Квечан

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Юма (індзейцы))
Квечан
(Kwatsáan)
1857 г.
Агульная колькасць 3300 (2020 г.)
Рэгіёны пражывання ЗША
Мова квечан
Рэлігія анімізм, культ продкаў, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы махавэ, марыкопа, явапай, какопа

Квечан (саманазва: Kwatsáan), раней таксама юма (ісп.: Yuma) — індзейскі народ на паўднёвым захадзе ЗША. Агульная колькасць (2020 г.) — 3 300 чалавек[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Квечан лічацца прамымі нашчадкамі носьбітаў культуры Патаян. Паводле іх уласнай міфалогіі, старажытны герой Komashtam'ho прывёў іх продкаў ад вусця ракі Каларада ў ніжнюю плыню, а таксама навучыў асноўным заняткам для выжывання. Саманазва Kwatsáan значыць «тыя, хто падняліся». У гістарычны перыяд квечан фіксаваліся як жыхары абодвух берагоў Каларада на поўдзень ад махавэ. Яны вялі актыўную ваенную палітыку ў дачыненні да суседніх народаў, а таксама займаліся пасрэдніцкім гандлем паміж індзейцамі Каліфорніі і Арызоны.

Кантакты з іспанцамі пачаліся з 1540 г. Канкістадоры далі насельнікам Каларада агульную назву Yuma (ад скажонага ісп.: fumar «дым»), паколькі здалёк убачылі над іх паселішчамі смугу. Хаця тэрыторыя квечан была фармальна далучана да Новай Іспаніі, улады метраполіі зацікавіліся ёю толькі ў другой палове XVIII ст., калі паўстала праблема наладжвання сувязяў паміж іспанскімі паселішчамі ў Нью-Мексіка і Каліфорніі. У 1779 г. сюды былі накіраваны салдаты і каланісты. Аднак квечан сустрэлі іх варожа і да 1781 г. вымусілі пакінуць сваю зямлю.

У 1848 г. тэрыторыя квечан была далучана да ЗША. Праз яе прайшоў шлях амерыканскіх перасяленцаў у Каліфорнію. У 1850 г. паміж індзейцамі і перасяленцамі адбыўся ваенны канфлікт, што стала прычынай будаўніцтва крэпасці Юма. Ваенныя сутычкі з арміяй ЗША, марыкопа і какопа працягваліся да 1857 г. У 1884 г. вакол крэпасці Юма была створана рэзервацыя для квечан. У нашы дні яна займае 45 тысяч акраў. Асноўныя прыбыткі яе жыхарам прыносяць турызм і казіно.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Музыкант, паміж 1870 г. і 1906 г.

Асноўнымі традыцыйнымі заняткамі квечан здаўна былі рыбалоўства, збіральніцтва і ручное земляробства. Квечан вырошчвалі культуры «тры сястры», пры гэтым карысталіся сезоннымі паводкамі на рацэ Каларада. Земляробства давала каля 50 % харчу, ім займаліся і мужчыны, і жанчыны. Хаця паляванне лічылася прэстыжным, яно мела выключна дадатковы характар. У сярэдзіне XIX ст. традыцыйная эканоміка была зруйнавана. Некаторы час больш важную ролю адыгрывала рамяство. Жанчыны займаліся вырабам керамікі, кошыкаў і лялек на продаж. Мужчыны наймаліся на працу на прадпрыемствы, абслугоўвалі пераправу праз Каларада. У другой палове XX ст. асноўнай стала сфера абслугоўвання.

Традыцыйныя паселішчы ўяўлялі сабою вялікія вёскі на ўзвышшах вакол абалоны ракі. Яны складаліся з купалападобных сямейных жытлаў накшталт вікіяпаў. У першай палове XIX ст. налічвалася ўсяго 6 такіх вёсак. Кожная ўяўляла сабою аўтаномную палітычную адзінку на чале з выбраным правадыром. Падчас вайны мог абірацца асобны правадыр, што ўзначальваў воінаў. У паўсядзённым жыцці значная адказнасць належала старэйшынам. Пераважалі вялікія пашыраныя сем’і на чале з мужчынам. Чальцы кожнай сям’і супольна апрацоўвалі зямельныя надзелы. Калі глава сям’і паміраў, частку сямейнай маёмасці спальвалі, а надзел пакідалі. Ваеннапалонныя або забіваліся, або ператвараліся ў рабоў.

Культура квечан значна трансфармавалася на працягу другой паловы XIX—XX стст. Захаваліся некаторыя рамёствы накшталт вырабу бісера і керамікі, вусная народная спадчына ў форме міфаў і гістарычных паданняў. У рэзервацыі штогод арганізуюцца музычныя фестывалі.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Квечан верылі, што сусвет быў створаны багамі-блізнятамі Kokomaht і Bakotahl. Важную духоўную ролю адыгрывалі культ продкаў і вера ў нябачную сілу, якая набывалася дзякуючы індывідуальнаму вопыту і супольным рытуальным дзеянням. Квечан таксама верылі ў магію, у тым ліку шкоднае чараўніцтва. У другой палове XIX ст. шырока распаўсюдзілася хрысціянства, асабліва каталіцызм.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]