дні. Дадатковыя эканамічныя заняткі — збіральніцтва і паляванне.
Дамінуюць вясковыя тыпы паселішчаў з 10 — 12 хацін. Галоўныя будаўнічыя матэрыялы — дрэва, а таксама сумесь рачной гразі з гноем хатняй жывёлы. У мінулым для супраціўлення суседзям будавалі вялікія каменныя ўмацаванні. Распаўсюджаны кавальскае і разьбярскае рамёствы.
У адрозненне ад суседзяў, у цыміхеты не мелася дзяржаўных утварэнняў і не склалася замкнёнага пласту сацыяльнай эліты. У аснове традыцыйных грамадскіх адносінаў знаходзяцца патрылінейныя сваяцкія сувязі фукундрай і культ адзіных продкаў-таніндразана, якія пахаваны ў магільнях фасана. Менавіта продкам належыць зямля. Яна не можа перадавацца ў карыстанне або ў маёмасць чужынцам-вахіні. Вылучаюцца сваяцкія абшчыны зафінтані, што складаюцца з нашчадкаў адзіных продкаў і валодаюць правам пераразмеркавання або асваення новых земляў.
У мінулым пераважалі вялікія пашыраныя сем’і, але ў выніку каланізацыі новых тэрыторый у канцы XIX — XX стст. пачалі актыўна вылучацца малыя нуклеарныя. Згодна з традыцыяй, жаніх павінен перадаць сваякам нявесты выкуп (галоўным чынам, свойскай жывёлай, да 5 галоў зебу). Але і да гэтай падзеі маладыя могуць жыць разам каля года. Нявеста ўносіць пасаг, які з’яўляецца яе асабістай маёмасцю. Развод лічыцца асабістай справай мужа і жонкі і не суправаджаецца афіцыйнымі цырымоніямі. Фармальна дазволены палігінія і паліандрыя, але практыкуюцца рэдка.
Асновай традыцыйных рэлігійных вераванняў з’яўляецца культ продкаў, з якім звязаныя шматлікія цырымоніі і ахвярапрынашэнні. Праводзяцца шаманскія рытуалы ўвядзення ў транс для больш цесных зносінаў з таніндразана. Распаўсюджваецца хрысціянства.